Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Празе прэзэнтавалі кнігу беларускіх перакладаў Вацлава Гаўла «Жыцьцё ў праўдзе» (фота)


Стваральнік і кіраўнік сэрыі Сяргей Сматрычэнка, перакладнікі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур

Стваральнік і кіраўнік сэрыі Сяргей Сматрычэнка, перакладнікі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур

15 лістапада ў Беларускай клюбоўні ў Празе адбылася прэзэнтацыя кнігі выбраных эсэ Вацлава Гаўла «Жыцьцё ў праўдзе», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Логвінаў», і ўсёй сэрыі «Чэская калекцыя», у межах якой выдадзена 9 кніг.

Падчас прэзэнтацыі стваральнік і кіраўнік сэрыі Сяргей Сматрычэнка, перакладнікі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур распавялі, як узьнікла «Чэская калекцыя» і як вялася праца над беларускімі перакладамі твораў Гаўла, Доўскавай, Вівэга, Бонды, Андранікавай.

Паводле Сматрычэнкі, «Чэская калекцыя» была задуманая ў 2005 годзе:

«Мэтай было данесьці да чытача якасныя кнігі чэскіх аўтараў, а таксама пэўным чынам разьвіваць беларускі пераклад. Кніг на дадзены момант выйшла 9, яшчэ 2 ці нават 3 знаходзяцца ў працы. Палітыку сэрыі збольшага вызначаю я, але, натуральна, я заўсёды раюся з перакладчыкамі. Макс Шчур мае такі густ, зь якім я цалкам пагаджаюся, таму ён перакладае, што хоча, а мы пасьля выдаем».

Кніга эсэ Вацлава Гаўла — гэта апошняе выданьне з сэрыі. Чэская амбасада ў Менску выклікалася прафінансаваць выданьне кніжкі, таму яны мелі слова падчас выбару твораў і аўтара. Сматрычэнка лічыць выбар вартым і ўдалым. Паводле яго словаў, сама кніга рыхтавалася вельмі доўга. У выданьне ўвайшлі розныя эсэ часоў дысыдэнства, пачынаючы ад «Сілы бясьсільных» і заканчваючы лістом Густаву Гусаку, творы часоў прызыдэнцтва, калі Вацлаў Гавэл перайшоў да жанру прамовы (прэзыдэнт ня мае часу пісаць эсэ). Тэматычна і зьмястоўна прамовы мала чым розьняцца ад эсэ, але карацейшыя. Некаторыя з гэтых твораў раней былі перакладзеныя на расейскую. Самае вядомае і вялікае эсэ Вацлава Гаўла «Сіла бясьсільных» упершыню ў расейскім перакладзе выйшла ў 1991 годзе ў Менску. Пераклад быў зроблены доктарам філялягічных навук, прафэсарам БДУ Ірынай Шаблоўскай (1939–2004). Пазьней некаторыя ўрыўкі перакладаліся на беларускую.

Перакладнікі распавялі пра складанасці, якія ўзьнікаюць падчас перакладу мастацкіх тэкстаў з роднасных моваў, а таксама паразважалі пра сытуацыю зь перакладамі ў Беларусі.

Макс Шчур адзначыў, што выхад якога-небудзь перакладу ў Беларусі — гэта сапраўды падзея. Калі ў Чэхіі штогод выдаецца па 100–200 перакладаў, то ў нас перакладнікі мастацкай літаратуры на беларускую на вагу золата, гэта унікумы, героі. З гэтым зьвязана і тое, што атрыманьне перакладніцкай прэміі нагадвае ў Беларусі спаборніцтва пяці перакладнікаў, а сама прэмія пераходзіць ад аднаго да іншага, «як сьцяг брыгады». Макс Шчур падкрэсьліў, што, напрыклад, польская перакладная літаратура апошнімі гадамі вельмі добра прадстаўленая на беларускім кніжным рынку.

Паводле Веранікі Бяльковіч, сытуацыя на беларускім кніжным рынку такая, што зьяўленьне гэтай сэрыі — вялікая ўдача:

«Я веру, што шмат якія перакладнікі гатовыя друкавацца задарма, але бракуе нават сродкаў на само выданьне».

Як адзначыла арганізатарка мерапрыемства Крысьціна Шыянок, усе ахвотныя могуць замовіць кнігі з «Чэскай калекцыі», яны будуць прывезеныя непасрэдна з выдавецкага складу ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG