Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бабруйску галадоўка завяршылася. Галадоўнікаў чакае суд, а чыноўнікі шукаюць ім працу


У Бабруйску чацьвёра сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага заявілі, што спыняюць галадоўку пратэсту. На працягу чатырох сутак прафсаюзьнікі дамагаліся, каб скасавалі іх звальненьне з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Гэтае патрабаваньне не было выканана. Сёньня ў міліцыі актывістам паведамілі, што на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Галадоўнікам інкрымінуецца парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». Паводле міліцэйскіх пратаколаў, актывісты правялі несанкцыянаванае ўладай мерапрыемства — галадоўку.

Пра намер сёньня скончыць галадоўку яе ўдзельнікі казалі яшчэ да выкліку ў міліцыю. Пратэстоўцы лічылі, што працягваць яе больш ня мела сэнсу. Пра акцыю не шкадавалі. На думку ўдзельнікаў, яна паказала грамадзтву, што працоўныя могуць адстойваць свае правы. Пра пазыцыю ўлады кажуць: ілюзіі зьніклі:

«Зразумелі, што ўлада ня хоча нікога слухаць. Усё нібыта для народу, але выходзіць толькі для іх. Хацелі вярнуцца на завод, а з нас зрабілі парушальнікаў закону», — зазначае галадоўнік Аляксандар Варанкін.

Як паведаміў суразмоўнік, у міліцыі ім сказалі, што старшыня гарвыканкаму асабіста заняўся пошукам для іх працы. Калі знойдуцца варыянты, ім будуць званіць з цэнтру занятасьці. Але на заводзе аднаўляць актывістаў ня будуць.

На акцыю пратэсту Мікалай Жыбуль, Аляксандар Грамыка, Алег Шаўчэнка ды Аляксандар Варанкін наважыліся пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі. Ім на яго адпісала адміністрацыя заводу, зь якога прафсаюзьнікаў і звольнілі.

«Нам напісалі, што мы ўсіх звальняем, бо ў нас аптымізацыя. Тое, што мы сябры Свабоднага прафсаюзу, ніяк не паўплывала на звальненьне», — сьцісла пераказвае зьмест ліста найстарэйшы ўдзельнік акцыі пратэсту Мікалай Жыбуль.

«Зразумела, яны трымаюцца адзін аднаго. Саступіць нам — значыцца згубіць свой твар. Ім далі гэтую кантрактную сыстэму, і яны ёю цяпер карыстаюцца. Хто не даспадобы, тых звальняюць. Кантрактная сыстэма — гэта форма ціску на людзей», — выказваецца Мікалай Жыбуль.

У лісьце кіраўніка дзяржавы актывісты прасілі разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прычынай для звальненьня, заяўлялі яны, стала іх сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

Пасьля чатырох сутак галадоўкі ўсе яе ўдзельнікі прызнаюць, што іх самаадчуваньне пагаршаецца. Арганізм слабне. Галадоўнікі страчваюць вагу. Да мэдыкаў пакуль ніхто зь іх не зьвяртаўся.

Акцыю пратэсту спрабавалі падтрымаць і калегі па прафсаюзе, якія працуюць на заводзе. Адна зь іх — Аксана Кернажыцкая. Як яна кажа, у працоўным калектыве ведаюць пра галадоўку звольненых працаўнікоў, аднак вялікага зацікаўленьня ёй яна не назірае:

«Неяк спакойна да яе ставяцца. Хто з іроніяй, хто падтрымлівае, — апавядае прафсаюзьніца. — З участка, дзе хлопцы працавалі, цікавіліся, што ў гарвыканкаме вырашылі. Я адказала: „Што ім сказалі, што дарога на завод для іх закрытая“. Дык гэтыя хлопцы пабедавалі, і ўсё на гэтым».

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

У яшчэ аднаго працаўніка, які далучыўся да акцыі пратэсту, — Генадзя Лабачова здарыўся гіпэртанічны крыз, і мэдыкі пастанавілі: ніякай галадоўкі. Цяпер прафсаюзьнік на бальнічным.

Першы дзень галадоўкі актывісты намагаліся правесьці ў будынку гарвыканкаму. Адтуль іх выгналі. У наступныя дні прафсаюзьнікаў затрымлівалі, папярэджвалі аб недапушчальнасьці правядзеньня несанкцыянаванай акцыі ды пагражалі штрафам. Была сустрэча з кіраўніком гарадзкой вэртыкалі, якая скончылася безвынікова.

Фармальная прычына звальненьня актывістаў прафсаюзу — непадаўжэньне працоўнага кантракту. Паводле заканадаўства працадаўца можа не называць прычыну спыненьня працоўных адносінаў.

XS
SM
MD
LG