Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск спадзяецца, што Расея спыніць мясныя санкцыі


Пастаўкі беларускай сьвініны ў Расею могуць быць адноўленыя ў канцы лістапада.

Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамэнта вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі Васіль Півавар па выніках перамоваў кіраўнікоў вэтэрынарных установаў Беларусі, Расеі і Казахстану 11 лістапада ў Маскве.

«Што да прыпыненьня намі паставак сьвініны ў Расейскую Фэдэрацыю, то да канца тыдня мы падрыхтуем сумесны пратакол, які адлюструе ўсе нашы сумесныя мерапрыемствы, будзе ўзмоцнены маніторынг па ўсіх напрамках. Калі ўбачым, што нас усё задавальняе, то пасьля 20 лістапада сэртыфікацыя ўсёй прадукцыі будзе адноўлена», — адзначыў Васіль Півавар.

Ён не выключае, што ўжо са сьнежня можа аднавіцца сэртыфікацыя прадукцыі Менскага, Магілёўскага, Аршанскага і Бабруйскага мясакамбінатаў, а таксама кампаніі «Белатміт» на адгрузку ў РФ. «Мы дамовіліся, што расейскія калегі яшчэ да канца месяца будуць весьці маніторынг. Калі вынікі лябараторных дасьледаваньняў іх задаволяць, думаю, з 1 сьнежня сэртыфікацыя паставак гэтай прадукцыі ў Расею можа быць адноўленая», — сказаў дырэктар дэпартамэнту.

Паводле Півавара, расейскі бок не мае намеру пашыраць санкцыі да іншых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, паведамляе БелТА.

Ад 31 кастрычніка пастаўкі сьвініны зь Беларусі ў Расею былі часова прыпыненыя. Рашэньне было прынятае пасьля заяваў Рассельгаснагляду аб выяўленьні геному афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) у прадукцыі Бабруйскага, Аршанскага, Менскага і Магілёўскага мясакамбінатаў і прадпрыемства «Белатміт».

Сёньня ж Рассельгаснагляд паведаміў пра новы выпадак выяўленьня геному АЧС у беларускай мясной прадукцыі. Яна была выраблена на Бабруйскім мясакамбінаце і пастаўлена ў Разань.

Як гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду, генэтычны матэрыял віруса АЧС мог трапіць у беларускую мясную прадукцыю з-за рээкспарту шпіка, вырабленага ў краінах Эўразьвязу.

Рассельгаснагляд запрасіў інфармацыю ў Інтэрпола і Генэральнага дырэктарата Эўракамісіі па ахове здароўя і абароне спажыўцоў (DG SANCO) у сувязі з кантрабанднымі пастаўкамі забароненай прадукцыі з ЭЗ ў Расею.

Беларускі пасол у Маскве Ігар Петрышэнка заявіў РИА Новости, што Беларусь не дапускае рээкспарту праз сваю тэрыторыю прадукцыі з ЭЗ, забароненай да ўвозу ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG