Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 лістапада ў Чэхіі і Славаччыне адзначаюць 25-ю гадавіну «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году, якая пакончыла з камуністычным рэжымам у тагачаснай Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспубліцы.

У цэнтры Прагі, Браціславы і іншых гарадоў дзьвюх краін пройдуць памятныя мерапрыемствы, людзі ўскладуць кветкі і паставяць сьвечкі ў месцах, дзе разгортваліся рэвалюцыйныя падзеі 25-гадовай даўніны. Коратка нагадаем пра іх.

Рэвалюцыя пачалася ў Празе даволі нечакана. У цэнтры гораду 17 лістапада 1989 павінна была прайсьці дазволеная ўладамі студэнцкая акцыя, прысьвечаная памяці ахвяр нацысцкіх рэпрэсіяў: за 50 гадоў да гэтага, у лістападзе 1939-га, у акупаванай Празе былі здушаныя дэманстрацыі пратэсту, арыштаваныя і расстраляныя дзевяць пражскіх студэнтаў. Іх пераемнікі праз паўстагодзьдзя, аднак, не абмежаваліся памінаньнем загінулых — студэнцкія дэманстрацыі, даволі шматлюдныя, перарасьлі ў некалькіх раёнах гораду ў антыўрадавыя выступы.

У Чэхаславаччыне ўжо больш як год было неспакойна, людзі ня раз выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, якія разганяліся ўладамі. Найбольш значныя зь іх адбыліся ў жніўні 1988 — у дваццатую гадавіну ўварваньня ў Чэхаславаччыну войскаў краін Варшаўскай дамовы — і ў студзені 1989, у памяць аб самаспаленьні 20 гадамі раней студэнта Яна Палаха на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі.

​Тым ня менш, да вечара 17 лістапада стала ясна, што гэтым разам гаворка ідзе аб небывалых паводле маштабу пратэстах. Паліцэйскі спэцназ блякаваў студэнтаў на Народным праспэкце ў цэнтры Прагі і пачаў выцясьняць іх у бакавыя вуліцы, пры гэтым жорстка зьбіваючы. Пацярпелі больш за 500 чалавек. Пранёсься слых аб гібелі аднаго са студэнтаў. Гэтая інфармацыя пасьля не пацьвердзілася, але дэманстрантаў яна падбухторыла: у наступныя дні да студэнтаў на вуліцах Прагі далучыліся іншыя гараджане, сытуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю ўладаў. 18 лістапада розныя апазыцыйна настроеныя групы стварылі адзіную арганізацыю — Грамадзянскі форум, нефармальным лідэрам якога неўзабаве стаў драматург-дысыдэнт Вацлаў Гавэл. У Славаччыне паўстаў аналягічны рух «Грамадзкасьць супраць гвалту». Палітычнымі арганізацыямі ў поўным сэнсе слова яны спачатку не зьяўляліся і задачу ўзяцьця ўлады перад сабой не ставілі. Аднак сытуацыя на вуліцах Прагі і іншых гарадоў усё зьмяніла ў лічаныя дні.

У апошнюю дэкаду лістапада масавыя выступы не спыняліся, а ўлада выглядала паралізаванай. На той час у суседніх з Чэхаславаччынай краінах камуністычныя рэжымы былі альбо ўжо зрынутыя, альбо блізкія да падзеньня. Савецкае кіраўніцтва на чале зь Міхаілам Гарбачовым, чыя палітыка «перабудовы» падштурхнула рэвалюцыйныя працэсы ва Ўсходняй Эўропе, адмовілася ад сілавога ўмяшаньня ў сытуацыю. Нарэшце, сам чэхаславацкі рэжым ня быў адзіны: састарэлы прэзыдэнт ЧССР Густаў Гусак і лідэр кампартыі Мілаш Якеша не карысталіся шырокай падтрымкай нават у шэрагах апарату КПЧ. У выніку ўлада камуністаў, якая пратрымалася амаль 42 гады, на працягу некалькіх тыдняў стала здабыткам гісторыі.

Пра «аксамітнай рэвалюцыі» як гістарычны фэномэн у інтэрвію Радыё Свабода разважае чэскі гісторык, навуковы супрацоўнік Інстытуту сучаснай гісторыі Акадэміі навук ЧР Павел Мюке:

— Як чэскае грамадзтва цяпер успрымае падзеі лістапада — сьнежня 1989? Ці можна лічыць, што яно ў дастатковай меры інфармаванае пра іх? Паводле нядаўняга сацыялягічнага апытаньня, 10% чэхаў ва ўзросьце да 30 гадоў наогул ня ведаюць, што, уласна, адзначаецца 17 лістапада...

— Чэскае грамадзтва стала за 25 гадоў, натуральна, разнастайная, у ім адыгрывае вялікую ролю тая маладая ўзроставая катэгорыя, пра якую вы згадалі. Для гэтых людзей «аксамітная рэвалюцыя» — падзея амаль гэтак жа далёкая, як Другая сусьветная вайна. Так што тут ужо адыгрывае ролю не асабісты вопыт, а школа, мас-мэдыя, самаадукацыя... У цэлым інфармаванасьць людзей пра тыя падзеі, як мне ўяўляецца, даволі высокая. Іншая размова, што ня ўсе гісторыяй цікавяцца. Але я б не наважыўся каго-небудзь папракаць у тым, што яго не цікавяць тыя ці іншыя рэчы.

— Распаўсюджаныя ўяўленьні аб тым, што бяз добрай волі Масквы, у першую чаргу Міхаіла Гарбачова, не было б ні «аксамітнай рэвалюцыі», ні іншых тагачасных пераменаў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы...

— Зьнешні фактар, вядома, ніяк нельга скідаць з рахунку. Калі б Міхаіл Гарбачоў ня стаў лідэрам СССР, не пачаў палітыку «перабудовы і галоснасьці» і не адмовіўся б ад сілавога ўтрыманьня ўсходнеэўрапейскіх сатэлітаў, перамены ў нашым рэгіёне былі б наўрад ці зьдзяйсьняльныя. Зь іншага боку, не бывае рэвалюцый бяз масавага ўздыму, бяз «вуліцы». Так што тут у працэнтах разьлічыць цяжка, але, вядома, падзеі за мяжой прыкметна паўплывалі на тое, што адбывалася ў Чэхаславаччыне. Можна сказаць, што на ўсходзе Эўропы тады паўстаў «эфэкт даміно»: варты было ўпасьці аднаму рэжыму, як захісталіся і астатнія.

— А наколькі само чэхаславацкае грамадзтва тады было гатова да пераменаў? Ці было моцным імкненьне да іх, дапусьцім, у правінцыі? Бо «аксамітная рэвалюцыя» часта ўспрымаецца як перш за ўсё сталічная, праская, ды яшчэ і інтэлігенцка-студэнцкая...

— Да любой рэвалюцыі, мабыць, нельга падрыхтавацца загадзя. Ніхто не чакаў, што падзеі пачнуцца менавіта тады, калі яны пачаліся, а тым больш — што яны будуць разьвівацца так хутка. Характэрна, што рэвалюцыя засьпела зьнянацку як тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва, так і дысыдэнтаў. У справу ўступілі «нечаканыя» фактары ў выглядзе якраз студэнцкага руху, а потым і мноства іншых людзей, якія да таго часу асаблівай грамадзка-палітычнай актыўнасьці не праяўлялі. Што тычыцца «праскага» характару рэвалюцыі, то так, яна пачалася ў Празе, але многія няпраскія падзеі ў агульным кантэксьце неяк забыліся, а гэта няправільна. Напрыклад, тагачасныя экалягічныя выступы на поўначы Чэхіі, у горадзе Цепліцэ — гэта не былі непасрэдна акцыі пратэсту супраць рэжыму, але гэта было прыкметнай праблемай, якая хутка, як і ўсё тады, палітызавалася. А затым усе гэтыя выступы зьліліся ў адзін паток. І, калі пафантазіраваць, не пачніся ў Празе падзеі 17 лістапада, невядома, ці не адзначалі б мы сёньня гадавіну тых дэманстрацый на поўначы Чэхіі як падзеі, якая паклала пачатак рэвалюцыі.

— А чаму рэжым абрынуўся так хутка, за пару тыдняў? Бо сярод ўсходнеэўрапейскіх камуністычных дыктатур чэхаславацкая адносілася хутчэй да найбольш жорсткіх — разам з рэжымамі Румыніі і ГДР. Што адбылося?

— Прычын было некалькі. У рамках камуністычнай герархіі тады ўжо супернічалі розныя плыні. Да гэтага трэба прыплюсаваць эканамічныя фактары, а пасьля 17 лістапада — гэтую хвалю грамадзкай актыўнасьці, якая раптам узьнялася, ціск «вуліцы». Паўстаў свайго роду сінэргетычны эфэкт. Вырашальнымі сталі адзін-два тыдні, падчас якіх рэжым спрабаваў неяк мабілізаваць сваіх нешматлікіх прыхільнікаў. Былі спробы перакінуць у Прагу «народную міліцыю» — нешта накшталт узброеных дружыньнікаў, распаўсюджваліся МУС і таемнай паліцыяй нейкія праўрадавыя заклікі і пэтыцыі... Але шалі вагаў хутка схіліліся на другі бок, і пачало праяўляць сябе, так бы мовіць, больш прагрэсіўнае крыло ў шэрагах самой КПЧ, напрыклад, будучы прэм’ер Марыян Чалфа. Але гэта было і на мясцовым узроўні — пачалася масавая здача партыйных білетаў. Многія зь нядаўніх камуністаў далучыліся да Грамадзянскага форуму і тым самым сталі часткай рэвалюцыі.

— Калі казаць пра тое, што прыйшло пасьля рэвалюцыі — возьмем законы аб люстрацыі, прынятыя ў пачатку 90-х гадоў. Яны былі закліканы перакрыць шлях у палітыку прадстаўнікам камуністычнага рэжыму, перш за ўсё спэцслужбаў. Гэтыя законы выканалі сваю гістарычную функцыю?

— Гэтыя законы былі вынікам імкненьня, з аднаго боку, разабрацца са сваім мінулым, а з другога — не дапусьціць вяртаньня ў кіраўніцтва краіны прадстаўнікоў далістападаўскіх кіруючых колаў. У прынцыпе, гэтага ўдалося дамагчыся. Зь іншага боку, выглядае дзіўна той факт, што і цяпер, праз 25 гадоў пасьля рэвалюцыі, гэтыя тэмы застаюцца прадметам ажыўленай палітычнай палемікі. Цяжка ўявіць сабе, каб цяпер сур’ёзна хтосьці разглядаў магчымасьць вяртаньня да сытуацыі, якая існавала да лістапада 1989 году, а галоўнае — як бы ён хацеў гэтага дамагчыся? Па-мойму, сваёй мэты гэтыя законы дасягнулі і цяпер хутчэй зьяўляюцца здабыткам мінулага — але ў той жа час актыўна выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе, — адзначае чэскі гісторык Павел Мюке.

Былы лідэр студэнцкага руху ў дні «аксамітнай рэвалюцыі» Шымон Панэк лічыць, што пераходны посткамуністычны пэрыяд у Чэхіі яшчэ ня скончаны, праблем пакуль хапае.

​Напярэдадні 25-годзьдзя «аксамітнай рэвалюцыі» былі апублікаваныя вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага па замове праскага штотыднёвіка «Тыдзень». Вось некаторыя зь іх:

61% удзельнікаў апытаньня лічаць, што цяпер у краіне жывецца лепш, чым да лістапада 1989 году;

57% апытаных мяркуюць, што ня варта надаваць па-ранейшаму шмат увагі праблемам разьвіцьця краіны ў апошнія 25 гадоў — лепш зьвярнуць увагу на сёньняшнія праблемы;

58% рэспандэнтаў, тым ня менш, думаюць, што на мінулыя сувязі цяперашніх палітыкаў са спэцслужбамі камуністычнага рэжыму нельга заплюшчваць вочы; у той жа час, на іх думку, «звычайным людзям» сяброўства ў КПЧ, і нават супрацоўніцтва з тайнай паліцыяй сёньня не павінна «псаваць жыцьцё»;

для 43% апытаных 17 лістапада — «перш за ўсё выхадны дзень», хоць 84% апытаных ведаюць, што гэта дзяржаўнае сьвята і чаму яно прысьвечанае;

82% чэхаў задаволеныя тым, што жывуць у сваёй краіне, і ганарацца ёй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG