Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз-пробашч касьцёла на Дзевятоўцы ў Горадні адмовіў у правядзеньні бясплатных курсаў беларускай мовы «Моваведа» ў памяшканьні касьцёла. Хоць яшчэ некалькі дзён таму арганізатарка курсаў Тацяна Сушко мела зь ім канкрэтную дамову.

Сёньня ў інтэрнэце зьявілася аб’ява, што «Моваведа» тэрмінова шукае памяшканьня для правядзеньня курсаў у Горадні, заплянаваных на чацьвер на 19 гадзіну, бо ў касьцёле на Дзевятоўцы ксёндз-пробашч адмовіў у памяшканьні.

Нашаму радыё ксёндз-пробашч Дзьмітры ня стаў тлумачыць прычыну адмовы, а толькі сказаў, што ўсё паведаміў арганізатарцы. Тацяна Сушко, у сваю чаргу, вельмі расхваляваная тым, што адбылося, сказала Свабодзе:

«Ксёндз сказаў мне, што не чакаў, што я так шумна буду рабіць рэкляму, што будзе шмат людзей і яшчэ прыедзе выкладчык зь Менску, і што прыцягнулі да гэтага арганізацыю „Моваведа“ — маўляў, я думаў, што вы гэта будзеце праводзіць адна. Карацей, ён сказаў, што не згаджаецца на правядзеньне курсаў...»

Тацяна Сушко кажа, што за сёньня ня здолела знайсьці новага памяшканьня. Праўда, яна добра разумее, што заўтра на заняткі прыйдуць людзі, якія прачыталі аб’яву ў інтэрнэце, а таму будзе іх проста чакаць і пастараецца ўсё патлумачыць.

Дарэчы, ніякай вялікай рэклямы ў інтэрнэце, як кажа спадарыня Снапко, насамрэч не было. Праўда, пад малой інфармацыяй пра курсы пачалі зьяўляцца абразьлівыя камэнтары кшталту: беларуская мова ў касьцёле — гэта польская інтрыга.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG