Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не зьбіраецца падвышаць заробкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У мінулым блогу я ўзгадваў пра распараджэньне Лукашэнкі не павышаць заробкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Варта вярнуцца да тэмы і пагаварыць пра гэта больш падрабязна. Бо, сапраўды, сытуацыя незвычайная. Падчас усіх ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніяў падвышэньне заробкаў было ці не адзіным канкрэтным яго абяцаньнем электарату. Калі казаць пра выбары 2010 году, то фактычна ўся перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі зводзілася да таго, што ён абяцаў давесьці сярэдні заробак у краіне да «сьвятой лічбы» 500 даляраў.

А вось гэтым разам усё памянялася. Прывядзем ягоную цытату на згаданую тэму поўнасьцю:

«Нягледзячы на тое, што 2015-ты — палітычны год, будзем зыходзіць з рэаліяў. Нам галоўнае — захаваць той узровень, які ёсьць на сёньняшні дзень. Ніякіх абяцаньняў пад выбары, ніякіх выплат пад выбары быць не павінна! Таму што ў гэтых умовах, калі ўвесь сьвет у рэцэсіі, мы не расхлябаемся, калі павыкідваем грошы. І ня трэба людзей падманваць. І ніякіх празьмернасьцяў — няхай гэта народ пачуе! Купляць народ за пустыя грошы ня трэба, таму што гэта выльецца адразу ж пасьля гэтых выбараў у страшную сытуацыю. Трэба зыходзіць з таго, як ёсьць у эканоміцы... Зарабіў грошы — атрымай, не зарабіў — ніякага заробку быць не павінна, ніякіх выплат. Толькі заробленая плата. Заробленая плата — гэта заробленыя грошы».

Найперш зазначу, што з гэтага яшчэ зусім не вынікае, што насамрэч ня будзе падвышэньня заробкаў пад выбары. Калі раптам нешта пойдзе ня так, напрыклад, рэйтынг пачне зьмяншацца, то Лукашэнка можа не ўтрымацца ад спакусы выкарыстаць надзейны і выпрабаваны спосаб залагоджваньня насельніцтва, асабліва бюджэтнікаў.

Але сам факт такой заявы вельмі знамянальны. Што стаіць за ім?

Ёсьць тое, што ляжыць на паверхні: дрэнная эканамічная сытуацыя, рост колькасьці нерэнтабэльных прадпрыемстваў, цяжкасьці з напаўненьнем бюджэту, з-за чаго падвышаюцца падаткі. Але гэта толькі адзін бок праблемы. Бо, напрыклад, і падчас кампаніі 2010 году таксама лішніх грошай надта не было. Тады яшчэ не пераварыліся наступствы ўсясьветнага эканамічнага крызісу, які няслаба зачапіў і Беларусь. Але грошы для росту заробкаў знайшлі. І цяпер яны б знайшліся.

Фактар заробкаў, увогуле сацыяльна-эканамічныя чыньнікі для большасьці перасталі быць галоўнымі ў стаўленьні да Лукашэнкі

Зразумела, у памяці застаюццатыя наступствы, да якіх прывёў празьмерны рост заробкаў перад выбарамі. Маю на ўвазе фінансавы крызіс 2011 году. З словаў Лукашэнкі вынікае, што ён узгадвае тую гісторыю: «Купляць народ за пустыя грошы ня трэба, таму што гэта выльецца адразу ж пасьля гэтых выбараў у страшную сытуацыю». Але, зноў жа, ужо пасьля таго крызісу, у 2012, 2013 гадах кіраўнік дзяржавы загадаў штучна падвысіць заробкі, каб вярнуць іх узровень да «сьвятой лічбы» — 500 даляраў.

Галоўная прычына такога новага падыходу да выбарчай кампаніі палягае ў тым, што фактар заробкаў, увогуле сацыяльна-эканамічныя чыньнікі для большасьці перасталі быць галоўнымі ў стаўленьні да Лукашэнкі. Украінскі крызіс іх выцесьніў. На тле забурэньняў ва Ўкраіне на першае месца ў масавай сьвядомасьці выйшлі пытаньні бясьпекі і стабільнасьці. І гэта значна спрасьціла задачу беларускаму лідэру.

Акрамя таго, на Лукашэнку стаў працаваць чыньнік ягонага 20-гадовага кіраваньня Беларусьсю. Пачала дзейнічаць такая моцная сіла інэрцыі, што электарату і ў галаву не прыходзіць, нібыта можа быць неяк інакш. Вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія ня ведаюць, што такое свабодныя выбары, канкурэнцыя, публічная палітыка. Да таго ж і апазыцыя дзейнічае ня лепшым чынам. Таму ў насельніцтва зьявілася пачуцьцё фаталізму, наканаванасьці захаваньня ўлады дзейным прэзыдэнтам. У выніку гэтага Лукашэнку ўжо ня трэба нічога асабліва рабіць. Сыстэма палітычнага самазахаваньня пачала працаваць на аўтапілёце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG