Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясная вайна з Расеяй: вяртаюць і сьвініну, і ялавічыну, і птушку


Рассельгаснагляд арыштаваў 15 тон птушкі на мяжы Беларусі са Смаленскай і Бранскай абласьцямі.

Гэтым разам, усьлед за прэтэнзіямі да мяса ялавічыны зь Бярозаўскага і Слонімскага мясакамбінатаў, прэтэнзіі Рассельгаснагляду тычацца мяса птушкі, вырабленага на Полацкім участку Глыбоцкага камбікормавага заводу.

«Нашу птушку арыштавалі на мяжы. Але пакуль усе дадзеныя ў іх, да нас на галаўное прадпрыемства нічога не паступала — за што і чаму. Нам яшчэ актаў не даслалі. Чакаем. Але раней такога не было, пастаўлялі птушку без праблемаў», — адказалі ў аддзеле маркетынгу Глыбоцкага камбікормавага заводу.

Расейскі сельгаснагляд паведамляе пра прычыны затрыманьня беларускай птушкі наступныя зьвесткі:

«На скрынях адсутнічалі маркіровачныя этыкеткі, на большай частцы ўпакоўкі выяўленыя сьляды зьнішчэньня раней наклееных этыкетак. Нягледзячы на тое, што прадукцыя прыбыла ў суправаджэньні вэтэрынарнага сэртыфікату Мытнага саюзу, які быў выдадзены дзяржаўнай вэтэрынарнай службай Беларусі, санітарны стан птушкі быў нездавальняючы, са значнымі рэшткамі нявыдаленага пер’евага покрыва, меліся сьляды дэфрастацыі, упакоўка не адпавядала патрабаваньням заканадаўства Мытнага саюзу».

Гэтая інфармацыя зьмешчаная на афіцыйным сайце Рассельгаснагляду.

На полацкім прадпрыемстве прэтэнзіі расейцаў называюць нечаканымі:

«Адпачатку ўсе, каму прызначалася птушка, ведалі, што ў яе менавіта такі таварны выгляд. І фатаздымкі былі. То бок тыя, хто зьбіраўся купляць гэтую птушку, усё ведалі. А чаму нейкія прэтэнзіі зьявіліся — ня ведаю», — сказалі на заводзе ў аддзеле маркетынгу.

Паводле супрацоўніцы, лёс тавару будзе вырашаны пасьля правядзеньня экспэртызы і перамоў з расейскім бокам.

Гэта ня першы канфлікт паміж Рассельгаснаглядам і беларускімі вытворцамі мяса за апошнія дні. 10 лістапада зьявіліся зьвесткі, што на Слонімскі мясакамбінат вярнулі партыю ялавічыны вагой 16 тон. Расейскі бок спаслаўся на падроблены сэртыфікат. Між тым службовая праверка, якую правяло Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, паказала, што мяса, якое вярнулі расейцы, мела ўсе патрэбныя дакумэнты, і несапраўдны сэртыфікат ня мае да яго дачыненьня. Выканаўца абавязкаў дырэктара камбінату Сяргей Скіба патлумачыў Свабодзе, што зь ягонага камбінату ўвогуле не пастаўлялі мяса на той адрас, які называе Рассельгаснагляд:

«У гэтыя дні ў нас не было адгрузкі ялавічыны. І па адрасе, які пазначаны ў інтэрнэце, мы адгрузак не рабілі. А раней мяса з Расеі нам не вярталі. Што да гэтых 16 тон, то іх адгрузілі 6 лістапада, яшчэ да пачатку дзеяньня гэтых абмежаваньняў. Хоць афіцыйна мы не атрымлівалі паведамленьня, што мы закрытыя на Расею. То бок спачатку было закрыцьцё паставак, а ўжо потым вярнулі мяса. І тое мяса, якое вярнулі, ехала з усімі патрэбнымі суправаджальнымі дакумэнтамі, зь ім ніякага парушэньня не было. І вярнулі яго таму, што на той момант ужо было спыненае дзеяньне сэртыфікату».

— І як цяпер сытуацыя на вашым заводзе?

— Нармальная, стабільная. Працуем. На Расею пакуль не адпраўляем мяса, пакуль ня скончаць разбор.

Паводле Сяргея Скібы, вернутыя з Расеі 16 тон ялавічыны будуць перапрацаваныя і прададзеныя ў Беларусі.

Беларускі Мінсельгасхарч правяраў таксама канфліктную сытуацыю вакол Бярозаўскага мясакансэрвавага камбінату. Да яго днямі таксама прагучалі прэтэнзіі расейскага Сельгаснагляду, што не было сэртыфікату на адну з партыяў прадукцыі. Сэртыфікат проста згубіўся, і яго замянілі на новы, патлумачыў галоўны вэтэрынарны лекар камбінату Валер Аношка:

«Спачатку выставілі нам прэтэнзіі, правялі службовы разбор, разабраліся і прэтэнзіі зьнялі. Пастаўкі мяса ў Расею працягваюцца. У нас не было, каб вярталі мяса».

Між тым нязьнятымі застаюцца прэтэнзіі расейскага боку адносна прадукцыі Аршанскага, Бабруйскага, Магілёўскага і Менскага мясакамбінатаў. У іхніх вырабах нібыта быў выяўлены «геном афрыканскай чумы сьвіней». Беларусь патлумачыла, што вірус афрыканскай чумы мог паходзіць з імпартнай сьвініны, і прыпыніла пастаўкі ў Расею сьвініны і прадукцыі зь яе да 11 лістапада, калі ў Маскве на адмысловай нарадзе беларускі бок павінен прадставіць вынікі расьсьледаваньня. Пра тое, што вырашана на нарадзе, пакуль невядома.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG