Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні курсы «Моваведа» пачнуць працаваць у касьцёле


Тацяна Сушко
Тацяна Сушко

Гарадзенка Тацяна Сушко зьвярнулася з ініцыятывай да арганізатараў бясплатных курсаў беларускай мовы «Моваведа» ў Менску з прапановай адчыніць падобныя курсы ў Горадні. Яе ініцыятыву падтрымалі, і ўжо ў чацьвер — першыя заняткі ў Чырвоным касьцёле на Дзевятоўцы.

Тацяна Сушко скончыла філялягічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы, магістратуру, а таксама асьпірантуру па спэцыяльнасьці «беларуская мова».

Карэспандэнт: «Тацяна, у нас у Горадні ўжо некалькі бясплатных курсаў па вывучэньні беларускай мовы, і вось вы прапаноўваеце новыя...»

Сушко: «Па-першае, гэта маё асабістае жаданьне, такое маё пакліканьне, мая справа — распаўсюджваць беларускую мову, і я хачу гэтым займацца. Я спрабавала зрабіць платныя курсы беларускай мовы, але паколькі не было ахвотных — я прачакала недзе тры месяцы, таму вырашыла заняцца гэтым бясплатна. Стэлефанавалася з Аляксеем Шэіным, і мы дамовіліся».

Карэспандэнт: «Вашы курсы разьлічаныя на аўдыторыю якога ўзросту?»

Сушко: «Найперш скажу, што мэта курсаў — каб чалавек мог размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцьці. Курсы разьлічаныя на аўдыторыю рознага ўзросту, праўда, ня лічачы дзяцей да 12 гадоў, паколькі для іх навучаньня прымяняецца іншая мэтодыка. Курсы разьлічаныя і на замежных грамадзян».

Карэспандэнт: «У чым будзе заключацца адметнасьць вашых курсаў ад тых, якія ўжо існуюць?»

Сушко: «Дакладна пакуль не магу адказаць на гэтае пытаньне, але паколькі тут будзе ўжо іншы вядоўца, то, думаю, адрозьнівацца яны будуць. Вядома, мы будзем запрашаць у якасьці выкладчыкаў вядомых людзей Беларусі. І я, дарэчы, ня бачу тут ніякай канкурэнцыі — галоўнае, каб наша мова пашырала сваё ўжываньне. Чым больш будзе курсаў беларускай мовы, тым будзе лепш».

Карэспандэнт: «Мне падалося яшчэ адметнасьцю курсаў тое, што яны будуць праводзіцца ў касьцёле...»

Сушко: «Я хадзіла па розных інстанцыях у пошуках памяшканьня для заняткаў, але паўсюль ад мяне патрабавалі платы за арэнду. І тады я зьвярнулася да пробашча касьцёла, бо ў Горадні няма такіх бізнэсоўцаў, як у Менску, якія б маглі недзе аплаціць тую арэнду. У касьцёле, аказваецца, ужо існуюць курсы польскае мовы, і пробашч з радасьцю ўспрыняў маю ідэю».

Карэспандэнт: «Тацяна, а якія спадзевы перад пачаткам працы курсаў?»

Сушко: «Я спадзяюся, што адпачатку чалавек 20 павінны прыйсьці, бо толькі з маіх знаёмых больш за дзясятак набярэцца. Ну, можа, яшчэ нейкую ролю адыграе рэкляма».

Першыя заняткі на бясплатных курсах беларускай мовы «Моваведа» ў Горадні — у чацьвер 13 лістапада а 19-й гадзіне па адрасе: вул. Курчатава, 41 (Чырвоны касьцёл на Дзевятоўцы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG