Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарада па эканамічных пытаньнях, якую шмат разоў адкладалі, нарэшце адбылася. Калі хто думаў, што на ёй адбудзецца сур’ёзны аналіз стану эканомікі —дык памыліўся. Яна прайшла ў звычайным жанры. Трохі пра посьпехі, больш пра недахопы, жорсткія патрабаваньні прэзыдэнта выправіць хібы. Гаворачы бюракратычнай моваю, мерапрыемства сьпіхнулі.

Але з таго, што было абнародавана, можна паспрабаваць зрабіць некаторыя высновы. Найперш трэба адзначыць, што хваліцца беларускаму кіраўніцтву асабліва няма чым. Пра дрэнны стан эканомікі апавядаў сам Лукашэнка.

Прэзыдэнт зноў зьвярнуўся да тэмы мадэрнізацыі і прызнаў яе невысокую эфэктыўнасьць, казаў пра шматлікія факты правалаў у дрэваапрацоўцы, лёгкай і цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і іншых галінах. «Пра гэта мы неаднаразова казалі, але значных зрухаў пакуль няма... Гэта, калі хочаце, стратэгічны пралік!» — вынес прысуд Лукашэнка.

Правалена задача ня толькі мадэрнізацыі, але і дывэрсыфікацыі экспарту: «Кожны год гаворым пра дывэрсыфікацыю, а экспартныя патокі па-ранейшаму сканцэнтраваныя на традыцыйных рынках, перш за ўсё Расеі, Украіны і Казахстану», — канстатаваў Лукашэнка.

Хоць і ёсьць невялічкі рост валавых паказчыкаў, аднак старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Л. Анфімаў расказаў, за кошт чаго гэта дасягнута:

«Станоўчы вынік атрыманы толькі дзякуючы таму, што эканоміку разагналі на выпуск незапатрабаванай прадукцыі і непатрэбных паслуг. Калі па-простаму, то „закапалі“ ў зямлю, па самых сьціплых падліках, больш за 1 мільярд даляраў».

«Банкаўская сыстэма стала свайго роду МММ», — працягваў выкрываць галоўны кантралёр краіны. Мусіць, маючы на ўвазе высокія працэнтныя стаўкі банкаўскіх дэпазытаў, для падтрыманьня якіх трэба прыцягваць усё новыя грошы кліентаў.

Самая вялікая сэнсацыя палягае ў тым, што ў наступным, перадвыбарчым годзе ня будзе «раздачы сланоў». Падвышэньне заробкаў пад выбары было абавязковай умовай, сьвятой справай. А цяпер усё памянялася. «Нягледзячы на тое, што 2015-ты — палітычны год, будзем зыходзіць з рэаліяў, — запатрабаваў прэзыдэнт. — Нам галоўнае — захаваць той узровень, які ёсьць на сёньняшні дзень. Ніякіх абяцаньняў пад выбары, ніякіх выплат пад выбары быць не павінна!» Як кажуць у народзе, не да жыру... Гаворка не пра рост, а пра тое, каб хоць «захаваць той узровень, які ёсьць на сёньняшні дзень».

Некаторыя мэдыі ўжо далі загаловак: «Павышэньня цэнаў на бэнзін ня будзе». Але гэта няправільная інтэрпрэтацыя заявы Лукашэнкі. Цана на бэнзін прывязаная да даляра, і яна будзе расьці разам з ростам курсу амэрыканскай валюты. Але НПЗ патрабавалі падвышэньня цэнаў яшчэ на 10% звыш гэтага. І прэзыдэнт тут стаў рашуча на абарону народу і адрынуў прапанову. У выніку цэны на паліва будуць расьці ўсьлед за тэмпамі дэвальвацыі, і ня больш за тое.

Яшчэ адзін штрых да агульнай карціны. «Ніякіх новых аб’ектаў сацыяльна-культурнага і іншага прызначэньня быць не павінна!» — загадаў кіраўнік дзяржавы. Бо няма грошай.

І галоўная выснова, прысуд. «Улічваючы, што правалены гэты год, дзе гарантыя, што будзе выкананы будучы год? Пытаньне ўжо ў мяне недаверу да таго, што вы кажаце. У цэлым недаверу да ўраду», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Якія ж захады плянуе зрабіць кіраўніцтва, каб хоць неяк утрымаць сытуацыю пад кантролем? Яны немудрагелістыя. Найперш, плянуецца яшчэ больш падвысіць адказнасьць кіраўнікоў. З 1 студзеня павінен пачаць дзейнічаць новы дэкрэт, «які дае выключныя правы кіраўнікам прадпрыемстваў і ўсёй вэртыкалі ўлады і прадугледжвае іх вельмі строгую адказнасьць».

Другі пункт: адабраць і падзяліць. Забіраць будуць у банкаў, якія, на думку Лукашэнкі, жыруюць. «Усіх падстрыгчы пад адзін грабянец, — запатрабаваў прэзыдэнт. — І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім... Прытым ня гледзячы ні на беларускія банкі, ні на расейскія, ні на замежныя — усіх падстрыгчы пад адзін грабянец». А мы гадаем, чаму не ідзе ў краіну замежны капітал.

Затым прапанавана яшчэ больш абмежаваць доступ у краіну замежных тавараў. Гэтаму даручэньню спадарожнічала вельмі паказальная рэпліка Лукашэнкі: «Ніякіх спасылак быць не павінна, што ў нас абавязаньні ў Мытным саюзе, Эўразійскім саюзе і гэтак далей. Свой таваравытворца павінен быць абаронены». То бок усе гэтыя падпісаныя дакумэнты пра стварэньне новага эканамічнага саюзу, спрэчкі вакол ратыфікацыі, афіцыёзныя развагі пра вялізарныя пэрспэктывы гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня, да якога, маўляў, імкнуцца далучыцца іншыя дзяржавы, — ня больш як прапагандысцкае трызьненьне.

І як выснова з нарады — абяцаньне Лукашэнкі «сфармаваць да пачатку году баяздольны склад ураду». Наўрад ці зьмены будуць радыкальныя. Бо ў перадвыбарчы год ня варта разбураць ілюзію стабільнасьці.

Але найбольшую ўвагу журналісты зьвярнулі на рэпліку прэзыдэнта, якая ня тычыцца эканамічнага стану: «Некаторыя ў нас міністры дапрацаваліся да таго, што іх дзеці пастаянна жывуць у Злучаных Штатах Амэрыкі і навучаюцца там, а яны рэфармуюць нашу сыстэму адукацыі. Зразумела, што будзе ад гэтых рэформаў».

Такім чынам, робіцца яшчэ адзін крок да вяртаньня ў СССР. Тэмпы адкату на чвэрць стагодзьдзя назад уражваюць. Не пасьпелі апамятацца ад звароту да савецкай традыцыі барацьбы з дармаедамі, як неўзабаве ў анкетах можа зьявіцца графа «Ці маеце родзічаў за мяжой?»

12.11.2014 г.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG