Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не зьбіраецца праводзіць новыя перамовы ў Менску з сэпаратыстамі


Сэпаратысты не выконваюць умовы менскіх пагадненьняў, таму праводзіць новыя перамовы ў Менску няма сэнсу.

Пра гэта заявіў дарадца старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Маркіян Лубкіўскі, піша УНІАН.

«Менска-2 ня будзе. У нас ёсьць Менск-1 і тыя дамоўленасьці, якія трэба выконваць, якія Ўкраіна спраўна выконвае і не выконваюць тэрарысты», — сказаў ён у эфіры тэлеканалу «1+1».

У сваю чаргу амбасадар па асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба адзначыў, што ў МЗС гатовыя працягваць трохбаковы фармат перамоваў, але толькі ў частцы выкананьня ўмоў пакета дамоўленасьцей, якія падпісалі і абавязаліся выконваць баявікі і Расея.

Па словах Кулебы, сэпаратысты павінны аднавіць абмен палоннымі, прытрымлівацца рэжыму спыненьня агню і перадаць кантроль над украінска-расейскай мяжой вайскоўцам Украіны.

Між тым учора спэцпрадстаўнік кіраўніка самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін заявіў, што «паўза ў дзейнасьці менскай групы відавочна зацягнулася».

«Мы настойваем, што Менская група павінна сабрацца неадкладна з запрашэньнем прадстаўнікоў АБСЭ, Украіны і Расеі», — гаворыцца ў заяве Пушыліна, распаўсюджанай на сайтах сэпаратыстаў.

Ён адзначыў, што прадстаўнікі ДНР і ЛНР гатовыя ў найбліжэйшыя дні выехаць у Менск і прыступіць да працы.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык учора паведаміў Радыё Свабода, што як толькі ў МЗС будзе дакладная інфармацыя пра правядзеньне сустрэчы, яна неадкладна зьявіцца на сайце міністэрства. На момант апублікаваньня інфармацыі сайт МЗС Беларусі пра сустрэчу трохбаковай кантактнай групы ў Менску паведамленьняў не разьмяшчаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG