Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы зарабляюць на падзеньні расейскага рубля


Як паведамілі ў дэпартамэнце па сувязях з грамадзкасьцю кампаніі Inventive Retail Group, якая валодае сеткай крамаў такіх вядомых брэндаў, як Apple, Sony, Samsung, Nike, Lego і г. д., да канца году цэны дакладна ня вырастуць:

Як сьведчыць маніторынг буйных гандлёвых сетак Расеі, скарачэньне прыбыткаў у валютным эквіваленце нэгатыўна адбілася на спажывецкім попыце, таму падвышэньня цэнаў на тавары і паслугі пакуль няма. Гэтым актыўна карыстаюцца дробныя прадпрымальнікі і шараговыя беларусы, выпраўляючыся на закупы ў памежныя гарады, а таксама ў Маскву і Санкт-Пецярбург.

Расейскія рытэйлеры, якія гандлююць бытавой, тэлевізійнай, кампутарнай тэхнікай, яшчэ нядаўна выказвалі спадзяваньні, што курс рубля верне страчаныя пазыцыі і карэктаваць цэньнікі няма падставы. Цяпер, на тле далейшага рэгрэсу, мусяць выпраўляцца: яшчэ да Новага году кошты падымуцца ўсьлед за далярам, а яшчэ больш сур’ёзнае падвышэньне чакаецца ў першым квартале 2015-га. Але як мінімум месяц у пакупнікоў ёсьць магчымасьць затаварвацца як бы па зьніжках, якіх ніхто не анансаваў. За два апошнія месяцы рубель абясцэніўся да даляра амаль на 30%, да эўра — на 20%. І хоць гэта аўтаматычна не азначае, што столькі ж страцілі ў сваім кошце тавары, набытыя пастаўшчыкамі за валюту, але падзеньне цэнаў у даляравым пераліку на 10–20% адбылося масава.

Як паведамілі ў дэпартамэнце па сувязях з грамадзкасьцю кампаніі Inventive Retail Group, якая валодае сеткай крамаў такіх вядомых брэндаў, як Apple, Sony, Samsung, Nike, Lego і г. д., да канца году цэны дакладна ня вырастуць:

Псыхалягічны ціск, які мае месца сёньня, прымушае людзей больш актыўна траціць грошы. І гэта цалкам зразумела.

«Псыхалягічны ціск, які мае месца сёньня, прымушае людзей больш актыўна траціць грошы. І гэта цалкам зразумела. Спажыўцы слушна чакаюць, што далейшае абясцэньваньне рубля прывядзе да росту цэньнікаў у крамах, таму адкладаць куплі надалей ня мае сэнсу. Тым больш, да Новага году ўсё роўна трэба рыхтавацца, набываць падарункі. Іншым словамі, падзеньне рубля вымушае спажыўцоў хадзіць па гандлёвых цэнтрах у пошуках тавараў, на якія можна „спусьціць“ грошы, бо тыя літаральна з кожным днём абясцэньваюцца».

На інтэрнэт-сайце адной з найбуйнейшых сетак бытавой тэхнікі і электронікі «Эльдарада» пералічваюцца тысячы самых разнастайных пазыцыяў. Нават павярхоўны маніторынг дазваляе зразумець, што цэньнікі там істотна меншыя за беларускія. Звычайна за індыкатар замест «біг-мака» ў такіх выпадках бярэцца тэлевізар. Дык вось 3D-тэлевізар Samsung UE32H6400 выстаўлены за 21 999 расейскіх рублёў. Пры нядаўнім курсе 35 рублёў за амэрыканскі даляр гэта было ў эквіваленце каля 650 даляраў. А пры цяперашнім, калі даляр падскочыў да адзнакі ў 48 рублёў, — на 200 даляраў менш. У беларускім каталёгу onliner. by гэткая ж мадэль сягае 800–900 даляраў. Пральная машына Bosch WLG 20060 гэткім жа чынам страціла на роўным месцы 100 даляраў — ад 370 да 270 даляраў пры заяўленай цане 12 989 рублёў. У беларускіх інтэрнэт-крамах яе цана даходзіць да 470 даляраў. Аналягічныя разьбежкі ў розных прапорцыях — на лядоўні, пыласосы, мікрахвалёўкі ды іншую бытавую тэхніку.

Зрэшты, як кажуць беларускія прадпрымальнікі, цяперашняя палёгка тычыцца збольшага буйных гандлёвых сетак, дзе перапісаць цэньнікі ня так проста, як на аптовых рынках. Паводле Аляксандра Таўстыкі, як гандлюе на радыёрынку ў Ждановічах, ягоныя расейскія калегі ўжо пралічылі сытуацыю, прывязаўшыся ў пастаўках да даляра і эўра. А вось рытэйлерскія кампаніі, на ягоную думку, наўрад ці будуць экспэрымэнтаваць, а паспрабуюць зарабіць на абароце:

Тут самае галоўнае — цікавы працэс: калі ты заняты ў сваім бізнэсе, табе падабаецца ў ім варыцца і ты яшчэ на гэтым зарабляеш, бо людзі прыходзяць і ў цябе нешта купляюць.

«Калі мы гаворым пра расейскія гандлёвыя цэнтры, то частка буйных пляцовак і ў Маскве, і па астатняй Расеі, — гэта інвэстыцыі эўрапейскія альбо амэрыканскія. Дастаткова паглядзець, пачытаць назвы крамаў — „Ашан“, „Лерой Марлен“ ды іншыя — яны толькі плацяць падаткі ці хабар расейскім уладам на тэрыторыі таго рэгіёну, дзе разьмяшчаюцца. А пастаўка прадукцыі ў іх, хутчэй за ўсё, эўрапейская. Вядома, яны пералічваюць цэны нейкай часткі тавару, бо ў гэты тавар закладаюцца ў тым ліку і кошты рызыкі. Ну, будзе прыбытак у эўрапейскага бізнэсоўца ў гэтым ды наступным годзе не 3%, а 2,4%. Але ж ён усё роўна застанецца ў прыбытку, ён псыхалягічна да гэтага падрыхтаваны, ён ведае мясцовую спэцыфіку. Тут самае галоўнае — цікавы працэс: калі ты заняты ў сваім бізнэсе, табе падабаецца ў ім варыцца і ты яшчэ на гэтым зарабляеш, бо людзі прыходзяць і ў цябе нешта купляюць. Мы добра ведаем прычыны такога буму: расейцы стараюцца ўкладаць свае рублі ў імпартаваны тавар, як было ў Беларусі ў часы фінансавага крызісу».

Да таго ж, удакладняе суразмоўца, якія б выгадныя ні былі прапановы ў Расеі, усё залежыць ад платаздольнасьці найперш беларускага спажыўца: ня будзе грошай — не дапаможа і самы прывабны распродаж:

«Ведаеце, актыўнасьць прадпрымальнікаў залежыць не ад расейскага рубля (па сутнасьці, ніколі ад яго і не залежала), у Расеі можна разьлічвацца любой валютай, па якой „вымяраюць“ курс. Актыўнасьць прадпрымальніка залежыць ад актыўнасьці пакупніка. А сёньня мы бачым яшчэ адзін доказ, прадказаньне краху эўразійскай сыстэмы вядзеньня бізнэсу, якая не адпавядае рынкавым умовам. Гэта тое, што прадпрыемствы зачыняюцца, напалову ці цалкам людзей звальняюць, скарачаюць. А якраз гэтыя людзі —патэнцыйныя кліенты дробнага прадпрымальніцтва ў Беларусі. Дык вось калі яны ня маюць сродкаў, незалежна ад таго, які ўсталяваны курс расейскага рубля, іх актыўнасьць зьніжаецца. Трэба сказаць, што і расейцы апошнім часам паказваюць, што яны ня дурні, яны паразумнелі. Частку сваіх запасаў, што ў іх заставаліся, пералічваюць нават вышэй, чым курс продажу ў банках. Бо ў іх пачынаюць працаваць ужо зусім іншыя схемы».

І калі на расейскіх рынках, якія гандлююць спажывецкімі таварамі, падвышэньне цэнаў сапраўды мае месца, сеткавы гандаль запэўнівае: прынцыповыя зьмены ў працы калі і настануць, дык пасьля Новага году. Гандляры імпартаванымі аўтамабілямі, бытавой тэхнікай, адзеньнем і абуткам — усім, што купляецца за валюту, а прадаецца за рублі — абяцаюць трымацца да апошняга. Перадусім гэта тычыцца тавару, які ўжо аплочаны, пастаўлены ў Расею і знаходзіцца на складах. Новыя пастаўкі, зразумела, будуць карэктавацца — на такую велічыню, каб не напужаць патэнцыйнага пакупніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG