Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка агучыў дыягназ беларускай эканомікі: хваробы — старыя, лекары — таксама


«Многія застарэлыя балячкі і нявырашаныя праблемы» па-ранейшаму застаюцца ў пасіве ўраду і Нацыянальнага банку. Менавіта такі «дыягназ» паставіў 11 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працы ўрадоўцаў і банкіраў. Яны сёньня трымалі справаздачу за працу ў 2014 годзе і агучвалі прагнозы на год наступны.

Аляксандар Лукашэнка вылучыў чатыры кірункі, у якіх справы ідуць асабліва дрэнна. Гэта — перапоўненыя склады, зьніжэньне экспарту, прывязанасьць да традыцыйных рынкаў збыту і вялікая колькасьць стратных прадпрыемстваў.

«Усе гэтыя праблемы даўно і добра вядомыя. Яны зьвязаныя паміж сабой, і ніякай Амэрыкі тут Лукашэнка не адкрыў. Гэтыя балячкі спэцыялісты добра ведаюць», — канстатуе дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Гэта абсалютна фундамэнтальныя рэчы. Калі наша прадукцыя не прадаецца, то гэта ацэнка, у пэўнай ступені нават дыягназ, нашай эканомікі. Вось ужо колькі год і ўрад, і сам Аляксандар Лукашэнка намагаюцца вырашаць гэтае пытаньне ўсё тымі ж старымі мэтадамі. Выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, выкарыстоўваюць палітычны рэсурс, калі кіраўніцтва Беларусі езьдзіць па розных краінах і дамаўляецца там пра закуп беларускай прадукцыі.

Але радыкальных зломаў гэтых нэгатыўных тэндэнцыяў няма. І гэта сьведчыць пра тое, што праблемы, якія мы маем, — гэта абсалютна структурныя праблемы. Ці то мы рэфармуем нашу эканоміку структурна, калі ствараем умовы не для таго, каб урадоўцы езьдзілі і стараліся „ўпіхнуць“ гэтыя тавары, а дзеля таго, каб тут, у Беларусі, былі прывабныя ўмовы для інвэстараў. Каб яны прыходзілі і самі, згодна з нармальнай рынкавай лёгікай, шукалі сабе і рынкі збыту, і нармальныя бізнэс-пляны. А ўрад пры гэтым толькі павінен ствараць рэгулятыўныя нормы і сачыць затым, каб на рынку Беларусі была нармальная канкурэнцыя».

Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што ён ніколі не гуляў у таямніцы з народам як пры вырашэньні эканамічных праблемаў, так і пры прыняцьці кадравых рашэньняў. «Некаторыя ў нас міністры дапрацаваліся да таго, што іх дзеці пастаянна жывуць у Злучаных Штатах Амэрыкі і навучаюцца там, а яны рэфармуюць нашу сыстэму адукацыі. Зразумела, што будзе ад гэтых рэформаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Падобна, што гэтыя словы скіраваныя на адрас цяперашняга міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, чый сын Дзяніс жыве за мяжой.

«Гэта ніякая не навіна для многіх», — кажа былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў:

«Фактычна склалася практыка, што дзеці беларускіх чыноўнікаў вучацца і жывуць за мяжой. І гэта ўжо навіной не зьяўляецца. Я думаю, у тым ліку і для самога Рыгоравіча. Ну і што з гэтага? Бацька тут працуе, а дзіця там вучыцца. І пры чым тут ягоная праца і вучоба дзіцяці?

А што тычыцца рэформы — яна ішла сем гадоў. Яшчэ Стражаў, калі быў міністрам, пачынаў. Затым іншыя працягнулі. І гэтая рэформа паступова падводзіла нас да стандартаў эўрапейскай адукацыі. У тым ліку і каб Балёнскі працэс уключыць у вышэйшую школу.

Пасьля з падачы ўсім вядомага сэнатара ўзялі і гэтую рэформу перакрэсьлілі. А цяпер зноў пачынаюць гаварыць і пра тое, і пра гэтае... Дык вы спачатку вызначыцеся, што вам патрэбна — добрая адукацыя альбо гульня ў рэформы? А паколькі ў нашай краіне ўсё вырашае адзін чалавек, дык гэта пытаньне да яго».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG