Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беленькі: «Амаральна браць грошы за шэсьце ў Курапаты, як, прыкладам, за шэсьце ў Хатынь»


Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў намесьніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах і пакараў штрафам у 3 мільёны рублёў.

Адміністрацыйную справу Юрася Беленькага разглядала судзьдзя Анастасія Папко. За тры гадзіны судзьдзя выслухала спадара Беленькага і ягонага адваката, апытала двух сьведак — міліцыянта і супрацоўніка Менгарвыканкаму — ды прагледзела відэазапіс паседжаньня ў Менгарвыканкаме, на якім разам з намесьнікам старшыні КХП-БНФ міліцыянты і чыноўнікі ўзгаднялі захады бясьпекі падчас шэсьця ў Курапаты 2 лістапада. У выніку Анастасія Папко вырашыла, што менавіта Юрась Беленькі вінаваты ў тым, што КХП-БНФ не заключыла дамову аб забесьпячэньні парадку падчас шэсьця і не аплаціла адпаведныя паслугі міліцыі і мэдычнай службы. Юрась Беленькі назваў такое рашэньне незаконным і загаданым зьверху. Палітык зьвярнуў увагу на тое, што судзьдзя раілася ўсяго 20 хвілінаў, а за гэты час, паводле яго, немагчыма напісаць і надрукаваць судовае рашэньне на 5 аркушах:

«Хто друкуе на машынцы, той ведае, колькі часу трэба на тое, каб толькі надрукаваць такі дакумэнт, а рашэньне яшчэ трэба абдумаць, абгрунтаваць. Мяркую, такое рашэньне зьвязанае асабіста са мной. Апошнім часам маё імя стала часьцей гучаць, мае ацэнкі палітычнай сытуацыі не падабаюцца».

Карэспандэнт: «Больш як 20 гадоў на Дзяды праходзяць шэсьці ў Курапаты, і нікога з арганізатараў не каралі. Чаму цяпер гэтак адбылося?»

«Менавіта за маю палітычную дзейнасьць на тле палітычных падзеяў. Тут і падзеі ва Ўкраіне, мяркую, і катастрафічная сытуацыя ўнутры Беларусі. Гэта ўсё разам, і таму такая рэакцыя на ідэальна праведзеную акцыю».

Пазьней Юрась Беленькі выказаў меркаваньне, што беларускія ўлады гэтак дзейнічаюць на загад Масквы, а дакладней — ФСБ Расеі, і спаслаўся на ўплывовую крыніцу, якую не назваў:

«Таму што Масква разглядае Беларусь як фактычна сваю, падуладную тэрыторыю. Яна выношвае нейкія нядобрыя пляны адносна Ўкраіны і разглядае Беларусь як свой вайсковы пляцдарм. І таму хацела б зрабіць тут зачыстку, калі казаць іхняй тэрміналёгіяй».

Юрась Беленькі зьбіраецца абскардзіць пастанову суду. Ён сказаў, што ня ведае сумы, якой патрабуе ад КХП-БНФ менская міліцыя за паслугі па ахове шэсьця на «Дзяды», бо рахунак партыі ніхто не выстаўляў. У судзе сьведка — міліцыянт Іван Яскевіч на гэта заявіў, што прадстаўнікі КХП-БНФ не заключылі дамовы на ахову мерапрыемства, як таго патрабуе закон. Загадчык аддзелу масавых мерапрыемстваў ідэалягічнай управы Менганвыканкаму Юры Ўральскі паведаміў, што на нарадзе ў Менгарвыканкаме не абяцаў зьняць плату за ахову шэсьця, а толькі «разгледзець такую просьбу». Юрась Беленькі паўтарыў суду словы, сказаныя ім у Менгарвыканкаме: што «амаральна браць грошы за шэсьце ў Курапаты, як, прыкладам, за шэсьце ў Хатынь».

2 лістапада 12 праваабаронцаў з цэнтру «Вясна» адмыслова вялі назіраньне за шэсьцем у Курапаты. Паводле назіраньняў Насты Лойкі, валянтэры КХП-БНФ дасканала выканалі свае абавязкі па забесьпячэньні парадку падчас шэсьця, а вось да міліцыі ў праваабаронцаў ёсьць прэтэнзіі. Наста Лойка згадала правакацыі на адрас удзельнікаў шэсьця, якія міліцыя не заўважала:

Наста Лойка

Наста Лойка

«Такія масавыя мерапрыемствы паказваюць, што незразумела, за што ў прынцыпе плаціць грошы. Бо міліцыянты альбо потым накідваюцца на арганізатараў, альбо слаба рэагуюць на контрадэманстрантаў. То бок сваёй функцыі міліцыя не выконвае. Відавочна і тое, што дзяржава сама абавязаная забясьпечыць тую ж хуткую дапамогу. Але вось наш закон, наша практыка і суд трактуюць усё інакш. Таму і выглядае, што гэта мера пакараньня за тое, што нехта робіць тое, што ім не падабаецца. А тое, што тут актыўную ролю выконваюць Менгарвыканкам і МУС, наводзіць на думку, што гэта можа быць падрыхтоўка да падзеяў, якія адбудуцца ў наступным годзе, калі будуць выбары і зноў будуць заяўкі на масавыя мерапрыемствы».

Наста Лойка заўважыла, што паводле закону аб масавых мерапрыемствах, які нібыта парушыў Юрась Беленькі, плата за паслугі па ахове бясьпекі і мэдычнай дапамозе не абавязковая, а вызначаецца адмысловым рашэньнем мясцовага органа ўлады. Гэтай няпэўнасьцю карыстаюцца беларускія ўлады: з праўладных палітычных сілаў грошы за масавыя мерапрыемствы не бяруць, а прадстаўнікам апазыцыі пры жаданьні могуць выставіць грашовыя прэтэнзіі, у тым ліку задняй датай, як адбылося з КХП-БНФ на гэтыя Дзяды, зазначае праваабаронца.

Юрасю Беленькаму пагражаюць яшчэ два суды паводле таго самага абвінавачаньня — за мітынг у Курапатах і за шэсьце ў Лошыцу 9 лістапада. Даты судовых пасяджэньняў яшчэ не прызначаныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG