Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі пабывалі ў кіраўніка бабруйскай вэртыкалі: «Дапамогі ад яго ня будзе»


Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка.

Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка.

Сустрэча бабруйскіх галадоўнікаў з старшынём Бабруйскага гарвыканкаму Андрэем Каваленкам скончылася безвынікова.

Пра гэта заяўляюць удзельнікі акцыі пратэсту. Паводле актывістаў Свабоднага прафсаюзу, у прыёмнай кіраўніка гарадзкой вэртыкалі іх чакалі журналісты падкантрольных уладзе мэдыяў.

Сустрэчай з Каваленкам пратэстоўцы расчараваныя. Яны ня думалі, што іх чакае такі прыём. Найстарэйшы ўдзельнік галадоўкі Мікалай Жыбуль спадзяваўся, што яго і ягоных калегаў чыноўнік хаця б выслухае, але памыліўся:

«Яны зладзілі там піяр-акцыю з журналістамі. Нам старшыня найперш заявіў: я магу вас уладкаваць на працу. Я яму адказаў, што на заводзе

Дакараў нас, што мы прамінулі працэдуру і адразу напісалі прэзыдэнту

адпрацаваў трыццаць гадоў і хачу да пэнсіі дапрацаваць на ім. Ён мне на гэта: „Раз у вас канфлікт з дырэктарам, то я для вас нічога не магу зрабіць“. Дакараў нас, што мы прамінулі працэдуру і адразу напісалі прэзыдэнту. Націскаў на тое, што гэта ня наша акцыя, а яе прыдумаў Кавалькоў, а мы яму падпарадкаваліся. Я запытаўся тады, ці зьбіраецца ён вырашаць маю пэрсанальную праблему — адказ быў, што не. Тады я падняўся і сышоў, і за мной сышлі ўсе. Лічу, што мы слушна зрабілі. Няма чаго гуляць паводле іхных правілаў».

На абвінавачваньні з боку старшыні гарвыканкаму кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што чыноўнікі не разглядаюць працоўных як здольных арганізаваць пратэст. Для іх яны, кажа прафсаюзны лідэр, — маўклівая пакорлівая маса:

Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

«Іх успрымаюць як людзей, якія спачатку стаяць ля станка, а потым ідуць піць гарэлку. На большае, паводле адміністрацыі заводу і чыноўнікаў, у іх, відаць, здольнасьцяў няма. Чыноўнікі лічаць, што працоўныя павінны толькі выконваць пляны на працоўным месцы і безь пярэчаньняў падпарадкоўвацца загадам вялікіх начальнікаў і малых. Хто мог падказаць чыноўнікам, што Кавалькоў арганізаваў гэтую піяр-акцыю для сябе і для новага мэра? Ня думаю, праўда, што для Каваленкі гэтая акцыя пазытыўная. Працаўнікі самі прынялі рашэньне пра галадоўку і самі напісалі ліст прэзыдэнту. Пры чым тут Кавалькоў? На сустрэчы чыноўнік нават не пацікавіўся ў працаўнікоў, як іхнае здароўе пасьля трох дзён галадоўкі», — абураецца Міхаіл Кавалькоў.

Галадоўнікі Мікалай Жыбуль, Аляксандар Грамыка, Аляксандар Варанкін ды Алег Шаўчэнка наважыліся на пратэст пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім кіраўніка дзяржавы прасілі разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прычынай для звальненьня, заяўляюць актывісты, стала іх сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

Акцыяй пратэсту яны дамагаюцца, каб іх звальненьне было скасавана.

Якімі будуць далейшыя дзеяньні, галадоўнікі вырашаць пасьля абмеркаваньня сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG