Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зачыняецца «Спадчына Беларусі» — сайт-шпаргалка для студэнтаў-гісторыкаў


Сайт «Спадчына Беларусі» ад сьнежня зьнікае зь віртуальнай прасторы — ва ўладальніка няма сродкаў аплочваць сэрвэр.

Мастак і фатограф Раман Маісей стварыў сайт «Спадчына Беларусі» ў 2008 годзе, натхніўшыся шыкоўным выданьнем ілюстраванай гістарычнай энцыкляпэдыі Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Краіна Беларусь». Кажа, што стварыў сайт найперш для сябе, але яго адразу прыкмецілі студэнты-гісторыкі, якім спадабалася структураваная і лягічная падача дбайна падабраных матэрыялаў.

На сайце матэрыялы разьмешчаны паводле храналёгіі: «Старажытны пэрыяд», «Пэрыяд Русі», «Пэрыяд ВКЛ», «Пэрыяд Рэчы Паспалітай», «Пэрыяд Расейскай імпэрыі», «Найноўшая гісторыя», а таксама па тэмах «Насельніцтва», «Грамадзкі лад», «Гаспадарка», «Вайсковая справа», «Духоўнае жыцьцё». Шэраг матэрыялаў прысьвечаны мастацтву Беларусі.

«Уся праца над сайтам вялася мною адным без усялякай фінансавай падтрымкі. Зараз, з прычыны адсутнасьці сродкаў, празь некалькі тыдняў я вымушаны спыніць яго разьмяшчэньне ў інтэрнэце. Магчыма, празь некаторы час, сайт адновіць сваю работу, магчыма, пад іншым дамэнам, калі не атрымаецца захаваць стары», — кажа Раман Маісей.

Паводле стваральніка сайту, мэта праекту — у папулярызацыя гісторы і культуры Беларусі. Нягледзячы на тое, што сайт зьмяшчае матэрыялы розных аўтараў з спасылкамі на навуковыя выданьні, Раман Маісей лічыць праробленую ім працу важнай:

Я чуў, што ёсьць гранты, якія могуць выдавацца на такога кшталту адукацыйныя праекты, але мяне ніхто не падтрымаў

«Якасна падаць археалягічны матэрыял — вельмі сур’ёзная задача, там шмат малюнкаў выкарыстоўваецца, схем, дыяграм. Найперш гэтым сайтам карыстаюцца студэнты-гісторыкі. Праз зваротную сувязь я атрымліваю паведамленьні ад іх. Некаторыя пішуць, што толькі гэтым сайтам і карыстаюцца на працягу пяці гадоў вучобы падчас падрыхтоўкі да заняткаў і іспытаў».

Раман Маісей прызнаецца, што, калі пачынаў рабіць сайт самастойна, ён усё ж разьлічваў на пэўную падтрымку для свайго пректу ў будучыні:

«Я чуў, што ёсьць гранты, якія могуць выдавацца на такога кшталту адукацыйныя праекты, але мяне ніхто не падтрымаў. Я пабачыў, што на сайт траціцца вельмі шмат часу і сілаў, ня кажучы ўжо пра тое, што існаваньне сайту ў інтэрнеце каштуе мне 300 даляраў штогод. Цяпер я ня маю такіх грошай, каб трымаць сайт далей».

Раман Маісей выказаў падзяку тым, хто яму дапамагаў, асабліва навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук і Музэю старажытнабеларускай культуры, а таксама ўсім сталым наведнікам «Спадчыны Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG