Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова і адметнасьць зрабіліся знакам моды», — Аляксей Кароль


Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

У Беларусі пашыраецца колькасьць беларускіх моўных курсаў, заснаваных самымі рознымі недзяржаўнымі структурамі і асобнымі энтузіястамі. Чым адметны гэты працэс і пра што ён сьведчыць? Як варта ставіцца да таго, што цяперашняя ўлада гатовая пайсьці на пэўныя крокі ў справе беларусізацыі? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

— 12 лістапада адбыліся першыя заняткі моўнага клюбу «МоваTUT». Заняткі арганізоўвае Tut.by сумесна зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам. Як можна ацаніць гэтую зьяву апошніх месяцаў, калі зьяўляюцца ўсё новыя моўныя курсы?

— Гэта вынік дзьвюх тэндэнцыяў. Першая — як ні парадаксальна, а хутчэй заканамерна — упартая дысыдэнцкая праца дае свой вынік. Тое, што рабілі гэтыя гады актывісты, якія выступалі за беларускую мову, баранілі маленькія пляцдармы беларускай мовы, — яны дамагліся выніку. Якаснага выніку, калі беларуская мова і беларускія адметнасьці (напрыклад, вышыванка) зрабіліся знакам моды.

Другая тэндэнцыя супала з палітычнай неабходнасьцю той жа ўлады ў тым жа аўтарытарным фармаце, якая мусіць перайсьці ад інтэграцыйнай рыторыкі савецкага часу да рыторыкі незалежніцкай. І ня толькі рыторыкі, але і канкрэтных крокаў.

— Як варта ставіцца да таго, што цяперашняя ўлада гатовая пайсьці на пэўныя крокі ў справе беларусізацыі? Ці варта гэтым скарыстацца як мага хутчэй, бо ўлада можа і зьмяніць свае намеры ў залежнасьці ад палітычнай сытуацыі?

— Абавязкова трэба імкнуцца, трэба сьпяшацца, фарсіраваць гэты працэс, наколькі гэта магчыма. Але зь іншага боку, і не затармазіць гэты працэс сваёй празьмернай актыўнасьцю. Бо сапраўды, гэтая тэндэнцыя з боку ўлады можа быць кароткатэрміновай, і трэба закласьці ў падмурак найбольшую колькасьць камянёў.

Па-другое, спыненьне гэтага працэсу можа адбыцца пад зьнешнім ціскам, калі «старэйшы брат» убачыць тут небясьпеку і «пагрозу» расейскамоўным у Беларусі.

— Тое, што арганізатарамі моўных курсаў зьяўляюцца ўжо ня толькі «дысыдэнты», як вы іх назвалі, але і неапазыцыйныя структуры — ці зьяўляецца гэта добрым знакам?

— Гэта добры знак для справы сьцьвярджэньня і пашырэньня тэрыторыі беларускай мовы. А ў сэнсе зьмены палітыкі гэта вельмі адносна, і можа зьмяніцца ў любы час, пра што мы ўжо казалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG