Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парасюк: Падняць рэвалюцыю ва Ўкраіне са зброяй можна, але гэта на руку Пуціну


Актывіст Эўрамайдану, камандзір роты батальёна «Днепр», а цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады Ўладзімер Парасюк атрымаў шырокую вядомасьць пасьля свайго незаплянаванага выступу на Майдане, паабяцаўшы пайсьці на ўзброены штурм адміністрацыі прэзыдэнта, калі Віктар Януковіч ня сыйдзе ў адстаўку да раніцы наступнага дня. Многія ўпэўненыя, што менавіта выступ Парасюка паскорыў рашэньне Януковіча ўцячы з Кіеву. Напярэдадні гадавіны Майдану Ўладзімер Парасюк адказаў на пытаньні Свабоды.

Уладзімер Парасюк: Я ішоў у Вярхоўную Раду ў першую чаргу не таму, што гэта маё жаданьне стаць народным дэпутатам. Я пайшоў туды па адной простай прычыне — таму што трэба кантраляваць тых, хто нам зноў раздае абяцанкі, і рабіць нейкія зьмены ў краіне.

Як кажуць простыя людзі, нічога ва Ўкраіне не зьмянілася. Сапраўды, нічога не зьмянілася. Зьмянілася толькі грамадзтва — яно стала неабыякавым да сваёй дзяржавы, яно перастала верыць простым абяцаньням палітыкаў. І ў прынцыпе ўсё.

Адносна пасадаў, карупцыі, лабіраваньня інтарэсаў алігархаў — гэта ўсё на сваіх месцах. Плюс цяпер у нас у краіне яшчэ ёсьць вайна, частка тэрыторыі нашай дзяржавы забралі. І мы ў вельмі цяжкай эканамічнай сытуацыі. У такіх абставінах трэба ўжо неадкладна дзейнічаць. Вось і ўсё.

Але, паверце, тады на сцэну я выйшаў не таму, што ў мяне нейкія амбіцыі былі, што я хацеў нешта там сказаць, а ад таго, што ў нас проста ўжо была безвыходнасьць. Вы зразумейце, што мы зайшлі проста ў такі кут, колькі нас на тых «вечах» зьбіралі, колькі нам распавядалі аб ролі лідэраў, аб зьмене сыстэмы — мы ўжо тады ня верылі.

Лёгка казаць: ідзіце наперад, перамагайце. А потым тых людзей, якія ішлі наперад і перамагалі, не бяруць пад ўвагу. Трэба да нас прыслухоўвацца. Таму што на перадавой стаяць хлопцы. І, паверце, у іх чаша цярпеньня калісьці перапоўніцца, і яны прыедуць тады на Кіеў...

І на Майдане перамаглі не палітыкі, на Майдане перамаглі простыя людзі. На ўсходзе Ўкраіны перамагаюць простыя людзі. Адказ вельмі просты.

Свабода: Спадар Парасюк, Вярхоўная Рада — заканадаўчы орган. Людзі павінны разьбірацца ў пэўных пытаньнях. Магчыма, вы разьбіраецеся ў ваенных пытаньнях, вашы пабрацімы разьбіраюцца. Бо шмат хто з удзельнікаў баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны цяпер будзе прымаць удзел у працы Вярхоўнай Рады. І бачым, якія зьвесткі ў апошнія дні, асабліва з Данеччыны. Там баі ўсё больш разгортваюцца, амаль дасягаюць узроўню лета. Магчыма, месца байцам там, на перадавой, а ня ў сьценах Вярхоўнай Рады?

Уладзімер Парасюк: Я вам адкажу так. Калі ў нас праблемы з заканадаўствам, то нам трэба яго мяняць. І калі кажам, што кагосьці трэба асудзіць, пакараць, то трэба і КПК мяняць, і рэформу пракуратуры праводзіць, і судовую рэформу.

Але ў нас яшчэ ёсьць пытаньні вайны ў краіне... Просты, элемэнтарны, прыклад. Ёсьць у нас такая структура, якая называецца «Украбаронпрам» ва Ўкраіне, якая займаецца вытворчасьцю зброі і гэтак далей. А ў Львове знаходзіцца такі завод «ЛОРТА», які ніколі ў жыцьці для ўкраінскай арміі нічога не выпускаў. Цяпер бедныя валянтэры зьбіраюць капейка да капейкі і купляюць цеплавізары ў замежжы па шалёных цэнах і адпраўляюць на перадавую. Наш завод «ЛОРТА» ў Львове можа выпускаць тыя цеплавізары. Яны могуць выпускаць шмат. Усе захавана. Станкі захаваны. Прафэсіяналы ёсьць. Нікому гэта ня трэба!.. На такім заводзе, які сапраўды ўваходзіць у пяцёрку лепшых заводаў па вытворчасьці цеплавізараў, трыплексаў і г.д., у іх нават няма кампутараў. То пра што мы гаворым?

Пытаньне: хто ўзначальвае, хто кіраўнік Узброеных сіл Украіны? Гэта прэзыдэнт. І я яго крытыкую толькі па адной простай прычыне, што ён нават пры сваіх магчымасьцях не наводзіць парадак... І гэта не пытаньне Парасюка цяпер. Гэта пытаньне прэзыдэнта Ўкраіны, які ўзяў у рукі булаву і сказаў: я ўмею кіраваць украінскай арміяй, я — лідэр украінскай нацыі. Гэта таксама пытаньне міністра ўнутраных справаў і прэм’ер-міністра Ўкраіны: гэтыя пытаньні цяпер іх юрысдыкцыі. Яны ўжо могуць іх вырашаць. Яны ўжо могуць прызначаць туды правільных кіраўнікоў, а не камуністаў, якія ўсё сваё жыцьцё прасядзелі. А замест гэтага зноў разводзіцца «дзерыбан» пасад.

Вы зразумейце адно. Праўда, вельмі лёгка казаць: ідзіце наперад, перамагайце. А потым тых людзей, якія ішлі наперад і перамагалі, не бяруць пад ўвагу. Трэба нас браць пад увагу. І трэба да нас прыслухоўвацца. Таму што на перадавой стаяць хлопцы. І, паверце, у іх чаша цярпеньня калісьці перапоўніцца, і яны прыедуць тады на Кіеў...

Свабода: А вы цяпер ня хочаце папоўніць шэрагі гэтых хлопцаў, якія цяпер стаяць на перадавой? Лічыце, што сапраўды вам і іншым байцам, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях, вашым пабрацімам усё ж месца цяпер у Кіеве, у сьценах Вярхоўнай Рады?

На ўсходзе Ўкраіны мы прайграем тую вайну не таму, што моцны вораг, а таму, што ў нас здрадніцкае і абыякавае стаўленьне да тых людзей, якія на ўсходзе.

Уладзімер Парасюк: Я вам патлумачу сытуацыю трохі шырэй. Калі я быў на фронце Ўкраіны, я зразумеў, што прыйшла ўлада, якая стаяла з намі на Майдане. Магчыма, нешта зьменіцца. А нічога ня зьменіцца. На ўсходзе Ўкраіны мы прайграем тую вайну не таму, што моцны вораг, а таму, што ў нас здрадніцкае і нейкае абыякавае стаўленьне да тых людзей, якія на ўсходзе. І мы зразумелі, што можна пайсьці і падняць рэвалюцыю ў краіне нават са зброяй, але пытаньне ў тым, што гэта на руку Пуціну. І ён толькі чакае: вы чубцеся, змагайцеся, сварыцеся. І мы зразумелі, што трэба браць кіраваньне дзяржавай у свае рукі. І таму мы пайшлі туды, у парлямэнт.

Вы думаеце, што гэта нейкія мае амбіцыі, альбо я жадаў ісьці ў палітыку? Не. Гэта адказнасьць. Гэта крэдыт даверу людзей, які трэба правільна накіроўваць у тое рэчышча, у якое трэба. І я ведаю дакладна, што прыйшло цяпер у парлямэнт вельмі шмат людзей, якія не ішлі паступова па тых кроках карупцыйных, што трэба быць сынам дэпутата, сынам нейкага судзьдзі ці проста, што твой дзед калісьці быў камуністам, каб стаць дэпутатам Вярхоўнай Рады.

Мы прыйшлі туды хутка. У нас ёсьць ідэі. Ідэі, якія нарадзіліся яшчэ раней, да Майдану. І нарэшце той момант, каб тыя ідэі запхнуць у правільны мэханізм дзяржаваўтварэньня.

Свабода: Якія ідэі вы яшчэ маеце? Барацьба з карупцыяй?

Уладзімер Парасюк: У першую чаргу, гэта рэформа Ўзброеных сіл. Таму што гэтая савецкая сыстэма, якая нам перадалася ад таго рэжыму, нядзейсная, яна няправільная, яна вельмі шмат мае прабелаў. Трэба эканамічна разьвіваць армію, і маральна, і духоўна, і па-рознаму.

Але ёсьць яшчэ пытаньне, зь якім у нас найгорш у краіне — гэта крадзеж усяго таго, што не належыць тым, якія крадуць. Вось і ўсё. Карупцыя. І тут трэба больш жорстка сябе паводзіць. Вядома, патрэбны жорсткі антыкарупцыйны закон, патрэбны рэальны люстрацыйны закон, які б люстраваў народнага дэпутата, таму што ва Ўкраіне трэба выбіраць ня з дрэннага найлепшага, а з добрага найдабрэйшага.

І трэцяе — гэта зьмена Крымінальнага кодэксу. Таму што тое, што ў нас цяпер ёсьць — гэта тое, што прыдумаў Януковіч для таго, каб сваіх бандытаў «адмазаць». І гэтак жа пытаньне рэформы пракуратуры, і судовай галіны ўлады. То бок, тут усе пытаньні трэба цяпер вырашаць. Але трэба вырашаць правільна. Цяпер ня час гуляць у перацягваньне канату.

Цалкам круглы стол з удзелам Уладзімера Парасюка глядзіце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG