Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінская «Маці Пуціна»


​П’есу прачытала расейская акторка Аксана Мысіна
​П’есу прачытала расейская акторка Аксана Мысіна

«Маці Пуціна» — так называюцца п’еса і дакумэнтальны фільм, прадстаўленыя ў Тэатр.doc. У аснове твораў — сучасны міт пра тое, што маці прэзыдэнта Расеі жывая і жыве ў Грузіі. Вечар у тэатры прайшоў у рамках праекта «Перазагрузка», задача якога — пазнаёміць маскоўскіх гледачоў з новым грузінскім мастацтвам.

«Перазагрузка» — фэстываль, на які пры ўсім жаданьні ня могуць прыехаць аўтары. У 2006 годзе Расея ўвяла для грамадзянаў Грузіі візавы рэжым, атрымаць дазвол на ўезд вельмі складана. Акрамя таго, у былыя часы на такіх мерапрыемствах было шмат тых, каго прынята нефармальна называць «прадстаўнікамі грузінскай дыяспары». Зараз, прызнаюць арганізатары фэстывалю, «грузінская дыяспара» ў Маскве зьбяднела. Так што ў назвы «Перазагрузка» настальгічнае адценьне, адносіны дзьвюх краінаў так і не наладзіліся.

Самае відавочнае тлумачэньне таго, чаму ў Грузіі шмат хто перакананы, што маці Пуціна — іх суайчыньніца, якая жыве ў вёсцы Метэхі, — гэта адсутнасьць афіцыйных зьвестак аб асабістым жыцьці расейскага прэзыдэнта. Вакуўм запаўняецца здагадкамі. Зрэшты, і новая п’еса драматурга Лашы Бугадзе, і зьняты ў 2003 годзе, але ўпершыню паказаны ў Расеі галяндзка-грузінскі фільм Інэке Смітс не пра гэта. Хутчэй, аб чалавечай драме старой жанчыны, Веры Пуцінай, якая даўно разьвіталася з сынам Вовам Пуціным, падвойным цёзкам магутнага чалавека, якога яна шчыра лічыць сваім дзіцем. Гэта канва, агульная для фільма і п’есы. У астатнім у гераінь двух твораў мала падабенства.

​П’есу прачытала Аксана Мысіна. Лаша Бугадзе пісаў, маючы на ўвазе менавіта гэтую акторку, і чытка, а хутчэй, монаспэктакль, былі прэм’ернымі. Гэтая «маці Пуціна» палохае і выклікае спачуваньне адначасова. Падчас расейска-грузінскай вайны ў сяле, якое трапіла пад абстрэлы, яна зьвяртаецца да нябачнага суразмоўцы, якога яна прыдумала, з патрабаваньнем пакараць крыўдзіцеляў. І старасту, які закрыў рынак, і тых людзей, якія разбагацелі, у той час, як гераіня страціла ўсе зьберажэньні. «Падымі нас з каленяў! Устань за нашымі сьпінамі і ўмацуй іх! Пакарай усіх, хто аб’яўляе цябе самым багатым чалавекам на плянэце, бо я ведаю: ты багаты сваёй мудрасьцю і ведамі, а не маёмасьцю. Але яны ж хочуць абразіць цябе і зьняважыць мяне — вось на каго, маўляў, ты спадзяесься!»

Куратар праекта «Перазагрузка» ў Тэатр.doc, перакладчык п’есы Мая Мамаладзэ так вызначае жанр «Мамы Пуціна»:

— Гэта камэдыя, але Лаша Бугадзе размывае камэдыйны жанр. Яго пэрсанаж упадае то ў трагедыю, то ў мэлядраматызм, то ён нават страшны. То бок, гэта хутчэй трагіфарс.

— Нядаўна часопіс «Форбс» прызнаў Пуціна самым уплывовым чалавекам у сьвеце. У Грузіі яго лічаць такім ці пра яго крыху забыліся?

Тэатральны крытык іперакладчык Мая Мамаладзэ
Тэатральны крытык іперакладчык Мая Мамаладзэ

— Яны пра яго ня думаюць цэлымі днямі, вядома ж. І цяпер Грузія чарговым разам вельмі зацыкленая на сваёй палітыцы, што мяне часам нават хвалюе, паколькі палітыка накладвае нейкі адбітак на культурнае жыцьцё. Занадта вялікая ўвага надаецца роднай палітычнай сцэне, і палітыкі перацягнулі на сябе коўдру тэатральных дзеячаў. Так што Пуцін у гэтай краіне людзей цікавіць толькі ў сувязі з Грузіяй. Мы ж разумеем, што ў тым канфлікце, які здарыўся ў 2008 годзе, быў яшчэ псыхалягічны складнік, а ня толькі чыста палітычны. Хоць і палітычны, і эканамічны, вядома былі. Але, паўтару, галоўныя палітычныя пэрсанажы і іх псыхалягічны стан таксама адыгралі ролю ў гэтым канфлікце.

Трэба сказаць, што «Маці Пуціна» — п’еса пра чалавека, які зьяўляецца фанатыкам, які неверагодна любіць Пуціна. Людзі, якія захапляюцца Пуціным, ёсьць у Грузіі. Гэта досыць маленькі працэнт, і п’еса досыць эксцэнтрычнымі сродкамі паказвае нетыповы для краіны вобраз, але гэты вобраз існуе. Таму п’еса, напэўна, цікавей нам, у Расеі, паколькі тут значна большы працэнт людзей, якія падпадаюць пад гэты псыхалягічны ўзор, — кажа Мая Мамаладзэ.

Дакумэнтальны фільм «Маці Пуціна» зусім іншы. Непрыдуманая Вера таксама бядуе ад расстаньня з сынам, яшчэ дзіцем яна аддала яго на выхаваньне расейскай радні, таму што пасынка неўзьлюбіў грузінскі айчым. Шмат гадоў яна нічога ня ведала пра лёс дзіцяці, пакуль аднойчы ня ўбачыла па тэлевізары чалавека з такім жа імем і прозьвішчам. Не бяда, што імя па бацьку ў яго не Платонавіч. Супрацоўнікам КДБ трэба ж было трымаць усё пра сябе ў сакрэце, ды і муж буркнуў: «Вельмі падобны на цябе». Да гонару за страчанага сына дадаецца смутак. Але ўсё ж яна застаецца жыцьцярадаснай і не заклікае нікога пакараць. У сяле таксама сьляды беднасьці, але ўсё ж сьвяточны велікодны стол ломіцца ад прысмакаў, вялікая радня сабралася ў доме, прыйшлі музыканты, і старыя і маладыя танчаць. Театр.doc нагадаў пра Грузію, якую ў Расеі амаль страцілі. Аднак памяць пра гэта засталася. Дакумэнтальны фільм са шчыльнай фактурай, з любоўна зьнятымі жыцьцёвымі падрабязнасьцямі наводзіць на думку аб нацыянальным характары, гэтак адрозным ад расейскага і таму для расейцаў прыцягальным. Эпізод на могілках супастаўны з шэдэўрам Данэліі «Не гаруй!». Трагізм зыходу з жыцьця блізкага чалавека зьмякчаецца рытуалам і хатнім стаўленьнем да сьмерці. Настае сонечны дзень, і ля магілаў дарагіх памерлых ладзяць застольле з абавязковым хатнім віном. Дачкі Веры ўспамінаюць, што, калі хавалі бацьку, аказалася, што па суседзтву толькі жаночыя магілы. Маці абуралася: заўсёды быў бабнікам, і цяпер да іх хадзіць будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG