Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лістапада распачнецца «Месяц польскай літаратуры». Яго ладзяць амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску і Літаратурны дом «Логвінаў».

Стартуе сьвята прэзэнтацыяй дыска «Муры». На ім упершыню ў Беларусі выдадзеныя песьні знакамітага польскага сьпевака Яцака Качмарскага, пераствораныя Андрэем Хадановічам.

Дыск мае назву паводле адной з самых вядомых песьняў Качмарскага, якая стала фактычным гімнам «Салідарнасьці». «Муры» Андрэй Хадановіч упершыню прасьпяваў увечары 19 сьнежня 2010 году на пляцы Незалежнасьці. Увесь 2011 год гэтая песьня суправаджала праграму «Верш на свабоду» на нашым радыё.

Усяго на дыску 14 песьняў, якія ў сваіх перакладах Андрэй Хадановіч дзе-нідзе набліжаў да беларускай рэчаіснасьці.

«Пэдантычныя аматары Качмарскага пазнаюць лічаныя радкі, — кажа перакладчык. — Польскія вобразы месцамі памяняліся беларускімі вобразамі, польскія цытаты і намёкі — дакладна беларускімі цытатамі і намёкамі. Я хацеў захаваць намеры аўтара, а як я яго ўпакую ў нашы рэаліі — гэта ўжо мой клопат».

Паслухаць, як Андрэй Хадановіч зьбеларусіў песьняра «Салідарнасьці» Яцака Качмарскага, змогуць усе ахвотныя 12 лістапада а 19-й у менскай галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).

18 лістапада — вечарына «Кірмаш цудаў Віславы Шымборскай», прысьвечаная паэтцы, нобэлеўскай ляўрэатцы. Спартоўцы, дыпляматы, грамадзкія дзеячы, акторы прачытаюць вершы Шымборскай на сваіх мовах і ў польскім арыгінале. Галерэя «Ў». Пачатак а 18-30.

21 лістапада — адкрыцьцё выставы «Коткі ў польскім коміксе». Пра фэномэн польскага комікса распавядуць польскія і беларускія мастакі. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й. Выстава працягнецца ў галерэі да 28 лістапада.

22 лістапада — майстар-кляс «Як намаляваць комікс?» Для дзетак 6–11 гадоў — 12:00–13:00, для моладзі і дарослых — 14:00–16:00. Галерэя «Ў».

26 лістапада — прэзэнтацыя кнігі «Мілаш. Аўтабіяграфія» з удзелам аўтара Анджэя Франашака. Гэта прэзэнтацыя самага грунтоўнага на сёньня жыцьцяпісу ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, «апошняга грамадзяніна ВКЛ», паэта Чэслава Мілаша, які перажыў ці ня ўсе бурлівыя падзеі ХХ стагодзьдзя. У імпрэзе возьмуць удзел перакладчыкі Марыя Казлоўская, Марына Шода, Марыя Пушкіна і Андрэй Хадановіч. Кнігарня «Логвінаў». Пачатак а 19-й.

2 сьнежня — тэатралізаваная прэзэнтацыя перакладу п’ес драматурга Станіслава Высьпянскага «Вясельле» і «Варшавянка». На прэзэнтацыі акторы Купалаўскага тэатру разыграюць некалькі ўрыўкаў з твораў драматурга. З удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага. Рэпэтыцыйная сцэна Купалаўскага тэатру (Энгельса, 7). Пачатак а 18-й. Уваход вольны, без квіткоў і запрашальнікаў.

9 сьнежня — сустрэча з адным з найяскравейшых сучасных празаікаў Польшчы Паўлам Гюле і прэзэнтацыя беларускага перакладу ягонага раману «Вайзэр Давідзік». У сустрэчы возьме ўдзел перакладчыца Марына Шода. Акторы Купалаўскага тэатру прадставяць фрагмэнты з раману. Мадэратар — Андрэй Хадановіч. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG