Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень галадоўкі ў Бабруйску: «Што скажа старшыня гарвыканкаму?»


Бабруйскі гарвыканкам
Бабруйскі гарвыканкам

Прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў у звароце да чыноўнікаў даводзяць, што яны салідарныя зь сябрамі незалежнага прафсаюзу, і калі патрабаваньні апошніх ня будуць выкананыя, то пакідаюць за сабой права заклікаць жыхароў Бабруйскага рэгіёну далучыцца да галадоўкі.

Звальненьне сяброў Свабоднага прафсаюзу Рада дэмакратычных сіл Бабруйску лічыць неправамерным. У звароце адзначаецца, што адміністрацыя прадпрыемства доўгі час чыніла ціск на прафсаюзьнікаў — у тым ліку псыхалягічны і матэрыяльны.

«Незаконныя дзеяньні адміністрацыі прыносяць маральныя пакуты ня толькі працаўнікам прадпрыемства і іхнім сем’ям, але і атрымалі нэгатыўную рэакцыю ў жыхароў Бабруйску. На жаль, — тлумачаць сваю пазыцыю падпісанты звароту, — улады гораду маўкліва назіраюць за незаконнымі дзеяньнямі адміністрацыі. Патрабуем спыніць ціск на сяброў Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве, уступіць у перамовы з удзельнікамі галадоўкі і выканаць іхныя патрабаваньні аб аднаўленьні на працы».

Пад зваротам паставілі свае подпісы прадстаўнікі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і дзясятак беспартыйных грамадзян.

Паводле адной з падпісантак — Таісіі Кабанчук, калі сёньня на сустрэчы са старшынём гарвыканкаму ня будуць дасягнутыя прымірэнчыя рашэньні, то да галадоўкі далучацца ўсе падпісанты звароту.

Тым часам удзельніца галадоўкі, працаўніца заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Аксана Кернажыцкая спыніла свой удзел у ёй. Сябра Свабоднага прафсаюзу кажа, што пра гэта яе папрасілі калегі, якія цяпер галадаюць. Жанчына адзначае, што пасьля двух дзён галаданьня адчувае сябе ня дужа добра. Яна працуе на станках з павышай ступеньню небясьпекі. Ад сустрэчы з старшынём гарвыканкаму Аксана Кернажыцкая не чакае вялікага прарыву:

«Тое, што чыноўнік пагадзіўся зь імі пагутарыць, гэта не паказьнік. У мяне няма адчуваньня, што пасьля гэтай сустрэчы звольненых працаўнікоў, сяброў Свабоднага прафсаюзу возьмуць на працу. Гэта такая гульня чыноўнікаў. Што ён ім скажа? Што я з вамі салідарны, таму адмаўляюся ад свайго абеду?»

Мікалай Жыбуль, Аляксандар Грамыка, Аляксандар Варанкін ды Алег Шаўчэнка наважыліся на галадоўку пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім кіраўніка дзяржавы прасілі разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прычынай для звальненьня, заяўляюць актывісты, стала іх сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

Акцыяй пратэсту яны дамагаюцца, каб іх звальненьне было скасавана, бо лічаць яго незаконным. Сустрэча актывістаў з старшынём гарвыканкаму мае адбыцца сёньня а 13 гадзіне. Запрасілі іх на гутарку з чыноўнікам праз тэлефон.

Галадоўку падтрымлівае і супрацоўніца раённай бібліятэкі Сьвятлана Грыцэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG