Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібарг»: Абаронцам Данецкага аэрапорту адступаць няма куды


Сяргей Галян, абаронца Данецкага аэрапорту.
Сяргей Галян, абаронца Данецкага аэрапорту.

Бацька ўкраінскага салдата, абаронцы Данецкага аэрапорту, служыць афіцэрам у расейскім войску.

22-гадовы жыхар Чаркасаў, студэнт-перакладчык Сяргей Галян, у складзе 95-й аэрамабільнай брыгады на працягу дзевяці дзён абараняў Данецкі аэрапорт. Пра тое, што сын абараняе разбураны сэпаратыстамі аэрапорт, мама Сяргея даведалася з інтэрнэту. А вось бацька хлопца, палкоўнік расейскай арміі, ад пачатку ведаў, дзе яго сын.

Галян: Тое, што адбываецца ў Данецкам аэрапорце, словамі не перадаць. Гэта зусім іншы сьвет. Я туды прыехаў неабстраляны. І там я ўбачыў, як па табе страляюць з усіх відаў зброі: з гранатамётаў, з кулямётаў, з мінамётаў, і «Грады» былі. Але самае страшнае, мабыць, гэта танкі. Таксама вельмі страшна прыехаць у сам аэрапорт на тэхніцы. Таму што дарогу цалкам прастрэльваюць, там хлопцы ў поўным атачэньні. Два будынкі былі пад нашым кантролем. Калі я прыехаў, у новым тэрмінале першы паверх быў наш, другі наш, а на трэцім былі сэпаратысты. Я і так быў у шоку ад агульнай абстаноўкі. А калі даведаўся, што над намі і пад намі ў падвалах — вораг, і вакол будынка ў іх пазыцыі, усё прастрэльваецца снайпэрамі...

Маральна вельмі цяжка зразумець, што адступаць няма куды. Калі, не дай Бог, усё пойдзе паводле найгоршага сцэнару, адступіць ты ня зможаш. Ты выйдзеш за межы будынка і цябе адразу «здыме» снайпэр. Там усё разумеюць, што трэба стаяць да апошняга патрона. Таму што ніхто з табой ня будзе цырымоніцца. І праз гэты тупік разумееш, што трэба стаяць па максымуму. Прывыкаеш да абстрэлаў, да куль над галавой. Яны становяцца звычайнымі.

РС: Але як да гэтага можна прывыкнуць?

Галян: Мы выконваем заданьні, мы выконваем загады. Каб ня зьехаць з глузду, нам хлопец адзін, якога мы замянялі, параіў ня проста сядзець, а жыць гэтым. Схадзіць зрабіць гарбаты, пайсьці нешта даведацца, дзе-небуць патроны паднесьці. Гэтым трэба жыць. Інакш, калі ты проста будзеш сядзець і накручваць думкі, калі цябе цалкам ахопіць страх, гэта дабром ня скончыцца. Таму паспрабавалі ўліцца ў гэтую атмасфэру, трымалі пазыцыі, выконвалі заданьні, падтрымлівалі адзін аднаго.

РС: Ці ёсьць у той будоўлі, якая засталася ад Данецкага аэрапорту, памяшканьні або куткі, дзе можна схавацца ад абстрэлаў?

Сяргей Галян у Данецкім аэрапорце.
Сяргей Галян у Данецкім аэрапорце.

Галян: Па табе б’юць танкавыя снарады, а ты проста павінен прыціскаецца да падлогі, таму што няма прыкрыцьця, таму што вакол гіпсакардон. Мы былі ў мытным аддзеле аэрапорту, дзе былі канвэеры, якія перасоўвалі сумкі. Гэтыя канвэеры — мэталічная канструкцыя памерам да пояса. Вось пад ёй можна схавацца. Гэта адзінае, што цябе ратуе — гэтыя тры мілімэтры мэталу ўздоўж канвэера. Таму мы ляжым, сьпім, нясем службу і адпачываем — усё на гэтым прамежку.

РС: Абаронцаў Данецкага аэрапорту называюць «кібаргамі». Як думаеце, чаму?

Галян: Калі я яшчэ і ня думаў, што траплю ў аэрапорт, мы перажывалі за хлопцаў, глядзелі тэлевізар, і я тады ўпершыню пачуў пра «кібаргаў». Калі ўжо апынуўся там, я зразумеў, што калі за дзевяць дзён ты толькі жывеш на адрэналіне... Я харчаваўся, напэўна, раз на суткі. І не таму, што там часта абстрэлы. Проста ня хочацца: раз паеў, папіў гарбаты з вялікай колькасьцю цукру. Там усе на адрэналіне, я схуднеў на шэсьць кіляграмаў за гэтыя дзевяць дзён. Сну, як такога, таксама няма. І ты разумееш, што твой арганізм за гэтыя дзевяць дзён на такім зносе. Але ты пры гэтым нармальна думаеш, ты ваюеш, ты перацягваюць якіясьці скрыні са снарадамі. Вось тады я зразумеў, чаму «кібаргі».

РС: На вашых вачах паміралі людзі?

Галян: Так, якраз цягам тых дзевяці дзён. Да гэтага, можа, Бог ратаваў ад такіх сытуацый. Колькі разоў і ў канвоях былі, але ўсё было спакойна. Там ты разумееш, што жыцьцё, як кажуць, вартае паўкапейкі. Вось гэта сапраўды страшна. Звычайнаму чалавеку гэта не зразумець, я гэтага не разумеў. Быццам ты расьцеш, заканчваеш школу, унівэрсытэт, праца. Павінен нарадзіць дзяцей, пабудаваць дом, зарабіць на пэнсію. А на самай справе жыцьцё чалавека — гэта нішто. Асабліва, калі людзі з аўтаматамі і за імі няма закону. Яны што хочуць, тое і робяць. Хтосьці не спадабаўся, то прасьцей праблему прыбраць — і няма чалавека. Вось гэта вельмі страшна.

РС: А хто за вас перажываў у Чаркасах?

Галян: Перажывалі з унівэрсытэту выкладчыкі, вельмі моцна перажывалі сябры. Мама ня ведала. Яна думала, што я ў Жытоміры ўвесь час. Я казаў, што нас мабілізавалі, што мы сядзім у частцы. Калі ехаў у аэрапорт, сказаў, што еду на палігон, адказаць не змагу, буду без тэлефона, але ўсё нармальна. А потым літаральна за тры дні да водпуску яна пазнала мяне па фатаграфіі. Карэспандэнт Сяргей Лойка прыяжджаў фатаграфаваў. І яна ўбачыла яго фотаздымак, дзе я ў аэрапорце. Мама, вядома, была шакаваная. Але, дзякуй Богу, нам праз тры дні раптам далі адпачынак. І я прыехаў зь вялікім букетам: «Мама, я жывы, я цэлы, я на месцы».

РС: Ваша інтэрвію Сяргею Лойку, апублікаванае ў артыкуле пра абаронцаў Данецкага аэрапорту, аказалася на першай паласе газэты The Los Angeles Times.

Галян: Так, мы зь ім размаўлялі. Я таксама цікавіўся журналістыкай, таму раз распытаў у яго пра гэта нялёгкая справа. А ён у мяне узяў інтэрвію: яго зацікавіла, што мой бацька жыве ў Расеі і служыць ва Ўзброеных Сілах Расейскай Фэдэрацыі.

РС: А ваш бацька цяпер ваюе супраць Украіны?

Галян: Не, ён зараз не ваюе, ён на базе. Таксама, вядома, гэта настолькі дзіка, недарэчна. У многіх жа столькі сваякоў на тым баку. Крыўдна, што людзі настолькі паддаюцца прапагандзе. Можна ж браць навіны зь іншых крыніц, і можна ацэньваць інфармацыю адэкватна.

РС: Вы зь ім падтрымліваеце зносіны?

Галян: Так, у нас зносіны на такім узроўні, што ён перажывае за мяне, ён ведае, дзе я, і пытаецца, як я — жывы здаровы, не хварэю? Пра канфлікт мы не гаворым.

РС: Па сутнасьці, вы з бацькам змагаецеся па розныя бакі?

Галян: Па сутнасьці, так. Неафіцыйна. Але я думаю, што калі б бацька нават і атрымаў загад, ён не пайшоў у гэтую «камандзіроўку», як яны гэта называюць.

Цалкам інтэрвію апублікаванае на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG