Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На некалькі дзён я трапіў у нечаканае месца, быццам апынуўся ў машыне часу.

Лекавая ўстанова, камяніца часоў Мікалая ІІ. Яна даўно вымагала рамонту, але затое ацалелі бальконныя краты, адлітыя мясцовым майстрам Сіліневічам да І Сусьветнай вайны (я жыву ў суседнім зь Сіліневічавым домам). На вокнах былі яшчэ тагачасныя шпінгалеты, некаторыя шыбы праселі з вулічнага боку, зрабіўшы шчыліны на сантымэтар-два. Выдатныя разьбяныя дзьверы задыхаліся ад мноства слаёў фарбы, якая здавалася іржой. Мала таго, на доме захаваліся вулічныя знакі часоў Сталіна і Пілсудзкага… У адказ на маю беларускую мову ўсе стараліся штосьці сказаць па-беларуску, і я адчуў сябе сярод сваіх.

Насупраць ляжаў глыбокі пэнсіянэр. На ранішнім аглядзе, распытваючы яго, прафэсар пачаў ужываць беларускія слова, прыняўшы, мабыць, за вясковага дзеда. Але ён быў гарадзкім. Ён нічога не чытаў, ня слухаў, заўсёды маўчаў, заплюшчыўшы звычайна вочы. Аказваецца, пастаянна ўслухоўваўся ў сябе. Аднойчы, калі больш нікога не было, ён загаварыў да мяне. Перш прызнаўся, што ня курыць і ня п’е, я пахваліў яго: так і трэба. Затым сказаў, што заўсёды адчувае, ноччу таксама, як уключаецца лядоўня (цераз праход ад яго), нагу быццам працінае токам. Напэўна ў вас вельмі наэлектрызаваны арганізм, зрабіў я здагадку, штосьці падобнае бывае.

Я ўсё жыцьцё ў органах, паведаміў стары… Я марудзіў з пытаньнем: у якіх? Хай сам скажа, раз пачаў… Спачатку салдатам ахоўваў зону. У Горкаўскай вобласьці. Калі часьць расфармавалі, перавялі ў Валагодзкую. Стаіш на вышцы: пражэктар, сабакі, сьнег і яліны, ноч. Ніхто ня ўцякаў? — удакладняю я. Не, ніхто. А навошта? Зловяць, дадуць больш. Служылі тады тры гады, але яго ператрымалі, не было замены. Юры Гагарын зьлятаў у космас, калі ён стаяў на вышцы, а неўзабаве наш дэмбель апынуўся ў горадзе над Нёманам, пайшоў у міліцыю.

І тут мяне чакала нібы самае цікавае. Я, гаворыць, усё жыцьцё правёў на вуліцы Савецкай, дзе сачыў за парадкам, «уся Савецкая была мая». А гэта ж самае сэрца Старога гораду, галоўная артэрыя, тысячы пешаходаў, дзе адбываліся ўсякія падзеі. Буйны сабор узарвалі, сталінскі бюст зьнялі аднойчы. Слана па вуліцы вадзілі. А ўзяць дэманстрацыю савецкіх хіпі, наперадзе певень не ланцужку! Не, ён нічога цікавага, незвычайнага ўспомніць ня можа. Ну, добра, а андропаўскія праверкі ва ўнівэрмазе, у кінатэатры? Кіно? Кіно ён любіў, і ўсё хадзіў сачыць там за парадкам: каб у натоўпе каля касаў не хуліганілі, ня кралі з кішэняў і каб падчас сэансу ўсё было спакойна, у кінатэатры ён любіў бываць.

Ну, няхай, а ці бывала, што ўсю міліцыю падымалі, калі нешта здарыцца? Не, такога ён ня памятае. Ну, а з турмы каля кінатэатру аднойчы ўцёкі былі? Ён глядзіць на мяне бяз выразу. Ну хоць бы ўзгадаў, як кілер забіў кіраўніка абласной улады, напрыклад. «ЧП» дай бог было!

Дый увогуле час быў каляровы, такое табе кіно пачалося! Над Савецкай узьвіліся бел-чырвона-белыя сьцягі, конная міліцыя паявілася, шнуравалі па вуліцы крышнаіты з тамбурынамі. Але што я кажу: на той час ён ужо быў «стралком ВОХР», дзяжурыў у дзяржбанку. Гэта выдатны, між іншым, прыклад канструктывізму польскага часу, помнік архітэктуры. Грошы мяняліся, брынялі нулямі, нулі касавалі, грашовая маса то перапаўняла банкаўскія сховішчы, то яе крыху ўтаймоўвалі. Незвычайныя часы! Але майму суседу толькі ўспамінаецца, што ў яго галава рэагавала тонка на сыгналізацыю. Калі заносілі жалезныя скрынкі з грашыма ў сховішча, ён прасіў яе адключыць часова, таму што павінен быў зайсьці і засьведчыць: што скрынкі на месцы. Усе зьдзіўляліся: мы нічога не адчуваем! А ён: там жа пакой перасякае нябачны электрапрамень (супраць рабаўнікоў), і ў яго заўсёды «ў вушах папісквае», калі не адключыць.

І так выйшла, што самым цікавым у доўгай міліцэйскай службе майго суседа для мяне аказаўся час, калі ён не на Савецкай служыў, а «кукурузьнікі» ў аэрапорце вартаваў за горадам. Але для яго гэта было страшна нуднай справай. Хоць самалёты прыкутыя ланцугамі (!), але ўсё роўна трэба абходзіць. Ноч, мароз пад сорак градусаў, усё замяло, а ты цягніся аглядаць тыя «кукурузьнікі». Ну, а вас лётчыкі ўзялі з сабой хоць раз? — цікаўлюся я. Не, я ніколі ў жыцьці не лятаў, адказвае, не давялося.

Ні разу не лятаў і ні разу не страляў у міліцэйскай патрэбе, нічога асаблівага не запомнілася, такі вынік службы на цікавай вуліцы і пры самых самалётах у аэрапорце. Гісторыя прайшла міма. І нічога больш тут не дадаць… Але ён зноў абазваўся. Амэрыканскія паліцыянты, гаворыць, трымалі радар пераносны ніжэй жывата, на дарогах хуткасьць кантралявалі. І сталі хварэць на рак яечак. Напраўду? — зьдзівіўся я. І тады радар паставілі на даху паліцэйскай машыны, а ў іх стаў выяўляцца рак правага вока. Выпраменьваньне, нездарова, патлумачыў ён: а кішэнны тэлефон у кожнага школьніка цяпер пры сабе. Перажывае чалавек, аказваецца, і за школьнікаў, і нават за амэрыканскіх копаў.

У яго самога мабілкі не было. І ня трэба. Навошта? Каб папісквала ў галаве? Чалавек засяроджаны на мінулых гадах, якія былі суцэльным начным дзяжурствам — то на вышцы, то ля прыкутых да бэтонкі самалётаў, то сярод сэйфаў, напоўненых зашмальцаванымі купюрамі. Доўгія дні, месяцы, гады, калі ты сам-насам са сваімі думкамі, у якіх кінакадры са статуяй рабочага і сялянкі перад тытрамі.

Ах, «Прыгоды Шурыка», ах «Брыльянтавая рука», якія былі часы! — уздыхае моўчкі былы міліцыянт і стралок ВОХР. З масфільмаўскімі ўрыўкамі ў галаве сёньня ўся былая савецкая краіна. Для заўзятых аматараў цяпер не пакладаючы рук майструюць рымэйкі таго «добрага савецкага кіно». Нярэдка прэсныя, нясьмешныя і даволі бяздарныя.

Аднойчы сусед склаў ложак. Адчыніў тумбачку і зьвяртаючыся да астатніх прамовіў: «Ну што: трэба браць манаткі і — дахаткі». Свой аказаўся, братка, слова лішняга ня скажа, бо не такі ж просты ён быў напэўна — усё жыцьцё «ў органах». Гісторыя прайшла міма, але ягоная гісторыя — «органы» і ВОХР.

XS
SM
MD
LG