Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная таямніца загінулых расейскіх дэсантнікаў


Сьвежая магіла на могілках у Выбутах, Пскоўская вобласьць, 27 жніўня 2014
Сьвежая магіла на могілках у Выбутах, Пскоўская вобласьць, 27 жніўня 2014

Канстытуцыйны суд Расеі пастанавіў, што сьледчыя органы ня маюць права хаваць зьвесткі пра загінулых расейцаў пад падставай захаваньня дзяржаўнай таямніцы.

На сайце суду апублікавана прынятая яшчэ 6 лістапада пастанова па справе аб праверцы канстытуцыйнасьці артыкулу 21 і артыкулу 211 расейскага Закону «Аб дзяржаўнай таямніцы» ў сувязі са скаргай грамадзяніна Алега Лапцева.

Рашэньне суду тэарэтычна можа дапамагчы сваякам расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на ўсходзе Ўкраіны ва ўмовах, калі ўлады Расеі зусім адмаўляюць, што накіроўваюць войскі на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Між тым сама справа, якая разглядаецца ў Канстытуцыйным судзе Расеі, да падзеяў ва Ўкраіне ніякага дачыненьня ня мае.

Пастанова Канстытуцыйнага суду было прынятая пасьля заявы Алега Лапцева. Яго роднага брата — супрацоўніка міліцыі — у 2011 годзе западозрылі ў згвалтаваньні. А празь некалькі дзён яго знайшлі павешаным у ізалятары часовага ўтрыманьня аднаго з аддзяленьняў паліцыі Ёшкар-Алы. Праваахоўныя органы неаднаразова праводзілі праверкі, але адмаўляліся пачынаць крымінальную справу, спасылаючыся на дзяржаўную таямніцу. Таму Алег Лапцеў і аспрэчыў у КС некалькі артыкулаў закону «Аб дзяржаўнай таямніцы».

Ці можа пастанова Канстытуцыйнага суду распаўсюджвацца і на справы расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне, зьвесткі аб якіх хавае Міністэрства абароны Расеі? Ці могуць улады цяпер, пад падставай захаваньня дзяржаўнай таямніцы, адмаўляцца даваць інфармацыю аб загінулых або параненых расейскіх вайскоўцах ва Ўкраіне ці ў іншых «гарачых кропках»?

Старшыня праваабарончай арганізацыі «Салдацкія маці Санкт-Пецярбургу» Эла Палякова ўспрыняла вестку аб рашэньні Канстытуцыйнага суду з надзеяй:

— Гэта вельмі нядрэннае рашэньне КС, якое пацьвярджае, што сыстэма абароны правоў чалавека ў Расеі дзейнічае. Але гэты мэханізм трэба адпрацоўваць. У гэтым рашэньні КС, якое мяне, у прынцыпе, радуе, ёсьць і некаторыя недахопы. Напрыклад, не пазначаныя праваабарончыя арганізацыі, якія абараняюць ў Расеі правы чалавека. Там ёсьць моманты, якія бянтэжаць. Але ў галоўным — гэта добрае рашэньне.

— Вы зусім нядаўна зьвярталіся ў Міністэрства абароны і ў Галоўную вайсковую пракуратуру з просьбай прадставіць вам дадзеныя пра параненых і загінулых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў. Вам адказалі, што пакуль зь Міністэрства абароны дадзеныя даць адмовіліся і ў адказе спаслаліся на «мэдычную таямніцу». Цяпер, пасьля пастановы Канстытуцыйнага суду, вы разьлічваеце на атрыманьне неабходнай інфармацыі?

— Так, я лічу, што менавіта гэтае рашэньне КС і дапаможа нам атрымаць такую інфармацыю. Таму што мы гаворым пра галоўнае: пра жыцьцё і сьмерць чалавека. Пра жыцьцё грамадзян Расеі. І калі ўчыняецца нейкае злачынства, замах на жыцьцё і здароўе грамадзянаў, то расьсьледаваньне гэтага мусіць быць галосным і доказным. І службовыя асобы ў такой сытуацыі павінны абараняць правы чалавека, а не хаваць праўду.

Праваабаронца, дэпутат Пскоўскага абласнога сходу Леў Шлосбэрг перакананы, што пастанова Канстытуцыйнага суду ня мае ніякага дачыненьня да падзей ва Ўкраіне:

— Гісторыя, на падставе якой прымае рашэньне КС, можа быць гадавой даўніны. Ніякай сувязі з украінскай гісторыяй гэтае рашэньне само па сабе ня мае. КС ня можа прымаць рашэньні ў дачыненьні да аднаго чалавека. Ён прымае рашэньні па норме права. Гэта не Вярхоўны суд, ён не разглядае судовыя неспадзяванкі. Ён разглядае толькі аспэкты нарматворчасьці: адпавядае закон Канстытуцыі ці не адпавядае? І нічога больш. Але яго рашэньне можа адбіцца на людзях, якія зараз страцілі сваіх блізкіх ва Ўкраіне.

10 лістапада Леў Шлосбэрг атрымаў адказ на свой запыт у Галоўную вайсковую пракуратуру РФ, прадстаўнікі якой адмовіліся адказваць на яго пытаньні, спасылаючыся як раз на закон «Аб дзяржаўнай таямніцы». У сваім запыце дэпутат прасіў праверыць інфармацыю аб 12 загінулых вайскоўцах, высьветліць, на падставе якіх загадаў яны пакінулі месца пастаяннай дысьлякацыі, у якіх геаграфічных пунктах і пры якіх абставінах загінулі:

— Я лічу, што адказ з Галоўнай вайсковай пракуратуры, нягледзячы на яго, скажам так, значную сьцісласьць, зьяўляецца важным дакумэнтам у нашых спробах высьветліць абставіны гібелі расейскіх вайскоўцаў летам і восеньню 2014 года. Мы мяркуем, што яны загінулі на тэрыторыі Ўкраіны ў часе незаконных баявых дзеяньняў, выконваючы загад камандаваньня. У нас няма ніякага жаданьня абвінаваціць у чым-небудзь пэўным людзей, якія загінулі. Мы лічым, што ім былі аддадзены злачынныя загады, і ў сілу тых ці іншых абставінаў яны не змаглі ўхіліцца ад іх выкананьня. Адказ Галоўнай вайсковай пракуратуры на мае восем пытаньняў заключае ў сабе, вобразна кажучы, адказ на паўтара пытаньня. Галоўная вайсковая пракуратура пацьвердзіла, што сем’ям загінулых выплачваецца сацыяльная дапамога. Але пры гэтым Галоўная вайсковая пракуратура пацьвердзіла факт гібелі гэтых людзей. Пракуратура пацьвярджае той факт, што яны загінулі за межамі месцаў пастаянна дысьлякацыі іх частак, па-за Пскоўскай вобласьцю. На пытаньні пра тое, хто загадаў, якім чынам загадаў, куды былі перамешчаныя гэтыя людзі, дзе яны загінулі, пры якіх абставінах — на ўсе гэтыя пытаньні пракуратура не адказала. Я лічу, што ў тых умовах, у якіх працуюць расейскія праваахоўныя органы, у тым ліку Галоўная вайсковая пракуратура, гэты адказ утрымлівае максымум інфармацыі, якую маглі паведаміць.

Я ўпэўнены, што і Канстытуцыя, і законы РФ былі парушаныя. У тых, хто аддаваў гэтыя загады ёсьць імёны, прозьвішчы і імёны па бацьку. Званьні і пасады. Рана ці позна яны стануць вядомыя і стануць прадметам сьледзтва і судовага разбору. Колькі часу спатрэбіцца чакаць гэтага суду — ніхто сёньня не скажа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG