Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як шукаць у вашай кватэры «жучкі» (ВІДЭА)


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшаў альбом з малюнкамі праекту (НЕ:) вясёлыя карцінкі. Кожны будні дзень цягам пяці гадоў на сайце svaboda. org публікаваліся сатырычныя малюнкі мастака ДэЛёс, у якіх паказвалася беларуская (і ня толькі) рэальнасьць без касмэтыкі і бяз пафасу.

У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічы мастак сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны запрашаюць у камічную опэру жыцьця.

З нагоды выхаду альбому Свабода абвяшчае конкурс сатырычных малюнкаў і вершаў сярод нашых слухачоў і чытачоў. Пакажыце камічнасьць, парадаксальнасьць і дзівоцтва беларускай штодзённасьці. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымае альбом поштай ці з рук у рукі.

Дасылайце вашыя вершы і малюнкі на электронную скрынку radiosvaboda@gmail. com.

Каб атрымаць альбом, прыходзьце на прэзэнтацыю альбому з удзелам паэта Андрэя Хадановіча. Уваход вольны.

13-га лістапада, Менск. Бар «ДК», вул. Талбухіна, 4. 3-і паверх. Пачатак а 19.00.

17-га лістапада, Горадня, вул. Будзёнага 48а. Пачатак а 18.30.

19-га лістапада, Магілёў, вул. Чкалава 16, грамадзкі цэнтар «Кола сяброў». Пачатак а 18.30.

Жучкі

Сёньня выдаўся дзень цяжкі.

Я ў кватэры шукаў жучкі.

Можа, іх схавалі на кухні,

дзе сьпяваў я: «Мур хутка рухне»?

Ці пад коўдрай, дзе ў час зімовы

палітычныя вёў размовы?

І на лесьвічнай клетцы ёсьць:

там курыў не адзін мой госьць,

а адзін мысьляр у законе

парушаў цішыню на балконе...

Цэлы дзень я змагаўся з жучком.

У клазэце шукаў, за бачком.

І ніжэй ад бачка, у трубе:

хто іх знае, усё ж – кадэбэ!

Тут званок. Рандэву зь сяброўкай.

Бачу, кліпсы з божай кароўкай,

а багоўка – жучок! Я на жэсты

перайшоў. Больш няма нявесты.

Не знайшоў жучка – мэа кульпа!

Трэба ехаць на вёску: бульба.

Прыяжджаю, а там ужо оргія

з паласатай стужкай Георгія.

Два ў адным: жучок-каларад.

Зараз будзе ўсім вам парад!

Каго ботам, каго хімікатам...

Незалежнасьць, браце! Са сьвятам!

XS
SM
MD
LG