Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прабачэньня не папрасіў


Пуцін у Брысбэне.
Пуцін у Брысбэне.

Расейскі кіраўнік прыбыў на саміт G-20 у Аўстралію ў суправаджэньні эскадры баявых караблёў.

Напярэдадні саміту «Вялікай дваццаткі» ў Брысбэне прэм’ер-міністар Аўстраліі Тоні Эбат зноў раскрытыкаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, абвінаваціўшы яго ў «запалохваньні Ўкраіны» і спробе «аднавіць былую славу царскай Расеі і былога Савецкага Саюза».

Гэтыя словы прагучалі на фоне рашэньня Пуціна накіраваць да берагоў Аўстраліі на час саміту чатыры баявыя караблі са складу Ціхаакіянскага флёту Расеі.

Уладзімір Пуцін напярэдадні саміту «Вялікай дваццаткі» ў аўстралійскім Брысбэне заявіў, што эканамічныя санкцыі супраць Расеі, уведзеныя Эўрапейскім зьвязам, ЗША, Аўстраліяй і іншымі краінамі ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне, супярэчаць прынцыпам G-20 і нормам міжнароднага права.

Пры гэтым расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што абмяркоўваць санкцыі ў ходзе сустрэч у Аўстраліі не мае намеру, бо гэта «не мае сэнсу».

Раней гаспадар саміту Тоні Эбат неаднаразова паўтараў, што ў час будучых сустрэч з Пуціным, і ў Пэкіне на перамовах АТЭС ў пачатку тыдня, і ў сябе на радзіме 15-16 лістапада, мае намер жорстка запатрабаваць ад яго тлумачэньняў у сувязі са зьнішчэньнем 17 ліпеня гэтага года над Данбасам малайзійскага «Боінга», які рухаўся рэйсам МН-17. Тады загінулі, у тым ліку, шмат аўстралійцаў.

Эбат выкарыстаў мясцовы футбольны тэрмін «shirt front», які азначае клінч з гульцом каманды суперніка з мэтай паваліць яго і адняць мяч. Гэтыя словы Эбата перакладалі як «узяць за грудкі».

Аўстралійскія газэты вымагаюць у Пуціна выбачыцца.
Аўстралійскія газэты вымагаюць у Пуціна выбачыцца.

Падчас саміту АТЭС, як паведамляюць некалькі аўстралійскіх газэт, Тоні Эбат, аднак, ніякіх фраз, якія выходзяць за рамкі дыпляматычных норм, не прамаўляў, хоць, паводле яго слоў, прапанаваў Пуціну папрасіць прабачэньня за зьбіты «Боінг», успомніўшы выпадак, які ён лічыць аналягічным, — калі 3 ліпеня 1988 года ЗША выпадкова зьнішчылі над Пэрсідзкім залівам іранскі грамадзянскі самалёт. Тады Вашынгтон публічна прынёс свае прабачэньні, а таксама выплаціў кампэнсацыю сваякам 290 загінуўшых.

Пры гэтым прэсавы сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітрый Пяскоў потым заявіў, што гутарка двух лідэраў у Пэкіне прайшла «без жорсткіх выказваньняў», што і Пуцін, і Эбат выказаліся за паскарэньне рэальнага расьсьледаваньня катастрофы малайзійскага авіяляйнэра ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG