Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фінансавы аналітык: Няўжо кіраўнік банку ня мае права зарабляць 5 тысяч даляраў?


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «прычасаць пад адзін грабянец» усе банкі, якія працуюць у Беларусі, не зважаючы на форму ўласнасьці і краіну паходжаньня. Па яго словах, фінансавыя ўстановы «жыруюць», абклаўшыся заробкамі і непатрэбнай раскошай, спэкулюючы на непад’ёмных стаўках крэдытаваньня. Лукашэнка салідарызаваўся з думкаю, што банкаўская сыстэма жыве паводле законаў сумнавядомай піраміды «МММ» і настаў час навесьці парадак у гэтай галіне. Дык ці сапраўды «жыруюць» банкіры?

Заслухоўваючы справаздачы кіраўнікоў ураду ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў працу фінансавых інстытуцыяў, якія, маўляў, заклапочаныя выключна ўласным дабрабытам. У прыватнасьці, ён падтрымаў кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Леаніда Анфімава, які канстатаваў, што немагчыма разьвівацца пры цяперашніх стаўках крэдытных рэсурсаў.

Паводле галоўнага кантралёра, эканоміка стала закладніцай банкаўскай сыстэмы, якая капіруе мэтады «МММ». Спробы старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай абяліць сябе і падкантрольную ёй сфэру плёну ня мелі. Лукашэнка запатрабаваў навесьці парадак, суняўшы апэтыты фінансістаў:

Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

«Абыдзецеся двума аўтамабілямі ў Нацбанку для абслугоўваньня патрэбаў — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёньня гэта ня танна, тым больш такія кошты на бэнзін. То бок заробак, утрыманьне, праграмнае забесьпячэньне, безь якога нельга, асабіста зацьвердзіць кожнаму. Усё астатняе — прыбраць. Усіх падстрыгчы пад адзін грабянец. Тады мы народу здолеем растлумачыць: дрэнна — значыць, дрэнна ўсім. І гэта ня дробнае пытаньне: як выяўляецца, яно выліваецца ў 15–17% кошту крэдытных рэсурсаў нашых банкаў. Прытым нягледзячы ні на якія банкі — ні на беларускія, ні на расейскія, ні на імпартныя. Усіх падстрыгчы пад адзін грабянец!».

Лукашэнка дазволіў Ермаковай пакласьці сабе заробак, блізкі да ўзроўню прэм’ер-міністра. Усе астатнія павінны перабудавацца на ўзор урадавай герархіі — каб прыбытак адпавядаў статусу. Пры гэтым нагадаў, што загад пазбавіцца ад лішняга балясту тычыцца ня толькі Нацбанку, а і ўсіх фінансавых установаў. Кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін абараняе калегаў і лічыць, што прэтэнзіі на адрас банкаўскага сэктару, безумоўна, маюць пад сабой падставы, але абвінавачваць ва ўсім Нацбанк — гэта занадта:

Андрэй Карпунін

Андрэй Карпунін

«Наколькі я ведаю, тое, што адбывалася ў Нацыянальным банку з прыходам Надзеі Андрэеўны, якраз у рэчышчы сёньняшніх патрабаваньняў. Яна як чалавек вельмі беражлівы, руплівы, так пазакручвала гайкі і краны, што там насамрэч эканомілі на ўсім. На яе, з аднаго боку, ціснула адміністрацыя прэзыдэнта, урад, а з другога — Міжнародны валютны фонд, які патрабаваў нават пазбавіцца ад няпрофільных актываў, у выніку чаго Нацбанк распрадаў свае і калгасы, і піянэрскія лягеры, і санаторыі, і прафілякторыі — усю сацыяльную сфэру, якой так ганарыўся, вымушаны быў распрадаць. У пляне машын, кабінэтаў яны таксама абсалютна не жыруюць, я бываю там і бачу, у якім стане будынак, у якім стане тэхніка. Мне здаецца, што гэта проста чарговае выказваньне, што мы ўсе павінны зноў зацягнуць паясы, а ў першую чаргу — банкіры».

Супрацоўнікі банкаў запэўніваюць, што распачалі працэс «упарадкаваньня» і без парады кіраўніка краіны. Акрамя таго, у менскім падразьдзяленьні аднаго з расейскіх банкаў называюць цалкам беспадстаўнымі абвінавачаньні ў перайманьні досьведу працы «МММ»:

«Не, канечне, гэта абсалютна нягеглае параўнаньне. Шмат якія банкі, я маю на ўвазе перадусім камэрцыйныя, праводзяць скарачэньні штатаў, бо цяпер ня самыя прыбытковыя часы. У першую чаргу, скажам так, пазбаўляюцца ад супрацоўнікаў, якія недастаткова эфэктыўна працуюць і недастаткова прыносяць прыбытку. Прынамсі, у камэрцыйных банкаў ня можа быць разьдзьмутага штату з той простай прычыны, што ўсёй гэтай кучы народу трэба плаціць, а зразумела, што прыватныя ўстановы не зацікаўленыя пераплочваць за працу».

Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін прызнае, што працаўнікі банкаў атрымліваюць прыбыткі на парадак большыя, чым у сярэднім па краіне. Але асуджаць іх за гэта — сама меней нелягічна:

«Тое, што ў камэрцыйных банках узровень зарплаты зноў разагналі да вельмі высокага — гэта бясспрэчна. Але калі яны зарабляюць, то чаму ня могуць плаціць сваім работнікам? Зноў жа, плоцячы супрацоўнікам, яны робяць вялізныя адлічэньні ў бюджэт. Той жа Фонд сацыяльнай абароны, які ў нас на мяжы банкруцтва, той жа падаходны падатак, які складае больш за 10% даходаў бюджэту. Гэта такая ланцуговая рэакцыя, што трэба не жалезнай лінейкай усё секчы, а лягарытмічнай лінейкай вымяраць вугал кожнага нашага руху. У мяне неяк атрымліваецца, што я іх абараняю, але толькі таму, што я рэальна ведаю і бачу іх працу — і Нацбанку, і камэрцыйных банкаў — знутры. Нават калі нейкі старшыня праўленьня і налічыў сабе заробак у 50 мільёнаў — ну дык што гэта такое? Няўжо кіраўнік банку ня мае права зарабляць 5 тысяч даляраў? Пра што мы тады гаворым? Павінны ўсе на ўзроўні нянечкі ў псыхбальніцы заробак атрымліваць? Паглядзіце, колькі маюць суседзі... Таму ўсё абсалютна адэкватна».

Падчас нарады ў прэзыдэнта адбылася яшчэ адна дыскусія — гэтым разам паміж прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам і дарадцам прэзыдэнта Кірылам Рудым. Прадметам спрэчкі сталі крэдыты, стаўкі па якіх вышэйшыя за рэнтабэльнасьць. Такое становішча, па словах Рудага, недапушчальнае. Яго падтрымаў і Аляксандар Лукашэнка, які чарговым разам абвінаваціў банкі ў спэкуляцыі на крэдытных рэсурсах: маўляў, бяруць пад 20%, а потым ледзь ня столькі ж накручваюць зьверху на кліентах. Наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі? Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін папулярна тлумачыць:

«Банкіры вымушаныя мець вось такую здаровую дэльту паміж уваходнай і выходнай цаной рэсурсаў. Гэта якраз тое, у чым прэзыдэнт абвінаваціў: уваходны кошт крэдытаў 20%, а тыя, што выходзяць — 35–40%. Справа ў тым, што ў гэтым кошце сядзіць: першае — уваходны кошт грошай, уключна з пазыкамі ў Нацбанку, дэпазытамі насельніцтва, дэпазытамі юрыдычных асобаў. Стаўкі па іх трымаюцца вышэйшыя, бо трэба паказваць, што яны пакрываюць інфляцыю. Другі ільвіны кавалак, які сядзіць у кошце рэсурсаў, — гэта фонд абавязковага рэзэрваваньня, у які банкіры вымушаныя адлічваць і які не працуе ні пад якія працэнты. Адпаведна, ад гэтага працэнты даражэюць. То бок, ты прыцягнуў рэсурсы пад 20%, аддаў бясплатна Нацбанку 10, 12 ці 14%, залежна ад таго, валютны рэсурс ці рублёвы, і вось гэтая „дзесяціна“, бясплатна аддадзеная, яна табе прыносіць страты. Таму што ты яе ўзяў за працэнты. Іншымі словамі, калі матэматычна пералічваем, дадаём, ужо атрымліваем уваходны кошт рэсурсаў не 20%, а вышэйшы».

Нейкі час таму адміністрацыя прэзыдэнта даручыла Камітэту дзяржкантролю зрабіць дэталёвы аналіз эфэктыўнасьці захадаў з боку ўраду і Нацыянальнага банку. Фактычна ставілася задача прааналізаваць скаардынаваную праграму дзеяньняў, зацьверджаную на пачатку мінулага году. Ведамства ў сілу сваіх магчымасьцяў правяло маніторынг, пастанавіўшы: у правале эканамічных рэформаў вінаватыя Нацбанк, банкаўская сыстэма. Але прадстаўнікі банкаўскай сфэры ня згодныя з такой высновай. На перакананьне экспэртаў, апошнія гады беларуская эканоміка застаецца ў рэжыме «ручнога кіраваньня», калі патрэбныя пункты намацваюцца наўздагад, а ня згодна з эканамічнымі законамі. У тым ліку гэта тычыцца і сытуацыі на грашовым рынку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG