Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь: мэмарыял з адтэрміноўкай


Сёньня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч праводзіць вечаровую імшу ў памяць пра ахвяраў Першай усясьветнай вайны.

11 лістапада 1918 году лічыцца афіцыйнай датай заканчэньня кааліцыйнага супрацьстаяньня чатырох дзясяткаў дзяржаваў, да таго ж сёлета адзначалася 100 гадоў ад пачатку вайны, якая да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была самай крывавай у гісторыі чалавецтва — блізу 10 мільёнаў забітых і 20 мільёнаў пакалечаных. Тым часам у Смаргоні, якая 810 дзён заставалася цэнтрам пазыцыйнага змаганьня варожых арміяў, распачаўся другі этап будаўніцтва вялікага мэмарыялу. Цалкам комплекс меліся здаць яшчэ да юбілейных імпрэзаў 1 жніўня, але з-за недахопу фінансаваньня не пасьпелі, і вырашылі пачакаць да наступнай гадавіны — да 2018-га.

На заходнім баку Смаргоні, абапал шашы Менск — Вільня недалёка ад вёскі Хадакі, вось ужо каторы тыдзень назіраецца будаўнічая актыўнасьць. Грузавікі звозяць пясок, геадэзісты «раўняюць» гарызонты, інжынэры ўвіхаюцца каля абарончых аб’ектаў. Закладаецца другая частка комплексу ў памяць пра ахвяраў і герояў Першай усясьветнай вайны. Згодна з задумай аўтарскага калектыву, дамінантай стане скульптурная кампазыцыя «Праклён вайне» — бронзавы салдат з працягнутымі да неба рукамі, які ўваткнуў вінтоўку штыком у зямлю. Тут жа зьявіцца мапа сьвету зь пералікам 38 дзяржаваў, якія высілкамі ваяўнічых імпэрыяў былі ўцягнутыя ў крывавую кампанію.

Пляцоўка пад статую «Праклён вайне»

Пляцоўка пад статую «Праклён вайне»

Затое астатнія экспанаты амаль гатовыя. Пэрпэндыкулярна трасе захаваліся паўтара дзясятка нямецкіх дотаў, якія будуць злучаныя паміж сабой сьцежкамі, а навакольная тэрыторыя — умоўна добраўпарадкаваная. Большая частка фартыфікацыйных збудаваньняў за прамінулыя 100 гадоў захавала амаль першародны стан, але некаторым пашчасьціла меней — яны заміналі трактарам працаваць на палетках. Праўда, зраўняць зь зямлёй бэтонныя ўмацаваньні не ўдалося, і іх проста разбурылі.

Дот здолелі толькі раскурочыць

Дот здолелі толькі раскурочыць

Краязнаўца, аўтар кніг пра смаргонскі эпізод тагачасных баталіяў Уладзімер Лігута вітае тое, што стагодзьдзе «забытай вайны» нарэшце абарочваецца ўвагай да тых падзеяў. Паводле некаторых дадзеных, Расея страціла забітымі 2 мільёны вайскоўцаў, сярод цывільнага насельніцтва ахвяраў набралася каля 1 мільёна. І выглядае, што ў значнай ступені гэта якраз жыхары Беларусі: больш за 800 тысяч мясцовых людзей былі мабілізаваныя пад сьцягі Расейскай імпэрыі; уцекачы, колькасьць якіх сягала 2 мільёнаў, гінулі ад абстрэлаў і паміралі па дарозе ў эвакуацыю:

«Факты мужнасьці і гераізму ўражваюць да сёньня. Прычым салдаты спакойна пішуць пра гэта ў сваіх лістах. Так, Кімгурскі полк прыкрывае адыход усяго корпусу. Літаральна ў раёне Солаў, ля вёскі Рачуны, возера Рыжае, яны акурат там. Каб праціўнік ня сеў на хвост, трэба яго пастаянна атакаваць. Але няма патронаў. Ідуць у штыкавую атаку, нясуць страшныя страты — з 500 чалавек батальёну 150 забітых толькі ў адным баі. Няма патронаў, але ўсё роўна б’юцца.

Ёсьць цікавы эпізод, які здарыўся ля Ашмянкі, гэта ўжо не гвардзейцы, а армейскі полк, які таксама адыходзіў. Трапілі ўвогуле ў безвыходнае становішча. Стаяць на беразе Ашмянкі, а нямецкія кавалерысты, якія пайшлі ў прарыў, ведаюць, што ў рускіх няма патронаў, пра гэта напісана ў дакумэнтах. Што ім рабіць? Яны строяцца ў пяхотнае карэ, як у 1812 годзе, упіраюць штыкі ў зямлю і чакаюць атакі. Немцы адмыслова робяць шчыльны строй — расейцы ж страляць ня будуць — каб іх проста зьмяць. Але, як кажуць, „вязуха“ — вылятае з-за лесу артылерыйская батарэя, якая ў складзе адмысловых брыгадаў рыхтавалася да адпраўкі ў Францыю і не пасьпела пагрузіцца. У іх ёсьць снарады, яны разварочваюцца і беглым агнём немцаў на тым беразе раскідалі. Усё, посьпех. Сэнс у тым, што не ўцякаюць, разумееце? Хоць праціўнік цісьне, адступаюць, але не ўцякаюць».

Смаргонскі мэмарыял на лініі расейска-германскага супрацьстаяньня ў 1915–1917 гадах стане першым комплексам такога маштабу на тагачасным Заходнім (для арміі Расейскай імпэрыі) фронце. Ужо на пачатковым этапе, які, сярод іншага, уключаў у сябе праектаваньне і выраб скульптурных кампазыцыяў, працы фундаваліся зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы, таму мэмарыял вытрыманы ў аднабаковым, так бы мовіць, стылі — праваслаўная капліца з георгіеўскім крыжам, такі ж крыж, выкладзены з пліткі, пры ўваходзе на алею. Адзін з элемэнтаў трыптыха — помнік «Салдаты Першай усясьветнай» — таксама прысьвечаны расейцам.

«Рускія салдаты» на адной са скульптураў

«Рускія салдаты» на адной са скульптураў

Першапачатковая назва мэмарыяла — «Парк Перамогі». Але пераможцам па выніках вайны нейкі з бакоў можна назваць хіба ўмоўна. Вынікам публічных абмеркаваньняў стала адмова ад ужо ўхваленай шыльды — цяпер гэта грувасткі «Мэмарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяньня ў Першую ўсясьветную вайну 1915–1917 гадоў у Смаргоні». Праўда, усё таго ж саюзнага значэньня.

Плянавалася, што маштабны праект будзе рэалізаваны да 100-годзьдзя пачатку ваенных дзеяньняў 1 жніўня 1914 году. Аднак замест праходу па брукаванай алеі чыноўнікі саюзнай дзяржавы вымушаныя былі тупаць па гравіі і глядзець на бэтонныя паўфабрыкаты. Улічыўшы глябальнасьць задумы і цяжкасьці з фінансаваньнем, будаўнікам дазволілі ня гнаць аўрал і засяродзіцца на новым арыенціры — 100-годзьдзі заканчэньня Першай усясьветнай вайны, якое будзе адзначацца 11 лістапада 2018 году.

Абаронцы Смаргоні

Абаронцы Смаргоні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG