Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна падзеньне расейскага рубля зьвязанае не з эканамічнай сытуацыяй унутры краіны, а са спэкуляцыямі. Аднак пры гэтым Пуцін альбо замоўчвае, альбо не ўсьведамляе той факт, што расейская эканоміка знаходзіцца ў крытычным стане, пішуць аглядальнікі нямецкага выданьня Handelsblatt Ян Мальен і Ёрг Хакхаўзэн.

Аглядальнікі цытуюць былога кіраўніка інвэстыцыйнага фонду «Pimco» Мухамада Аль-Арыяна, які, адказваючы на пытаньне агенцтва Bloomberg «наколькі блізка да фінансавага крызісу знаходзіцца Расея», сказаў, што ў «бліжэйшыя некалькі тыдняў нешта абавязкова адбудзецца».

Гэтым «чымсьці» можа «стаць альбо бескантрольнае зьніжэньне курсу расейскага рубля ў адносінах да асноўных сусьветных валют, альбо сур’ёзнае павышэньне падатковай стаўкі і бюджэтныя абмежаваньні з боку расейскіх уладаў». Абодва варыянты прывядуць да «цяжкага эканамічнага крызысу», падкрэсьліваюць журналісты і нагадваюць пра тое, што расейскі Цэнтральны банк, спрабуючы спыніць падзеньне рубля, і так ужо павысіў ключавую стаўку з 1,5% да 9,5%, а рубель з пачатку года страціў да 40% сваёй вартасьці ў адносінах да даляра, што прывяло да падаражаньня імпартнай прадукцыі.

Насельніцтва таксама занепакоенае інфляцыяй і дэвальвацыяй рубля. На гэтым тыдні расейскі Цэнтральны банк адпусьціў рубель у вольнае плаваньне, скасаваўшы мэханізм курсавой палітыкі, які дзейнічаў да сёньняшняга дня. Тым ня менш, як заявіла кіраўнік Цэнтральнага банку Эльвіра Набіуліна, банк усё ж пакінуў за сабою магчымасьць правядзеньня інтэрвэнцый ў выпадку пагрозы фінансавай стабільнасьці.

На думку экспэртнай супольнасьці, менавіта непастаянныя інтэрвэнцыі могуць каштаваць расійскай эканоміцы вельмі дорага. Аналітык Commerzbank Сайман Кіхана-Эванс сьцьвярджае, што адчувальны эфэкт можа быць дасягнуты з дапамогай ня менш за 5-10 мільярдаў долараў. На сёньняшні дзень валютныя запасы Расіі перавышаюць 400 мільярдаў даляраў, аднак, нават нягледзячы на гэта, яны, паводле эканаміста, «могуць растаць даволі хутка». З пачатку гэтага году яны, нагадвае Handelsblatt, ужо скараціліся на 20%.

Акрамя ўсяго гэтага, поўным ходам ідзе адток капіталу з Расеі. Паводле зьвестак Цэнтральнага банку, адток фінансавых сродкаў ў 2014 годзе можа скласьці 128 мільярдаў даляраў, аднак у неафіцыйных прагнозах гаворка ідзе пра куды больш буйныя сумы. Пры гэтым расейская эканоміка вельмі моцна залежыць ад замежнага капіталу. Сумарная запазычанасьць расейскіх кампаній перад замежнымі банкамі павялічылася за апошнія восем гадоў у тры разы і складае каля 330 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG