Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрывайце, мужыкі, да нядзелі», — сэпаратысты ў Данбасе рыхтуюць наступ


Калёна танкаў каля Шахцёрска Данецкай вобласьці.
Калёна танкаў каля Шахцёрска Данецкай вобласьці.

Ва Ўкраіне асьцерагаюцца, што ўзброеныя сэпаратысты і расейскія вайскоўцы ў Данбасе рыхтуюцца да маштабнага наступу на пазыцыі ўкраінскіх войскаў.

Зьяўляюцца непацьверджаныя паведамленьні, што наступ сэпаратыстаў і расейскіх войск у Данбасе можа пачацца ў нядзелю, 16 лістапада.

Ужо не першы дзень ўкраінскія вайскоўцы фіксуюць перасоўваньне расейскай ваеннай тэхнікі з маркіроўкай «ЛНР» і «ДНР», якія афіцыйны Кіеў лічыць тэрарыстычнымі арганізацыямі, да лініі разьмежаваньня на тэрыторыі Данбасу.

Інфармацыйна-аналітычны цэнтар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны паведамляе, што на мяжы з Расеяй знаходзяцца не менш за чатыры пункты перадачы тэхнікі, перакіданьня грузаў забесьпячэньня і асабістага складу для патрэб сэпаратыстаў.

Як сьцьвярджае ваенны экспэрт Дзьмітрый Тымчук, «засяроджваньне групоўкі расейскіх войскаў на Данбасе скончылася»:

«Фактычна інструмэнт для нарошчваньня інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў і рашэньня лякальных задач у зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі агрэсарам на сёньня створаны».

У апошняй справаздачы маніторынгавай місіі АБСЭ гаворыцца, што за тыдзень расейска-ўкраінскую мяжу перасекла рэкордная колькасьць людзей у вайсковай форме — не менш за 665 мужчын і жанчын у абодвух напрамках, у асноўным — у бок Украіны.

Паводле зьвестак місіі, 11 лістапада машына з надпісам «Груз-200» праехала з Расеі ва Ўкраіну і праз некалькі гадзін вярнулася назад.

Ваенны журналіст тэлеканалу «1+1» Андрэй Цапліенка, які знаходзіцца ў зоне канфлікту, напісаў у Facebook, што баевікі плянуюць маштабны наступ на пазыцыі ўкраінскіх рэгулярных войскаў на нядзелю 16 лістапада.

Цапліенка спасылаецца на тэлефонныя размовы байцоў АТА з камандзірамі баевікоў з падразьдзяленьняў «Кальміюс» і «Аплот». Украінскія вайскоўцы мелі размовы па тэлефоне з баявікамі ад імя затрыманых імі сэпаратыстаў на адным з блёкпастоў пад Валнавахай:

«Абодва камандзіры пацікавіліся, як справы на блёкпосьце, і скончылі размову прыкладна адной і той жа фразай: „Патрывайце, мужыкі, да нядзелі, у нядзелю наступ“, вы ж ведаеце загад, у нядзелю наступаем».

Завяршае свой пост Цапліенка так:

«Я рэпарцёр. Мая справа распавесьці тое, што бачыў і чуў. Гарантаваць наступ у нядзелю не магу. Па гарантыі зьвяртайцеся па адрасе: Масква. Крэмль».

Рух тэхнікі сэпаратыстаў і расейскага войска ў Данбасе.

У чаканьні верагоднага наступу ўкраінскія рэгулярныя войскі працягваюць умацоўваць пазыцыі, імі створаны тры лініі абароны.

Гарачымі кропкамі на Данбасе ў выпадку наступленьня сэпаратыстаў і расейскіх войскаў могуць стаць Марыюпаль, Дэбальцэва і Шчасьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG