Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інфляцыя ў Беларусі такая ж, як у ахопленай вайной Украіне, — Багданкевіч


Беларускі ўрад сёньня ня здольны падвысіць рэальныя заробкі грамадзян і пры гэтым стрымаць інфляцыю, лічаць экспэрты.

У панядзелак прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што рэальная зарплата бюджэтнікаў у 2015 годзе ўзрасьце: ён паабяцаў, што заробкі будуць расьці хутчэй за тэмпы інфляцыі. Дадатковы рост павінен адбыцца «за кошт бюджэтных асыгнаваньняў і далейшай аптымізацыі выдаткаў».

Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Ці здольныя ўлады забясьпечыць рост рэальнай зарплаты і як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы?

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што нават калі ў бюджэце не хапае грошай, то падвысіць заробкі ўсё роўна можна — выкарыстоўваючы тактыку «перацягваньня коўдры».

«У апошнія месяцы, паводле статыстыкі, рэальныя зарплаты ў цэлым па краіне трошкі падаюць, іх рост адстае ад інфляцыі. Але ў бюджэтнікаў зарплата ў гэтыя месяцы павышалася. То бок зарплаты адных павышаюцца, скажам шчыра, за кошт паніжэньня зарплаты іншых. Ідзе такое перацягваньне коўдры, такое выраўнованьне. У кагосьці зарплата будзе павышацца, у кагосьці паніжацца. Гэты працэс ужо ідзе, і пры жаданьні ўрад можа працягнуць гэта і далей», — кажа ён.

Неабходнасьць гэтага «перацягваньня коўдры» відавочная: заробкі бюджэтнікаў, асабліва ў сфэры адукацыі, мэдыцыны і сельскай гаспадаркі, вельмі нізкія. У год прэзыдэнцкіх выбараў трэба хоць трошкі іх падняць.

Але падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі, лічыць Злотнікаў, улады ня будуць кідаць усе сілы на дасягненьне нейкай новай сымбалічнай плянкі ўзроўню заробкаў, як гэта было ў 2010 годзе з зарплатай у 500 даляраў. Улады, хутчэй, будуць выхваляцца той плянкай, якая ўжо ёсьць, тым больш што спадзявацца на трываласьць беларускага рубля ва ўмовах дэвальвацыі ў Расеі і Казахстане нельга.

Леанід Злотнікаў, эканаміст. Фота: Ягор Маёрчык

Леанід Злотнікаў, эканаміст. Фота: Ягор Маёрчык

Наагул калідор магчымасьцяў у пытаньні павышэньня ўзроўню жыцьця ў беларускага ўраду вельмі вузкі.

«Сёньня краіна спажывае больш, чым вырабляе. Таму магчымасьці падтрыманьня ўзроўню жыцьця (ня тое каб яго павышэньня, рэальнага павышэньня зарплаты, а хаця б утрыманьня) зьвязаныя з прытокам валюты ў краіну: або за кошт буйной прыватызацыі, або за кошт крэдытаў. То бок калі мы будзем і далей праядаць валюту, нарошчваючы даўгі і прадаючы маёмасьць, тады яшчэ можна пратрымацца нейкі час», — адзначае Злотнікаў.

Таксама дзяржава можа пайсьці на тое, каб зьменшыць інвэстыцыі ў розныя галіны эканомікі (напрыклад, у будаўніцтва) — гэта таксама дазволіць трошкі лепш пражыць падчас выбараў. Але гэтае рашэньне будзе мець шмат нэгатыўных доўгатэрміновых наступстваў.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода зьвярнуў увагу на тое, што ў сваёй заяве Мясьніковіч нічога кардынальнага беларусам не абяцаў.

Станіслаў Багданкевіч. Фота: Ягор Маёрчык

Станіслаў Багданкевіч. Фота: Ягор Маёрчык

Па-першае, рост заробкаў можа апярэдзіць інфляцыю на нейкі 1% — і гэта таксама можна будзе назваць павелічэньнем зарплаты. Па-другое, нават гэтае павелічэньне будзе, хутчэй за ўсё, зьедзена інфляцыяй, якая, відавочна, зноў не ўтрымаецца ў рамках гадавога прагнозу ў 12%.

«Насамрэч інфляцыя будзе вышэйшая за гэтую заплянаваную (12% — РС) суму — гэта ўжо зразумела сёньня. Таму насамрэч ніякага павелічэньня рэальнай зарплаты не прадугледжваецца і ня будзе», — адзначае экс-кіраўнік Нацбанку.

Багданкевіч лічыць, што беларускі ўрад ня здольны стрымаць інфляцыю.

«Урад на гэта ня здольны на працягу 20 гадоў. Кожны год у нас вялізарная інфляцыя, несупастаўная ні з інфляцыяй у Расеі, ні ва Ўкраіне. Сёньня Ўкраіна ваюе, у Беларусі мір, а інфляцыя ў нас аднолькавая па тэмпах росту. Інфляцыя будзе вялікая — яна ў рэальнасьці ў наступным годзе будзе складаць, відаць, каля 20%», — кажа ён.

Зьвязана гэта з хранічнымі хваробамі эканомікі Беларусі:

«У нас не рэфармаваная эканоміка, у нас ідзе праца на склад. У нас на складах ляжыць больш за 33 трлн рублёў прадукцыі, якая створаная, але не прададзеная, а на яе стварэньне выдаткаваная электраэнэргія, зарплаты і г. д. То бок грошы выдаткаваныя, а тавар не запатрабаваны. Такая эканоміка генэруе інфляцыю».

XS
SM
MD
LG