Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкі збройны чын ушануюць па двух маршрутах


Слуцкі збройны чын 2013
Слуцкі збройны чын 2013

У канцы лістапада дэмакратычныя актывісты традыцыйна ладзяць вандроўкі па месцах Слуцкага паўстаньня, падчас якіх ушаноўваюць памятныя знакі і крыжы, пастаўленыя ў гонар слуцкіх змагароў.

У 1920 годзе на Случчыне адбыліся ўзброеныя сутыкненьні паміж чырвонымі войскамі і атрадамі Слуцкай брыгады.

Партыя БНФ ладзіць вандроўку па маршруце Семежава — Вызна — Грозава — Слуцак 29 лістапада. У Менаблвыканкам сёньня будзе пададзеная заяўка.

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што апошнім часам улады ў тым ці іншым фармаце дазваляюць паездкі на Случчыну, дзе адбываюцца традыцыйныя ўшанаваньні герояў Слуцкага збройнага чыну:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Цягам тых гадоў, калі Партыя БНФ займаецца арганізацыяй гэтых вандровак, не бывала такога, каб цалкам забаранілі мерапрыемства. Аднак бывалі розныя выпадкі: частковыя дазволы ці дазволы на адрознае ад пазначанага ў заяўцы месца. Але агулам заўсёды ёсьць нейкі дазвол. Таму і сёлета мы разьлічваем, што ўлады ня будуць перашкаджаць ушанаваньню памяці і сьвяткаваньню гэтай важнай гістарычнай падзеі».

Да паездкі, арганізаванай Партыяй БНФ, далучаецца рух салідарнасьці «Разам».

Аляксей Янукевіч адзначыў, што каардынацыі паміж БНФ і КХП-БНФ што да адзначэньня Слуцкага збройнага чыну няма, але гэта не праблема — падвойнае ўшанаваньне дае магчымасьць даведацца пра слуцкіх герояў большай колькасьці мясцовых жыхароў:

«Я думаю, што КХП-БНФ таксама будзе нешта арганізоўваць, але ў іншую дату. Я ня бачу праблемы, калі на Случчыне адбудуцца два розныя мерапрыемствы — гэта будзе дадатковай нагодай для мясцовых жыхароў і грамадзкасьці ўзгадаць гэтую дату».

Намесьнік старшыні КХП-БНФ «Адраджэньне» Юрась Беленькі кажа, што ягоная партыя падала ў Менаблвыканкам заяўку на правядзеньне паездкі па Случчыне яшчэ два тыдні таму. Назваць дату паездкі, пакуль няма афіцыйнага дазволу, ён адмовіўся:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

«Гэта будзе традыцыйная дата: канец лістапада — пачатак сьнежня. Паездка адбудзецца ня разам з Партыяй БНФ».

Разам з тым Юрась Беленькі выказаў перасьцярогу наконт магчымасьці прэвэнтыўных затрыманьняў ці іншых спосабаў ня даць магчымасьці зладзіць ушанаваньне: за Дзяды ў Менску на яго як на арганізатара ўжо складзены тры пратаколы, 17 лістапада адбудзецца суд.

14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку. У гэты дзень там запрацаваў Зьезд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіраваньня, а таксама абароны краю.

Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.

Збройныя дзеяньні адбываліся з 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG