Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адны ўжо ў турме, іншыя — спадзяюцца адкупіцца


Сьледчы камітэт

Сьледчы камітэт

Сьледчы камітэт накіраваў у суд гучную справу пра хабарнікаў зь дзяржаўнага прадпрыемства «Белдзяржпаляваньне». Як расьсьледуюцца іншыя карупцыйныя справы?

З крымінальных спраў супроць падазраваных у карупцыі высокапастаўленых чыноўнікаў, якія расьсьледуе Сьледчы камітэт, прынамсі дзьве наблізіліся да завяршэньня. Днямі ў суд накіраваная справа былога намесьніка дырэктара «Белдзяржпаляваньня» Аляксандра Брацянкова. У ёй таксама фігуруюць супрацоўнік Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і супрацоўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Утрох яны арганізавалі выдачу незаконных дазволаў на паляваньне без экзамэну, за што бралі хабар.

«У Беларусі ёсьць шмат ахвотных мець стрэльбу, каб проста страляць зь яе, а ня толькі для паляваньня», — паведаміў Свабодзе паляўнічы са шматгадовым стажам:

«На чым зараблялі — на экзамэне! Каб яшчэ на разьмеркаваньні паляўнічых угодзьдзяў ці на махінацыях падчас аўкцыёнаў — гэта яшчэ можна зразумець. А то на экзамэнах! А ўсё таму, што ў нас ёсьць багатыя і ўплывовыя людзі, якім раптам захацелася мець стрэльбу. А стрэльбу не атрымаеш, калі няма дзяржаўнага пасьведчаньня на права паляваньня. А каб яго атрымаць, мусіш здаць экзамэн. І вось, каб не здаваць гэты экзамэн, дарэчы, вельмі просты, знайшлі тых, каму можна даць хабар».

Дарэчы, толькі былы намесьнік дырэктара «Белдзяржпаляваньня» Брацянкоў прызнаў сваю віну, іншыя фігуранты справы настойваюць на невінаватасьці.

Набліжаецца да суду і яшчэ адна справа аб хабары — былога рэктара Інстытуту культуры Беларусі Канстанціна Рамішэўскага. Сьледчы камітэт паведаміў, што экс-рэктару выставілі канчатковае абвінавачаньне, якое складаецца з 4 эпізодаў. Галоўны — атрыманьне хабару памерам 2 тысячы даляраў за незаконнае здаваньне ў арэнду плошчаў установы камэрцыйнай фірме. Назіральнікаў зьдзіўляюць тэрміны расьсьледаваньня справы Канстанціна Рамішэўскага, якога затрымалі яшчэ ў чэрвені.

«Магчыма, хутка справа пойдзе ў пракуратуру, а потым у суд», — абяцаюць у Сьледчым камітэце.

XS
SM
MD
LG