Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра ўплыў расейскай дэвальвацыі на Беларусь: «Спадзяёмся, што наша валюта ўстоіць, бо яна драўляная»



Спадарыня: «Мы ўступілі ў стадыю крызісу. У Расеі цяпер насамрэч крызіс, а ў нас іхнае адаб’ецца недзе празь месяцаў шэсьць. Упадзе ўзровень жыцьця. Цэны ўверх пойдуць, а заробкі застануцца на ранейшым узроўні. Мо, напярэдадні выбараў гэта нэгатыўнае будуць неяк стрымліваць, каб мы не адчулі. Але я ня ўпэўненая ў гэтым».

Маладая спадарыня: «Што да нашай валюты, то мы яе ня лічым устойлівай. Вялізны працэнт інфляцыі, гледзячы на нашы цэны і мільённыя заробкі. На тры мільёны цяпер нічога талковага купіць не магчыма. Падзеньне расейскага рубля яшчэ пагоршыць сытуацыю, бо мы ў цеснай сувязі з Расеяй знаходзімся».

Малады спадар: «Валюта наша ўстойлівая. Рэальны сэктар эканомікі ў нас жа яшчэ працуе. У нас і так ёсьць невялікае падзеньне нашай валюты. Хаця ў гэтым ёсьць і плюсы. Нашы тавары ўсё ж будуць таньнець і іх будуць раскупляць. Эканоміка наша запрацуе. Чакаць жа моцнага падзеньня беларускага рубля, большага за расейскі, ня варта».

Спадар сталага веку: «Я ведаю, што гэта дрэнна і для нашай валюты і для расейскай, паколькі нашы эканомікі нагэтулькі павязаныя. Нешта трэба рабіць. Добрага ж нічога чакаць не выпадае».

Спадар: «Нашы працуюць з Расеяй, а Расея цяпер „падае“. Раней на курсах гулялі, цяпер ня будзем. Да новага году ўсё адновіцца».

Спадарыня сталага веку: «У мяне сын у Піцеры, дык мне выгадна, што яна падае. Калі едзеш туды, дык курс меншы і, значыць, нам выгадна. Наш жа рубель ці выстаіць? Будзем спадзявацца, бо ён жа драўляны!»

Юнак: «Калі расейскі рубель будзе абясцэньвацца, то на нашу эканоміку гэта ніяк не паўплывае, бо наш рубель і так абясцэньваецца».

Маладая спадарыня: «Наша валюта ня ўстойлівая вядома ж. Наша краіна сама ня можа сябе забясьпечыць рэсурсамі, таму яна як мінімум залежыць ад той жа Расеі. Наша валюта хутчэй за ўсё таксама пачне падаць. Цэны ж, зразумела, вырастуць».

Малады спадар: «Гэта можа станоўча адбіцца на сытуацыі ў Беларусі. Многія прадпрымальнікі змогуць закупіць тавар у Расеі па больш нізкай цане. А нашу валюту лічыць устойлівай ня дужа разумна. Стабільнасьць валюты залежыць ад золата і рынкавай эканомікі. Ні таго, ні другога ў нас устойлівага не назіраецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG