Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус: Ахлабысьцін — маральны вырадак


Іван Ахлабысьцін, архіўнае фота

Іван Ахлабысьцін, архіўнае фота

Сёньня ў канцэртнай залі «Менск» распачынаецца канцэртнае турнэ Івана Ахлабысьціна па Беларусі. З творчай праграмай «Духоўныя гутаркі. Працяг» расейскі артыст наведае таксама Горадню, Гомель і Магілёў.

Ахлабысьцін вядомы скандаламі, якія пэрыядычна правакуе вакол сваёй асобы. То закліча спальваць геяў у печках, то заявіць пра прэзыдэнцкія амбіцыі. Падчас расейска-ўкраінскага канфлікту Ахлабысьцін заняў выразна прапуцінскую пазыцыю і стаў прыкметным зьвяном дзяржаўнай расейскай прапаганды. А для звычайных расейцаў, якія знаходзяцца пад яе ўплывам, Ахлабысьцін — адзін з ідэолягаў «русского мира».

Перад паездкай у Беларусь Іван Ахлабысьцін так выказаўся ў сацыяльнай сетцы Інстаграм: «Перанесьці Стаўку ў Магілёў?! А што? Думка элегантная! Не мая, але вельмі нават... Як гаворыцца: дзе скончылі, адтуль і пачнём. Вырашана! На пасашок і ў Менск!»

Творчыя сустрэчы зладжаныя канцэртнай агенцыяй «Шаблі», якая ладзіць фэсты на аднайменным хутары ў Валожынскім раёне, а таксама арганізуе ў Вільні канцэрты забароненых у Беларусі музыкаў.

Тым, што агенцыя «Шаблі» правязе па Беларусі Івана Ахлабысьціна, зьдзіўлены галоўны рэдактар часопіса «Монолог» Аляксей Андрэеў, які лічыць, што прыезд гэтай адыёзнай пэрсоны ў Беларусь — недарэчнасьць, якая можа спрацаваць як правакацыя:

«Мне складана зразумець, чым Валодзя (Уладзімер Шаблінскі — уладальнік канцэртнай агенцыі „Шаблі“ — Р.С.) кіраваўся, калі думаў пра гэтую канцэртную акцыю. Мне здаецца, што яна вельмі недарэчная. Іван Ахлабысьцін — чалавек абсалютна адыёзны. І ў такі няпросты час прысутнасьць у Беларусі такога чалавека можа быць вельмі правакатыўнай. Ня дай Бог. Мне здаецца, што з пункту гледжаньня нейкай правакацыі гэта непрыгожа. Незразумела, навошта гэта было патрэбна. Усё, што да гэтага рабілася ў „Шаблях“, — гэта прыгожа, радасна, на карысьць Беларусі і беларускаму мастацтву».

Паэт і мастак Адам Глобус ня лічыць прыезд Івана Ахлабысьціна важнай падзеяй культурнага жыцьця Беларусі — 99 працэнтаў прыежджых з Расеі артыстаў нічым ад яго не адрозьніваюцца.

Адам Глёбус

Адам Глёбус

«Ці гэта падзея ў нашым культурным жыцьці? Ці на гэтай падзеі можна нешта выбудаваць? 99 працэнтаў артыстаў, якія прыяжджаюць з Расеі ў Беларусь, — такія ж. У Палацы Рэспублікі ня выступіла ніводнай беларускай рок-каманды. Ні разу з таго часу, як пабудавалі гэты палац, ніводная беларуская рок-каманда там ня выступіла. А вы мне кажаце, што прыяжджае Ахлабысьцін. Ды Бог зь ім, з Ахлабысьціным у нейкай КЗ „Менск“. Хто гэтую „казу“ ведае? У Палацы Рэспублікі не выступаюць беларускія артысты. Але кожны дзень там то Цой, то Nautilus Pоmpilius, то Гарык Сукачоў. А вы мне пра нейкага Ахлабысьціна расказваеце. Ахлабысьцін — гэта марыянэтка, ніхто, нікчэмнасьць. Будзе ён ці ня будзе. З зубамі ён ці без зубоў. Налыса пастрыжаны ці не. Гэта ж блазан».

Сёньня Ахлабысьцін прыяжджае, заўтра пра Дугіна ў мяне будзеце пытацца. Пра Лімонава

На думку Адама Глобуса, тое, што па Менску езьдзіць Уладзімер Пуцін і пачуваецца тут як гаспадар, — нашмат больш абуральны факт, чым прыезд на гастролі Івана Ахлабысьціна:

«Ён вырадак. Маральны вырадак. Вас зьдзіўляе, што яго канцэртная агенцыя „Шаблі“ прывозіць? Увогуле, гэта супэрбеларуская назва — „Шаблі“. Яны вас запрашалі, ці мяне запрашалі? Ды я ўпэўнены, што вас не запрашалі. І мяне не запрашалі. І тых, хто сьпяваў мае песьні, яны не запрашалі. Вы абураныя Ахлабысьціным? Што тут сказаць... Мы ў акупацыйным рэжыме жывем. Ясна, што яны тут як дома. Сёньня Ахлабысьцін прыяжджае, заўтра пра Дугіна ў мяне будзеце пытацца. Пра Лімонава. Такіх жа шмат ёсьць».

Тым часам у канцэртнай агенцыі «Шаблі» не камэнтуюць гастролі Івана Ахлабысьціна, спасылаючыся на тое, што адказны за канцэрты чалавек — Ірына Казакова — цяпер знаходзіцца ў Расеі.​

Іван Ахлабысьцін — расейскі актор, рэжысэр і сцэнарыст. Акторскую кар’еру распачаў у 1983 годзе, з таго часу зьняўся ў паўсотні фільмаў і сэрыялаў. Адна з самых вядомых ягоных роляў — доктар Андрэй Быкаў у камэдыйным сэрыяле «Інтэрны».

Іван Ахлабысьцін у ролі блазна ў фільме «Цар»

Іван Ахлабысьцін у ролі блазна ў фільме «Цар»

Ахлабысьцін уганараваны шэрагам расейскіх кінапрэміяў. У прыватнасьці, як актор — за ролю ў фільме «Нага», як рэжысэр — за фільм «Разбуральнік хваляў», як сцэнарыст — за фільм «ДМБ».

У 2001 годзе атрымаў ад Пуціна імянны залаты гадзіньнік «За заслугі перад Айчынай».

У 2012 годзе Іван Ахлабысьцін быў уганараваны ўкраінскай прэміяй «Тэлезорка» ў намінацыі «Любімы актор», за два гады да гэтага ён стаў ляўрэатам гэтай жа прэміі ў намінацыі «Актор году».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG