Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы пра бойку ў Варшаве: «Гэта як ударыць цешчу карпам на Каляды»


Каля 300 чалавек былі затрыманыя 11 лістапада ў Варшаве ў выніку сутычак хуліганаў з паліцыяй у часе Маршу Незалежнасьці, які арганізавалі прадстаўнікі правых ды нацыяналістычных сілаў.

11 лістапада ў польскай сталіцы адбылося каля дзясятка мерапрыемстваў, але самыя масавыя зь іх гэта Марш для Незалежнай, які ладзіцца з ініцыятывы прэзыдэнта Браніслава Камароўскага (каля 35 тысячаў удзельнікаў) і Марш Незалежнасьці (каля 40 тысячаў чалавек).

Першы зь іх з удзелам кіраўніка дзяржавы прайшоў традыцыйна спакойна, а вось другі скончыўся масавымі сутыкненьнямі з паліцыяй, што, беручы пад увагу досьвед апошніх гадоў, у прынцыпе, было прадказальным.

А 15.00 тысячы людзей з самога цэнтру Варшавы накіраваліся праз мост праз Віслу на другі бок ракі, да Нацыянальнага стадыёну, дзе быў заплянаваны мітынг і канцэрт. На мосьце ад дэманстрантаў аддзяліліся некалькі сотняў чалавек у масках, якія, насуперак высілкам аховы маршу, выбеглі наперад калёны ды пачалі атакаваць паліцыянтаў. Марш давялося спыніць, каб затрымаць хуліганаў, але гэтая апэрацыя ператварылася ў бойку — хуліганы нішчылі дарожныя знакі, кідалі ў паліцыю брукаванкай і нават «кактэйлямі молатава».

Назоў Марш Незалежнасьці усё менш пасуе да гэтага мерапрыемства. Я не разумею, як можна ў часе любога сьвята, а тым больш у часе нацыянальнага сьвята так сябе паводзіць. Гэта тое самае, як ударыць цешчу карпам ды біцца са сваякамі ялінкай у часе Калядаў

Паліцыя была вымушаная ўжыць вадамёты, сьлезацечны газ ды гумовыя кулі.

У выніку былі затрыманыя 276 чалавек, а 75 ( у тым ліку 51 паліцыянт) атрымалі раненьні. Арганізатары Маршу Незалежнасьці адмежаваліся ад хуліганаў ды скрытыкавалі службы аховы парадку, якім, на іхную думку, не ўдалося аддзяліць хуліганаў ад дэманстрантаў, якія прыйшлі сьвяткаваць, а ня біцца з паліцыяй.

«Затрыманыя — гэта перадусім заўзятары польскіх футбольных клюбаў. За падобныя дзеяньні ім можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў прадстаўнік сталічнай паліцыі Марыюш Сакалоўскі.

Паводле яго, паліцыя працягвае аналізаваць здымкі з акцыі і не выключае чарговых затрыманьняў.

«Назоў Марш Незалежнасьці усё менш пасуе да гэтага мерапрыемства. Я не разумею, як можна ў часе любога сьвята, а тым больш у часе нацыянальнага сьвята так сябе паводзіць. Гэта тое самае, як ударыць цешчу карпам ды біцца са сваякамі ялінкай у часе Калядаў», — заявіў сёньня ў Быдгашчы прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Кіраўнік краіны заявіў таксама, што будзе рэкамэндаваць парлямэнту зьмяніць заканадаўства такім чынам, каб даць паліцыі дадатковыя магчымасьці прадухіляць падобныя інцыдэнты.

Варшава сталася адзіным польскім горадам, дзе дайшло да беспарадкаў — у амаль 700 іншых польскіх мястэчак, дзе адбываліся сьвяточныя мерапрыемствы, было спакойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG