Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Літва ствараюць у Беларусі камэрцыйныя візавыя цэнтры


Што такое візавыя цэнтры, наколькі яны вырашаць праблему атрыманьня візы, колькі гэта будзе каштаваць, высьвятляла Радыё Свабода.

У наступным годзе Польшча і Літва абяцаюць адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры.

Мяркуецца, што ахвотныя атрымаць шэнгенскую візу ня будуць дзяжурыць на сайтах амбасадаў, каб запісацца на прыём дакумэнтаў, стаяць у чэргах, пераплачваць пасярэднікам, а змогуць проста зьвярнуцца ў візавы цэнтар, які і акажа гэтыя пасярэдніцкія паслугі. Натуральна, за гэта давядзецца дадаткова заплаціць.

Цяпер у Беларусі працуюць два камэрцыйныя візавыя цэнтры — Вялікай Брытаніі і Гішпаніі. У наступным годзе адкрыюцца візавыя цэнтры Літвы і Польшчы. Пра адкрыцьцё васьмі цэнтраў заявіў у чацьвер Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка:

«Мы плянуем гэта рабіць увесну, і тут будзе 8 візавых цэнтраў — ва ўсіх абласных гарадах, плюс яшчэ два вялікія гарады — Пінск і Ліда».

Чарга ў польскі кансулят у Горадні

Чарга ў польскі кансулят у Горадні

Амбасада Польшчы ў Менску і консульствы ў Берасьці і Горадні не спраўляюцца з колькасьцю ахвотных атрымаць візу. Летась яны выдалі беларусам каля 350 тысяч візаў, сёлета мяркуюць выдаць да 380 тысяч. Літоўцы яшчэ раней абвясьцілі пра адкрыцьцё візавых цэнтраў, бо таксама не спраўляюцца з наплывам ахвотных — летась амбасада ў Менску і кансулят у Горадні выдалі больш за 200 тысяч візаў. Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які працаваў у Беларусі амбасадарам і ведае праблемы знутры, кажа, што адкрыцьцё літоўскіх візавых цэнтраў у іншых краінах дало плённыя вынікі:

«Мы павінны стварыць умовы ва ўсіх абласных цэнтрах. Будуць прапановы — паглядзім, які попыт. Трэба ўсе гэтыя крокі ўзгадніць з кіраўніцтвам Беларусі. Гэта справа новая ў Беларусі, але ня новая наагул, таму што мы такія цэнтры стварылі ва Ўкраіне і, дарэчы, у Расеі, і нават па маштабе яшчэ больш попыту, таму што расейцам атрымаць візу толькі ў Маскве складана — паглядзіце на мапу Расеі».

Начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык

Начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык

Начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пацьвердзіў, што палякі і літоўцы ўжо заявілі пра намер адкрыць візавыя цэнтры. І падкрэсьліў:

«Парадак выдачы візы — гэта сувэрэннае рашэньне той ці іншай краіны. Мы ўдзельнічаем у рэалізацыі гэтага рашэньня, узгадняючы гэты парадак, але гаворка не ідзе пра тое, забараняем мы ці дазваляем. Толькі ўзгадняем».

Візавы цэнтар — гэта камэрцыйная структура, якая пасярэднічае паміж заяўнікам і консульствам. Яна за пэўную плату кансультуе заяўніка, бярэ на сябе тэхнічныя абавязкі, дапамагае правільна запоўніць і апрацаваць анкету, сабраць іншыя дакумэнты. Але разглядаць запыты і прымаць рашэньне аб выдачы візы па-ранейшаму будуць амбасады.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі

Таму ўсе даволі жорсткія патрабаваньні шэнгенскага кодэксу будуць выконвацца, кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Ён перакананы:

«Так, безумоўна, гэта павінна вырашыць праблему. Але сярод кліентаў гэтых візавых цэнтраў ня будзе тых, хто ўваходзіць у так званы „чорны сьпіс“ неўязных у краіны Эўразьвязу. То бок ім візавыя цэнтры ня змогуць дапамагчы атрымаць візу. А для звычайных грамадзянаў Беларусі праблема з чэргамі, афармленьнем дакумэнтаў павінна вырашыцца. Але за кошт павышэньня цэнаў. Затое зьнікнуць іншыя пасярэднікі».

Невясёлыя карцінкі - якім можа быць спрашчэньне візаў для Беларусаў у Эўрапейскі Зьвяз

Невясёлыя карцінкі - якім можа быць спрашчэньне візаў для Беларусаў у Эўрапейскі Зьвяз

Ёсьць яшчэ адзін важны аргумэнт на карысьць стварэньня візавых цэнтраў. Са студзеня 2015 году ўсе ахвотныя атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі (акрамя дзяцей да 12 гадоў) павінны зьняць біямэтрычныя дадзеныя — зрабіць адбіткі пальцаў. Такое патрабаваньне Эўрапейскай камісіі, абавязковае для усіх амбасадаў. Таму, на думку міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса, гэта падоўжыць тэрміны працы з кліентам:

«У 3 разы павялічыцца час на працу з кожным кліентам, а тут аб’ектыўныя прычыны, і мы ня хочам, каб пацярпелі тыя ж людзі. Я спадзяюся, што, дзякуючы гэтым цэнтрам, мы зможам гэтую тэхнічную складанасьць кампэнсаваць павелічэньнем колькасьці людзей, якія хочуць атрымаць візы».

Цяпер многія беларусы, каб атрымаць візу, зьвяртаюцца да пасярэднікаў: і легальных — турфірмаў, і нелегальных. Кошт іхніх паслугаў — ад 150 да 200 эўра. Плюс, натуральна, 60 эўра — консульскі збор за саму візу.

Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус

Зразумела, што паколькі візавы цэнтар — камэрцыйная структура, то за свае паслугі ён будзе браць плату. Ні міністар замежных спраў Літвы, ні амбасадар Польшчы Шарэпка канкрэтных лічбаў не называлі. Але літоўскі міністар Лінас Лінкявічус кажа:

«Усё ж такі па сукупнасьці менш, чым бяруць пасярэднікі турыстычных кампаніяў. І мы ў гэтым ужо ня раз пераканаліся. Тым больш што кліенты могуць атрымаць і іншыя паслугі, акрамя атрыманьня непасрэдна візы — капіяваньне, страхаваньне ў адным месцы. Вядома, будзем шчыра казаць, карысьці ад нас пасярэднікам ня будзе, ня ўсе будуць рады гэтым цэнтрам».

У Расеі і ва Ўкраіне ў літоўскіх візавых цэнтрах кошт паслугаў па падрыхтоўцы дакумэнтаў складае каля 25 эўра. Дарэчы, паводле заканадаўства Эўразьвязу, пасярэдніцкія паслугі не павінны каштаваць больш за 30 эўра. Але ў складаных выпадках агульная сума можа ўзрасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG