Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заняткі арганізоўвае TUT.by сумесна зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам.

Пляцоўка мае стаць прастораю для свабоднай камунікацыі па-беларуску, незалежна ад узроўню валоданьня мовай на момант далучэньня.

Выкладчыкі філялягічнага факультэту БДУ будуць забясьпечваць акадэмічны складнік заняткаў клюбу, а мастакі і гісторыкі — удзельнічаць у свабодным абмеркаваньні. На кожных занятках тэму будзе вызначаць беларускі твор выяўленчага мастацтва.

Такі падыход быў абраны пасьля таго, як супрацоўнікі рэдакцыі Tut.by абмеркавалі свой досьвед вывучэньня замежных моваў і прыйшлі да высновы, што самая цікавая практыка — гэта вывучэньне мовы на прыкладзе карцін. Каардынатарка праекту Алёна Андрэева лічыць, што скіраваны на мастацтва падыход да вывучэньня беларускай мовы аніяк ня звузіць кола патэнцыйных наведнікаў клюбу:

«Мы хочам даць магчымасьць людзям практыкавацца ў мове, даць неабходныя веды, каб яны гаварылі правільна. А знаёмства зь беларускім мастацтвам, на нашу думку, ня будзе лішнім. І тут ёсьць вельмі шырокая свабода выбару і тэмаў карцінаў, і тэмаў заняткаў адпаведна, і мастакоў, і гістарычных падзеяў. Таму тут ня можа быць звужэньня аўдыторыі выключна да тых, хто цікавіцца мастацтвам. Наадварот, такі падыход дасьць магчымасьць, апроч мовы, вучыць і мастацтва, і гісторыю, і знаёміцца з творчымі асобамі».

Алёна Андрэева адзначыла, што БДУ ахвотна далучыўся да ініцыятывы і гатовы даць ня толькі выкладчыкаў-філёлягаў, але і гісторыкаў, якія могуць даць сваю ацэнку тым ці іншым гістарычным падзеям, адлюстраваным на карцінах.

Алёна Андрэева

Алёна Андрэева

«Мы робім супольны праект з БДУ і зь філфакам, у прыватнасьці, для таго, каб задаволіць попыт на акадэмічныя веды. Я маю на ўвазе, што даваць акадэмічныя моўныя веды будуць выкладчыкі ўнівэрсытэту. Такім чынам, мы здымаем зь сябе пытаньні адносна правільнасьці падаваньня моўнай навукі. Таксама мы плянуем запрашаць мастакоў і мастацтвазнаўцаў, альбо гісторыкаў і культуролягаў, якія змогуць правільна распавесьці пра карціну. Мы зьвярнуліся ў прэс-службу БДУ і прапанавалі ўнівэрсытэту далучыцца да моўнага клюбу. Ініцыятыва была цёпла вітаная і з радасьцю падтрыманая. БДУ таксама прапанаваў запрашаць на паседжаньні клюбу гісторыкаў з гістфаку, якія, паводле прэс-службы, «апантаныя беларушчынай».

У прэс-службе БДУ пацьвердзілі ўдзел унівэрсытэту ў моўным клюбе «МоваTUT» і паведамілі, што да 10 лістапада будзе гатовы сьпіс выкладчыкаў, якія будуць браць удзел у паседжаньнях.

Сустрэчы ўдзельнікаў клюбу «МоваTUT» будуць адбывацца раз на два тыдні на пляцоўцы галерэі Tut.by па адрасе: праспэкт Дзяржынскага, 57, 9 паверх. Першая сустрэча — 12 лістапада а 19-й гадзіне.

Узяць удзел можа кожны ахвотны.

Алёна Андрэева — рэдактарка парталу Tut.by. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ, працуе на Tut.by з 2009 году, разам з калегамі стварала першае беларускае інтэрнэт-тэлебачаньне Беларусі — Tut.by-ТВ. У мінулым рэдактар на «Эўрарадыё».

На Tut.by-ТБ Алёна — аўтарка і вядучая штотыднёвай аналітычнай праграмы «Амплітуда», праекту «Дыскусія TUT».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG