Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін кажа пра ўкраінскі нэанацызм, Парашэнка — пра татальную вайну з Расеяй


У інтэрвію нямецкаму тэлеканалу ARD прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даў зразумець, што Расея будзе надалей падтрымліваць сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне і не дазволіць Кіеву перамагчы іх.

Адказваючы на пытаньне пра накіроўваньне расейскай вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў ва ўсходнюю Ўкраіну, Пуцін сказаў:

«Адкуль у іх і бранятэхніка, і артылерыйскія сыстэмы? У сучасным сьвеце людзі, якія вядуць барацьбу і якія лічаць гэтую барацьбу справядлівай для сябе зь іх пункту гледжаньня, заўсёды знойдуць узбраеньне. Гэта першае.

Але гэта, я хачу падкрэсьліць, не галоўнае. Галоўнае — зусім у іншым. Галоўнае ў тым, што нельга глядзець на праблему ў аднабаковым парадку.

Цяпер на ўсходзе Ўкраіны адбываюцца баявыя дзеяньні. Цэнтральныя ўлады Ўкраіны паслалі туды войска, ужываюць нават балістычныя ракеты. Хто-небудзь пра гэта кажа? Ні слова. Гэта што значыць? Гэта пра што кажа? Гэта сьведчыць аб тым, што вы хочаце, каб цэнтральныя ўлады Ўкраіны ўсіх там зьнішчылі, усіх сваіх палітычных праціўнікаў і апанэнтаў? Вы гэтага хочаце? Мы ня хочам. І не дазволім».

На думку Пуціна, падтрымка сэпаратыстаў Масквой прадухіляе пагрозу «этнічных чыстак» ва ўсходняй Украіне:

«Я зараз скажу вам наўпрост: мы вельмі заклапочаныя тым, каб там ня ўзьнікла жаданьне праводзіць нейкія этнічныя чысткі, мы баімся, каб Украіна не скацілася ў нэанацызм. Ну як, калі людзі са свастыкай на рукаве ходзяць? Або на касках некаторых баявых падразьдзяленьняў, якія ваююць цяпер на ўсходзе Ўкраіны, мы бачым знакі СС? Калі гэта цывілізаваная дзяржава, то ўлады куды глядзяць? Хоць бы зьнялі гэтую ўніформу, прымусілі б нацыяналістаў зьняць гэтыя знакі. Таму ў нас ёсьць боязь, каб туды ўсё не скацілася. Калі гэта адбудзецца, гэта будзе катастрофай для Ўкраіны і для ўкраінскага народу».

Поўнасьцю інтэрвію Ўладзіміра Пуціна чытайце тут.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, ужо пасьля публікацыі вышэйзгаданага інтэрвію Пуціна, пагутарыў з карэспандэнтам нямецкага мэдыйнага канцэрну Bild. Парашэнка заявіў, што прысутнасьць расейскай арміі ва ўсходняй Украіне пагражае міру ва ўсёй Эўропе.

«Украіна сёньня — найбольш небясьпечнае месца на сьвеце, нават больш небясьпечнае, чым пагроза ісламскай дзяржавы і ўсяго, што адбываецца на Блізкім Усходзе. У маёй краіне — тысячы расейскіх салдатаў, сотні танкаў, цяжкая артылерыя. Гэта адна з найбуйнейшых арміяў на сьвеце, якая пагражае нам і ўсёй Эўропе. Мы ня хочам вайны, мы хочам міру і змагаемся за эўрапейскія каштоўнасьці. Але Расея не выконвае ніякіх пагадненьняў».

Адказваючы на пытаньне, ці не баіцца ён поўнамаштабнай вайны з Расеяй, Парашэнка сказаў:

«Я не баюся вайны з расейскімі войскамі, і мы гатовыя да сцэнару гэтай татальнай вайны. Наша армія цяпер у значна лепшым стане, чым пяць месяцаў таму, і ў нас ёсьць падтрымка ўсяго сьвету Нашы салдаты паказалі, што яны могуць бараніць нашу краіну. Мы ня хочам нічога больш, чым міру, але мы павінны таксама лічыцца з найгоршым сцэнарам».

Цалкам інтэрвію Парашэнкі тут.

XS
SM
MD
LG