Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе Ладуцька ў Пэкін?


Мікалай Ладуцька, архіўнае фота

Мікалай Ладуцька, архіўнае фота

Сёньня ў сталіцы Пакістану будзе адкрытая амбасада Беларусі. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Ён сказаў, што жаданьне адкрыць дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі ў гэтай краіне, якая зьяўляецца шостай у сьвеце па насельніцтве, было яшчэ з канца дзевяностых гадоў.

Беларусь разглядае Пакістан як вялікі рынак, куды можна найперш прадаваць калійныя ўгнаеньні, хімічную і нафтахімічную прадукцыю.

Амбасадарам Беларусі ў Пакістане прызначаны кадравы дыплямат Андрэй Ермаловіч.

На пытаньне Свабоды, дзе яшчэ сёлета Беларусь адкрыла свае амбасады, Дзьмітры Мірончык назваў такія краіны: Аўстралія, Эквадор, Манголія, Катар.

«Плян адкрыцьця дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі на ўзроўні амбасадаў на 2014 год ужо выкананы», — падкрэсьліў Дзьмітры Мірончык.

На пытаньне Свабоды, наколькі праўдзівая інфармацыя пра тое, што былога старшыню Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцьку маюць намер накіраваць амбасадарам у Кітай, афіцыйны прадстаўнік МЗС адказаў, што зьнешнепалітычнае ведамства не камэнтуе такія пытаньні. «Указ аб прызначэньні амбасадара Беларусі ў замежную краіну падпісвае наш прэзыдэнт. Апошняе слова — за ім. Таму МЗС ніколі не камэнтуе магчымыя прызначэньні» — падкрэсьліў Дзьмітры Мірончык.

З чэрвеня 2011 году амбасаду Беларусі ў Кітаі ачольвае Віктар Бура, які раней працаваў віцэ-прэм’ерам. Цікава, што на пасаду намесьніка старшыні ўраду ён прыйшоў зь Менскага гарвыканкаму, дзе працаваў намесьнікам старшыні.

XS
SM
MD
LG