Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году ўзгаднілі і ўхвалілі сёньня прадстаўнікі пяці палітычных структураў. Гэта партыі — БНФ, БХД, БСДП (Грамада), рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Пра гэта прадстаўнікі пяці структураў паведамілі сёньня на спэцыяльнай прэс-канфэрэнцыі. Як сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, «адбыўся выхад на новы ўзровень перамоваў пра адзінага кандыдата, зроблены вялікі крок наперад».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Акрамя пяці названых структураў, у працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ўдзельнічаюць яшчэ дзьве — Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя «Справядлівы сьвет». Дакумэнты прымаюцца кансэнсусам мінус адзін голас. Такім чынам, дадзеная працэдура вылучэньня адзінага кандыдата можа «запрацаваць» толькі ў тым выпадку, калі да яе далучацца альбо Сяргей Калякін, альбо Анатоль Лябедзька.

Імя магчымага кандыдата пакуль не агучваецца. Аднак было абазначана, што кангрэс дэмакратычных сіл можна правесьці ў сакавіку ў 2015 году ў выпадку, калі прадстаўнікі АГП ці «Справядлівага сьвету» хутка падпішуць гэты дакумэнт, альбо, калі гэтая працэдура зацягнецца, у канцы вясны 2015 году.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што, паводле папярэдніх разьлікаў, у кангрэсе будуць удзельнічаць прыкладна 1000 дэлегатаў. Прычым толькі 10 працэнтаў будуць абраныя туды паводле пэўнай квоты, уключна з 50 VIP-пэрсонамі. Усе астатнія дэлегаты на кангрэс будуць абірацца праз розныя спосабы вылучэньня.

Паводле ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, Сяргей Калякін прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні. Ён сказаў, што каб падпісаць дакумэнт аб працэдуры, яму патрэбна згода партыйнага кіраўніцтва. Гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў партыі 30 лістапада.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Што тычыцца Анатоля Лябедзькі, якога на сёньняшнім паседжаньні не было, то ён сказаў Свабодзе:

«Не магу зразумець, навошта спатрэбілася такая сьпешка. У нас сама меней ужо разоў 10 былі сытуацыі, калі пяць структураў зь сямі галасавалі „за“. Кансэнсус у такіх выпадках адсутнічаў, і ніякіх рашэньняў не прымалася».

А Аляксей Янукевіч сказаў, што, калі Калякін і Лябедзька не падпішуць дакумэнт пра працэдуру, то «мы будзем абмяркоўваць далейшыя сцэнары з тымі, хто паставіў подпісы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG