Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшы «Дыджэй Адраджэньня» атрымае кацяня ад Зьмітра Дашкевіча


На адкрыцьцё дзесятага сэзону курсаў «Дыджэі Адраджэньня» прыйшлі каля трыццаці чалавек.

Пасьля чатырохгадовага перапынку першыя заняткі ды-джэяў сабралі шэраг выпускнікоў курсаў мінулых гадоў. У сядзібу БНФ, дзе штоаўторак будуць трэніраваць актывістаў, завіталі Наста і Зьміцер Дашкевічы, Дзяніс Садоўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі.

Падчас вітальнага слова Зьміцер Дашкевіч сказаў, што яму вельмі пашанцавала — ён «адцяпаў жонку — фіналістку курсаў». Разам з жонкай Настай і дачкой Марай Зьміцер перадаў на апекаваньне ўдзельнікаў курсаў маленькае кацяня, і прапанаваў падарыць яго найлепшаму выпускніку, які будзе вызначаны ў лютым наступнага году.

Беларускі прадпрымальнік Алесь Мазанік, які ўжо доўгі час мае жаданьне займець сэртыфікат дыджэя Адраджэньня, чакае ад курсаў новых ведаў і здольнасьцяў, якія дапамогуць яму ў бізнэсе, у межах якога ён распаўсюджвае беларускія кнігі:

«Я вельмі даўно чуў пра гэтыя курсы. Безумоўна, аўтарытэт Паўла Севярынца для мяне вельмі значны, хоць я таксама нешта зрабіў на ніве беларускага адраджэньня. Я чакаю ад гэтых курсаў новых мэтадаў, новых здольнасьцяў. І безумоўна, кожнаму профі ў сваёй спэцыяльнасьці трэба пэрыядычна праходзіць нейкія курсы, каб больш дасканала наладзіць сваю справу. Мару павесіць дома на сьцяну дыплём дыджэя Адраджэньня».

Выпускнік 2002 году, лідэр моладзевай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан з гонарам разглядае свой сэртыфікат і кажа, што курсы дыджэяў — гэта ня моладзевая тусоўка, а сур’ёзны адукацыйны праект. Удзел у ім дае шанец чалавеку заняць лідэрскія пазыцыі ў любой сфэры — ад палітычнай арганізацыі да калгасу:

«У 2001 годзе я актыўна назіраў за выступамі ды-джэяў у школах, а на наступны год ужо ўзяў удзел. На працягу 10 гадоў фармат курсаў не зьмяніўся, бо не згубіў актуальнсьці і цікавасьці з боку ўдзельнікаў. Сёньня гэтыя курсы актуальныя, бо цікавыя тэмы неабходныя нашаму грамадзтву, у першую чаргу моладзі. Тут чалавек атрымлівае адмысловы досьвед, які ён зможа выкарыстаць як у грамадзкай ці палітычнай дзейнасьці, так і ў калгасе — гэтыя веды залішнімі не будуць».

Выкладнік курсаў Павал Севярынец распавёў, якім чынам будуць арганізаваныя заняткі: удзельнікі пастаянна будуць папаўняць свой рэйтынг балямі, зарабіць якія можна за слушныя адказы, пераканаўчыя выступы, і нават за вядзеньне канспэкту. «Будзе ўлічвацца нават почырк», — строга сказаў Павал Севярынец.

Больш за гадзіну будучыя ды-джэі Адраджэньня адказвалі на 100 пытаньняў, якія, паводле арганізатара, «дапамогуць вызначыць беларускі iq кожнага» і даць удзельнікам стартавы рэйтынг у балах.

Пытаньні ў рэйтынгавым тэсьце выклікалі то сьмех, то ўздыхі: «Хто аўтар словаў нацыяльнага гімну Беларусі?», «Колькі каштуе кілё бульбы?», «Колькі ў Беларусі выбарчых акругаў?», «Колькі гадоў бел-чырвона-беламу сьцягу?», «Ад чаго ў Беларусі гіне найбольшая колькасьць людзей?», «Ці адбывалі вы суткі за акцыі?», «Колькі менчукоў штотыдзень ходзяць у царкву ці малітоўны дом?», «Колькі ў Беларусі беларускамоўных?», «Колькі школаў у Менску?», «Якія галоўныя беларускія брэнды?», «Якую гістарычную падзею ўсё чалавецтва адзначае 52 разы на год?», «Якія найбольш уплывовыя незалежныя СМІ?».

На думку Паўла Севярынца, адказы на ўсе гэтыя пытаньні ды-джэі мусяць давай вельмі хутка.

«Напрыклад, падчас выпрабаваньня, дзе ўдзельнікі праводзяць акцыі ці віктарыны ў глухіх мястэчках, ім неабходна ведаць кошт бульбы», — пажартаваў вядоўца.

XS
SM
MD
LG