Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Бярозы зьнесьлі хату разам з рэчамі абураных уладальнікаў


На зямлі Якушыкаў засталіся старое дрэва ды слуп

На зямлі Якушыкаў засталіся старое дрэва ды слуп

На яе месцы абяцаюць пабудаваць шматкватэрны дом, а ўладальнікам прапануюць перабірацца на край гораду і атрымаць 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Гаспадары сьцьвярджаюць, што знос незаконны, надзел каштуе 50 тысяч даляраў, а хата перашкаджала будаваць дарогу да катэджаў мясцовых чыноўнікаў.

У Бярозе сям’я Якушыкаў працягвае змаганьне за ўласны зямельны надзел у цэнтры гораду. Днямі камунальнікі зьнесьлі хату, якая стаяла на гэтай зямлі. Уладальнікі надзелу працягваюць судзіцца зь мясцовымі ўладамі і гатовыя дайсьці да ААН.

Аксана Якушык

Аксана Якушык

Аксана Якушык распавяла Свабодзе, што зносіць хату ня мелі ніякага права. У абласным судзе Берасьця рашэньне ўладаў забраць зямельны надзел цяпер абскарджваецца.

Гаспадыні, па яе словах, нават не паведамілі, калі хату будуць зносіць, каб яна пасьпела забраць адтуль хаця б нейкія рэчы:

«Яны проста дачакаліся, як муж зьехаў на заробкі, ды зьнесьлі нашу хату...» — распавядае жанчына.

У момант, калі карэспандэнт Свабоды прыйшоў разам з Аксанай Якушык да надзелу, туды прыехаў трактар камунальнікаў, якія забіралі апошнія рэшткі разбуранай хаты.

Камунальнікі забіраюць рэшткі разбуранай хаты

Камунальнікі забіраюць рэшткі разбуранай хаты

Цяпер на зямлі Якушыкаў не засталося нічога, акрамя адзінокага дрэва ды слупа з абрэзаным дротам. Разам з хатай зьнесьлі і гаспадарчыя пабудовы.

Аксана апавяла, што калі зносілі хату, яна пад’ехала ды пачала абурацца тым, што тут робіцца. Утаймоўваць яе прыехаў цэлы мікрааўтобус міліцыянтаў.

Хату на пятнаццаці сотках зямлі ў цэнтры Бярозы Якушыкі набылі каля дзесяці гадоў таму. Тут яны меркавалі будаваць свой дом, ашчаджалі дзеля гэтага сродкі, нават мелі ўжо праект будаўніцтва. Але калі Вадзім Якушык зьвярнуўся да ўладаў, каб зацьвердзіць праект, чыноўнікі будаўніцтва не дазволілі. Паведамілі, што жыхароў адсяляюць, а на гэтым месцы пабудуюць шматкватэрны дом.

Аднак Вадзім Якушык лічыць, што іхная зямля спатрэбілася ўладам, бо адразу за іхнім надзелам пабудавалі свае катэджы мясцовыя чыноўнікі. Гэтыя катэджы ўжо амаль гатовыя да засяленьня. Адзінае, чаго не хапае, — пад’езду да іх ад вуліцы.

Таму Якушыкі перакананыя, што празь іх зямлю і зьбіраюцца зрабіць дарогу да дамоў чыноўнікаў:

«Дамы пакуль ня ўведзеныя ў эксплюатацыю, але да іх усё падведзена — і газ, і сьвятло, і вада... У іх там і працаўнікі працуюць штодня», — кажа Аксана Якушык.

Тут былі гаспадарчыя пабудовы

Тут былі гаспадарчыя пабудовы

Пазыцыю мясцовай улады чыноўнікі выказваюць у мясцовай газэце, адзін з заснавальнікаў якой — райвыканкам. Час ад часу там зьяўляюцца артыкулы пра «ўпартых» Якушыкаў. Намесьнік старшыні райвыканкаму Яўген Тарасюк у камэнтары Свабодзе заявіў, што ўлады дзейнічаюць паводле закону, бо прапаноўваюць Якушыкам годную кампэнсацыю паводле судовага рашэньня.

Аксана Якушык з гэтым не пагаджаецца. Кажа, што сэнс не ў кампэнсацыі:

«Нам прапаноўвалі ўзамен надзелы ў прыгарадзе, якія не адпавядаюць кадастраваму кошту нашага надзелу ў цэнтры гораду. Потым па рашэньні суду нам прымусова прысудзілі 200 мільёнаў кампэнсацыі. Але гэтых грошай я не атрымала, і я не зьбіраюся іх атрымліваць. Гэтая кампэнсацыя за маю хату ды надзел — ня ў поўным памеры, я лічу. Наш надзел каштуе ня меней за 50 тысяч даляраў. Але не ў грашах справа. Мы проста хочам тут жыць. Мы будзем далей змагацца, пойдзем і ў Вярхоўны суд, і ў Камітэт ААН па правах чалавека. Але мы ўсё роўна даб’емся гэтай справядлівасьці».

Аксана Якушык кажа, што за час змаганьня за зямлю зьведала ціск ня толькі іх сям’я, але і іншыя людзі зь Бярозы, якія спрабавалі за іх заступіцца:

«Я ведаю, што гэтых людзей гэтая ўлада падстаўляе... Ціск на нас ідзе ўвесь час. Нават прыгадайце той выпадак, калі нас зьбівалі каля гэтай хаты — і ніхто за гэта не адказаў...»

У пошуках праўды ды справядлівасьці Якушыкі спрабавалі трапіць на асабісты прыём у адміністрацыю Лукашэнкі, але іх туды нават не пусьцілі.

Зьвяртаючыся да мясцовых чыноўнікаў, Аксана Якушык кажа:

«Хачу ім сказаць, што спакойна яны могуць спаць нядоўга, таму што кара іх усё роўна калі-небудзь спасьцігне. Справядлівасьць запануе, і нас такіх шмат людзей, якія вераць у гэта. Некалі яны насыцяцца гэтым багацьцем нашай дзяржавы. Яны маюць права мець некалькі дамоў, лецішчаў, а я ня маю права ні на што... Хоць гэта мая прыватная ўласнасьць. Мне яе старшыня гэтага гораду не падарыў, не набыў, ня даў. Чыноўнікі ў мяне проста па-барбарску адабралі. Яны шмат парушылі правоў чалавека... Яны паглядзелі, што хто такія Якушыкі — бяз роду бяз племені... У нас няма ні бацькоў, за намі нікога няма. Лягчэй за ўсё з такімі ўправіцца... Але яны ніяк не чакалі, што сутыкнуцца з такой праблемай. Думалі, што мы спалохаемся...»

XS
SM
MD
LG