Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО: расейскія сілы і тэхніка ўвайшлі на ўсход Украіны


Галоўнакамандуючы аб’яднаных узброеных сілаў НАТО ў Эўропе генэрал Філіп Брыдлаў заявіў, што за апошнія два дні альянс назіраў уваходжаньне калёнаў з расейскім ваенным абсталяваньнем на тэрыторыю ўсходняй Украіны.

Выступаючы сёньня ў Сафіі, Брыдлаў заявіў, што, у прыватнасьці, на ўсход Ўкраіны зайшлі расейскія танкі, артылерыя, сыстэмы супрацьпаветранай абароны і баявыя часткі.

«Мы ня маем поўнага ўяўленьня пра дакладную колькасьць. Мы згаджаемся, што былі шматлікія калёны, якія мы бачылі», — сказаў Брыдлаў.

Аб перакідцы з тэрыторыі Расеі ва Ўкраіну ваеннай тэхнікі і канвояў з жывой сілай паведамілі сёньня і ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Прадстаўнікі маніторынгавай місіі АБСЭ 11лістапада паведамілі пра канвой з 43 ваеннымі грузавікамі без апазнавальных знакаў, у прыватнасьці, пяць з гэтых машын везьлі на буксіры гаўбіцы, яшчэ пяць перавозілі часткова прыкрытыя ракетныя сыстэмы залпавага агню.

Між тым сёньня ў Данецку працягваліся абстрэлы. Паводле карэспандэнта AFP, мінамётныя снарады былі запушчаны з раёну паблізу цэнтра горада ў напрамку Данецкага аэрапорта, які ўтрымліваюць ўкраінскія вайскоўцы.

Паводле прэс-цэнтра апэрацыі ўкраінскага войска на ўсходзе Ўкраіны, у выніку абстрэлу аэрапорта быў паранены адзін з украінскіх абаронцаў, яму аказваюць мэдычную дапамогу. Аэрапорт працягвае знаходзіцца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў, запэўнілі ў прэс-цэнтры.

XS
SM
MD
LG