Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошніх палітычных падзеяў ва Ўкраіне ў сеціве час ад часу зьяўляюцца новыя зоркі і гіты. Гэтым разам жыхар беларускага горада Івацэвічы Яўген Літвіновіч запісаў рэп-кампазыцыю — своеасаблівы ліст са словамі крытыкі у бок Уладзіміра Пуціна. Песьня сабрала шмат камэнтароў і ўпадабаньняў у сацыянльных сетках.

Яўген Літвіновіч працуе аўтасьлесарам. Музыкай займаецца прыкладна год, для яго гэта хобі. Раней запісваліся разам зь сябрам, пісалі песьні аб моладзі.

«Былі песьні, з якімі нам забаранялі выступаць, іх лічылі залішне апазыцыйнымі», — распавядае Яўген.

Яўген Літвіновіч

Яўген Літвіновіч

Палітычную тэму ў сваёй творчасьці ён закрануў упершыню. Песьня да Пуціна была напісаная ў верасьні. Як прызнаецца сам Яўген, адбылося гэты пасьля чарговага парушэньня мірнага пляну прадстаўнікамі так званай Данецкай Народнай Рэспублікі.

«Музыку для сваёй песьні я ўзяў з Інтэрнэту, а вось словы мае, ад чыстага сэрца, але зь нянавісьцю да таго, што адбываецца ва Ўкраіне» — працягвае хлопец. «А наогул, у мяне проста накіпела, ад Майдану да сёньняшніх дзён».

У тэксьце песьні ніводнага разу не гучыць імя Ўладзіміра Пуціна, але тое, што сьпеў прысьвечаны яму, відавочна.

«Я, вядома, разумею, што песьня наўрад ці дойдзе да свайго адрасата, але такім чынам я выказваю тое, што маю на сэрцы. Можа, нехта і прыслухаецца да маіх слоў, зробіць для сябе высновы», — кажа музыка.

Напрыканцы гучаць лёзунгі: «Слава Ўкраіне!» і «Жыве Беларусь!»

Карына Навіцкая

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG