Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кудзіненка: Я ня бачу сябе ў расейскім кіно


Андрэй Кудзіненка

Андрэй Кудзіненка

Калісьці апальны рэжысэр, аўтар фільму «Акупацыя. Містэрыі» Андрэй Кудзіненка прывёз на кінафэстываль «Лістапад» фільм пра скандальнага рэпэра Noize MC, вядомага сваёй антыкрамлёўскай пазыцыяй.

Прэм’ера фільму Hard Reboot, які называецца гэтаксама, як апошні альбом Noize MC, адбылася ў Менску 9 лістапада.

У пошуках свабоды творчасьці Кудзіненка калісьці перабраўся ў Расею, а цяпер кажа, што больш камфортна яму ў Беларусі. Пра «чорныя сьпісы», экранізацыю «Шляхціца Завальні» і жаданьне прынесьці карысьць за дзяржаўныя грошы Андрэй Кудзіненка распавёў Радыё Свабода.

«Толькі адна бабуля выйшла падчас паказу»

— Андрэй, прэм’ера вашага новага фільму адбылася ў межах кінафэстывалю «Лістапад». Якія ўражаньні засталіся ад менскай публікі, ад паказу і фэстывалю ўвогуле?

— Вельмі добрыя ўражаньні — вельмі добры паказ, па якасьці, па гучаньні. Гледачы таксама добра ўспрынялі фільм, задавалі шмат пытаньняў пасьля прагляду, было шмат абмеркаваньняў нават па-за межамі кінатэатру. Нягледзячы на тое, што фільм нестандартны, бо ён абсалютна не ў фэстывальным ці пракатным фармаце. Гэта, як я кажу, хэпэнінг або contemporary art, экспэрымэнтальнае кіно. Фільм нібыта і заточаны больш пад моладзевую аўдыторыю да 30 гадоў, бо апавядае пра маладых музыкаў, але вельмі шмат асобаў сталага веку з сапраўднай зацікаўленасьцю задавалі пытаньні. Кажуць, што толькі адна бабуля выйшла падчас прагляду. А адзін мужчына ўвогуле сказаў, што яму 63 гады і гэта ягонае кіно.

— Спачатку вы становіцеся практычна апальным творцам у краіне, калі забаранілі фільм «Акупацыя. Містэрыі». Пасьля Беларусьфільм запрашае зьняць «Масакру». Цяпер ваш фільм уваходзіць у праграму «Лістапада». Чаму за такі досыць кароткі пэрыяд стаўленьне да вас зьмяняецца настолькі дыямэтральна?

— Гэта не ад мяне залежыць перадусім, а ад лініі партыі. Відавочна, што ў нейкі момант я супадаю з рэзанансам, а ў нейкі момант — не. Сапраўды, у беларускім кінэматографе голае поле і практычна нікога няма. Мала ў нас рэжысэраў, мала кінажыцьця. Я мяркую, што мог бы шмат карысьці прынесьці, нават за дзяржаўныя грошы. Я калісьці нават выйграў нацыянальны конкурс — гэта мелася быць сумесная прадукцыя з Расеяй. Мне нават выдзелілі каля мільёна даляраў на мой праект дзіцячага прыгодніцкага кіно. Але тады ў расейскага боку здарыўся крызіс, расейскі Фонд кіно развальваўся, і партнэр адпаў. Але мой праект выйграў тады ў конкурсе, таму я не магу казаць пра ніякую перадузятасьць. Але часам, відаць, несупадзеньне ў нас.

«У Расеі ўсё вырашаецца праз грошы, у Беларусі — праз чалавечы фактар»

— Як вы можаце акрэсьліць вашы дачыненьні зь дзяржаўнымі структурамі?

— Увогуле, культура ў Беларусі вельмі кансэрватыўная па сваёй сутнасьці і жыве ў такой сваёй заціснутай парадыгме. Але часам здараюцца рэчы, якія могуць зьдзіўляць. Я ў свой час думаў, што мой фільм «Сны Валянціна Вінаградава» будуць ледзьве не расьпінаць. Але наадварот — афіцыйныя крытыкі паднялі яго на сьцяг і назвалі адным з прыкладаў новага погляду на беларускае кіно савецкага пэрыяду. З «Акупацыяй» была праблема з адным чыноўнікам, якога няма ўжо ў жывых. Таму што чыноўнікі баяцца за свае месцы і перастрахоўваюцца. Я нават часам думаю, што ніякіх «чорных сьпісаў» няма — чыноўнікі не атрымліваюць аніякай дырэктывы зьверху, а самі наварочваюць сабе сьнежны ком праблемаў і страхаў.

— Пасьля таго як вы сутыкнуліся з забаронай у Беларусі, вы зьехалі ў Маскву. Дзе вам прыемней працаваць, дзе больш свабоды для вас як кінатворцы?

— Я дакладна цяпер ня бачу сябе ў кантэксьце расейскага кіно, таму што яно перайшло або ў савецкую прапаганду, або ў танную камэрцыю. Там усё сумна насамрэч. Мне камфортней працаваць у Беларусі, бо ў мяне тут шмат сяброў і знаёмых. Адзінае, што тут перашкаджае, — гэта тое, што тут шмат бюракратыі з афіцыйнымі дазволамі. Напрыклад, каб атрымаць машыну хуткай дапамогі для здымкаў, трэба столькі папераў! А калі ты фізычная асоба, з табой увогуле ніхто размаўляць ня будзе, нават калі ты грошы заплоціш. У Расеі, дарэчы, усё вырашаецца праз грошы і карупцыю.

— А ў Беларусі?

— А ў Беларусі, хутчэй, праз чалавечы фактар. Насамрэч у Беларусі мала што адбываецца. Тут стабільнасьць і закансэрваванасьць амаль увесь час. Адліга была, калі на кінастудыі зьявіліся Замяталін, Канановіч, я. А цяпер Беларусьфільм арыентаваны на сэрыялы. Гэта ўвогуле адзіны прэцэдэнт у сьвеце, дзе за дзяржаўныя грошы здымаюць камэрцыйныя сэрыялы, прычым арыентаваныя на суседнюю краіну. У Расеі на танны камэрцыйны рынак арыентаваныя незалежныя кінастудыі, якія займаюцца нізкаякаснымі ў эстэтычным сэнсе прадуктамі. Здымаюць сэрыялы за свае грошы і рызыкуюць. А ў нас — за грошы падаткаплатнікаў, але ўсе ставяцца да гэтага спакойна. Таму што ўсе ўспрынялі кіно, мастацтва як тавар. Але наадварот — у кіно і ў мастацтва трэба ўкладаць грошы, таму што гэта такія рэчы, якія прынясуць патройны прыбытак — іміджам краіны, турызмам.

«Бюракратычная жаба высмоктвае ўсю энэргію з твайго кіно»

— Зь іншага боку, на кінафэстывалі «Лістапад» упершыню праводзіцца нацыянальны конкурс фільмаў. Пра што гэта можа сьведчыць?

— Варта адзначыць, што фэстываль беларускага кіно Bulbamovie, які ладзіцца ў Варшаве, ужо праводзіць такі конкурс. Магчыма, што гэтая ідэя ўзятая адтуль або проста даўно лунала ў паветры. Бо сапраўды, шмат зьявілася новых рэжысэраў, падзеяў, матэрыялаў лепшай якасьці. «Лістапад», дарэчы, дублюе некаторыя фільмы з праграмы Bulbamovie. Увогуле, ж «Лістапад» у першую чаргу павінен зьвяртаць увагу на сваё кіно. Я разумею, што трэба паказваць людзям фільмы, якія былі ў Канах, але іх пасьля ўсё роўна спампуеш з інтэрнэту. А сваіх ня ўбачыш нідзе і ніколі. Таму што афіцыйны пракат у асноўным паказвае амэрыканскія фільмы, на тэлебачаньні дублююць расейскія каналы. Дарэчы, чаму б не паказаць усёй праграмы «Лістапада» па нацыянальным тэлебачаньні? Узялі б ды паказалі! А нацыянальны конкурс сапраўды крыху ідзе ўбаку, на пэрыфэрыі. Фэстываль жыве сваім жыцьцём, а ў вас тут міжсабойчык у кінатэатры «Перамога».

— Ці плянуеце вы яшчэ супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі структурамі, напрыклад, зь Беларусьфільмам?

— Не хачу загадваць, бо ў іх ужо год ляжыць мой праект «Шляхціц Завальня», які яны хочуць рэанімаваць. Зь імі цяжка працаваць, бо там усё архаічна і дэгенэратыўна, там усё састарэла. На табе сядзіць вялізная бюракратычная жаба, пухліна, якая высмоктвае ўсю энэргію, сілу з твайго кіно, корміцца ім. Ня хоча, каб зьяўляліся харошыя праекты. Нікому ня хочацца займацца прасоўваньнем, рэклямай. Маўляў, мы жывем, працуем, атрымліваем заробак — і ўсё. А ў мастацтве так не бывае. Мастацтва — гэта выхад па-за межы чагосьці, пошук новых тэрыторыяў. А ўсё новае — гэта страшна для бюракратычнага апарату, які сядзіць, схапіўшыся за сваё крэсла, і баіцца страціць сваё месца.

«Ствараю міт сьвету»

— Свой апошні фільм вы зьнялі ў беларускай глыбінцы і назвалі кінатэрапіяй. Што такое Беларусь у вашых фільмах?

— Мой наступны праект называецца «Хранатоп» — гэта проста месца і прастора. Беларусь знаходзіцца ў нейкім такім часава-прасторавым вакуўме, або ў стане пераходнага пэрыяду. Яна больш паміж мінулым і будучыняй ці паміж жыцьцём і сьмерцю — можна сказаць, дзіра ў прасторы. Беларусь абсалютна валодае сваё таямнічай мэтафізыкай. Калі мы бачым яркія падзеі ў Расеі ці ва Ўкраіне, то ў Беларусі працэсы зьвязаныя з мэтафізычным сэнсам.

— Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра свой новы праект.

— Я пачынаю такі доўгайграючы праект у Беларусі. Ён будзе зроблены з маленькіх мікранавэлаў, такія беларускія міталягічныя гісторыі пра сучасныя абрады і рытуалы ў нашым жыцьці, гэткі міт сьвету. Гэтыя ультракароткія гісторыі, па 3–7 хвілінаў кожная, будуць злучаныя сваімі сувязямі, сэнсамі. Я хачу, каб гэта быў праект, які прыцягне шмат новых кінэматаграфічных сілаў. Я спадзяюся, што гэта будзе адкрытая пляцоўка, у якой будуць удзельнічаць 10 ці 20 кінэматаграфістаў. Праект робім зь сябрамі на поўным энтузіязьме. Ён будзе ў выглядзе кінаальманаху, але асноўнай пляцоўкай стане інтэрнэт.

XS
SM
MD
LG