Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пахавалі Валера Фралова


Belarus - Funeral of general Valer Fralou in Horadnya, 12Nov2014
Belarus - Funeral of general Valer Fralou in Horadnya, 12Nov2014

Пахаваньне адбылося на могілках па вуліцы Касманаўтаў. Валера Фралова пахавалі побач з жонкай.

Разьвітацца з палітыкам, генэралам Валерам Фраловым на гарадзенскія могілкі прыйшлі ягоныя блізкія, таварышы па службе і аднапартыйцы. Труну зь целам Фралова прывезьлі зь Менску, дзе ўчора адбылося разьвітаньне.

У Горадні ў рытуальную залю труну ўжо не заносілі. Хавалі сьціпла, праўда, з вайсковым аркестрам. Высокіх вайсковых начальнікаў у форме на пахаваньні не было.

Каля магілы родныя і былыя таварышы па службе цёпла і нешматслоўна памянулі Фралова: казалі, што ён быў добрым камандзірам і для жаўнераў і для афіцэраў, дальнабачным палітыкам і вясёлым сьціплым чалавекам.

Нехта з таварышаў па службе заўважыў, што Фралоў, будучы генэралам і дэпутатам, мог мець для сябе ўсё, але абраў няпросты шлях, каб дамагчыся зьменаў у краіне.

На пахаваньні прысутнічаў былы палітвязень Аляксандар Васільеў. Ён сказаў, што падчас службы на Далёкім Усходзе яму даводзілася сустракацца з Фраловым, і з таго часу засталіся вельмі цёплыя ўспаміны:

«Шкада, што такі чалавек заўчасна пайшоў з жыцьця. У яго было шмат плянаў, і я лічу, што ён быў сапраўдным беларускім патрыётам. Многае хацеў яшчэ зрабіць, але не пасьпеў...»

Журналіст і грамадзкі дзеяч Анджэй Пачобут заўважыў, што пахавалі Фралова ўсё ж не па-генэральску:

«Вайсковы аркестар быў, і гэта, вядома, добра... Але пытаньне да войска застаецца — ці лічаць яны, што так годна хаваць генэрала? Мы, вядома, усё разумеем, але гэта сьведчаньне таго, якая ў нас краіна і якая ўлада...»

Пра сьмерць Валера Фралова (1947–2014) стала вядома 10 лістапада. Сын знайшоў яго мёртвым у найманай кватэры ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG