Малдова атрымала «зялёнае сьвятло» Эўрапейскага парлямэнту для асацыяцыі і эканамічнага адзінства з Эўразьвязам, паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Віталь Ярэміца.
Пагадненьне, якое дае дарогу збліжэньню Кішынёва і Эўразьвязу, было ратыфікаванае пераважнай большасьцю галасоў — 529 эўрадэпутатаў. Апрача таго яно суправаджалася дадатковай рэзалюцыяй, якая зьмяшчае дакладны намёк на магчымае будучае сяброўства Малдовы ў Эўразьвязе: падпісаньне і ратыфікацыя гэтага дакумэнту «не зьяўляецца канчатковай мэтай адносін Малдова — Эўразьвяз».
Асацыяцыя Эўразьвязу і Малдовы, як асацыяцыя ЭЗ з Украінай ды Грузіяй, — гэта перашкода калянізатарскім жаданьням Расеі, адзначалі многія дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту.
Эўракамісар па пытаньні пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёханэс Хан адзначыў, што да таго, як грамадзяне Малдовы пяройдуць на эўрапейскія стандарты жыцьця, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць:
«Карупцыя павінна быць пераможаная, сыстэмы правасудзьдзя і законапаслушэнства маюць патрэбу ў мадэрнізацыі, а дзелавы і інвэстыцыйны клімат павінен быць палепшаны. Толькі гэтыя ключавыя рэформы дазволяць Малдове раскрыць увесь яе эканамічны патэнцыял».
Зрэшты, і «расейскі голас» гучаў у сэсійнай зале, — так ахарактарызаваў выступы некаторых дэпутатаў левых і нацыяналістычных партый адзін з польскіх парлямэнтарыяў. Прадстаўнік так званых «сяброў Пуціна» Стыў Брыос, француз ад «Нацыянальнага фронту», зрабіў заяву, што выклікала аплядысмэнты аднапартыйцаў і іншых дэпутатаў-эўраскептыкаў:
«Адкрыцьцё ЭЗ Малдове — вельмі трагічны прыклад. Гэтая нацыя ўжо скарысталася нашай шчодрасьцю на больш за мільярд эўра. Вы штодня жаліцеся на Расею ў парушэньні правоў чалавека, а Малдова, якой вы па-анёльскі падаеце інтэграцыю, адна з першых краін, дзе квітнее гандаль людзьмі».
Між тым, старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц выказаў перакананьне, што гэтае, як ён кажа, «гістарычнае пагадненьне» зьяўляецца станоўчым сыгналам на фоне пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай ва ўсходнім рэгіёне Эўропы.
Ігар Корман, старшыня малдаўскага парлямэнта, які таксама прысутнічаў на падзеі ў Брусэлі, адзначыў:
«З часу незалежнасьці Малдовы, гэта найважнейшая пагадненьне. І безумоўна, важна прыняць да ўвагі, што Пагадненьне аб асацыяцыі зусім не нацэленае супраць кагосьці. Яно прынятае выключна ў інтарэсах Малдовы і яе грамадзян».