Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» — на трох міжнародных кінафэстывалях


Каманда "Жыве Беларусь!" падчас прэм'еры ў 2013 годзе

Каманда "Жыве Беларусь!" падчас прэм'еры ў 2013 годзе

Раней фільм узяў удзел у 25 міжнародных кінафорумах і атрымаў 8 узнагародаў, у тым ліку гран-пры ў Стамбуле і Вене.

У польскай Лодзі адбываецца Форум эўрапейскага кіно «Cinergia». У конкурснай частцы фэстывалю ўдзельнічаюць самыя моцныя дэбюты эўрапейскіх рэжысэраў. Галоўны прыз — «Крышталёвы човен». Сярод конкурсных фільмаў — польска-беларуская стужка «Жыве Беларусь!»

Паказ фільму, які апавядае пра палітычныя падзеі ў Беларусі 2009-2010 гадоў, адбыўся 8 лістапада.

Размова з гледачамі пасьля паказу ў Лодзі. Фота Andrzej Tokarczyk

Размова з гледачамі пасьля паказу ў Лодзі. Фота Andrzej Tokarczyk

У паказе і дыскусіі ўзяў удзел выканаўца галоўнай ролі Дзьмітры Вінсэнт Папко. Паводле яго словаў, публіка цёпла прыняла фільм:

«Людзі вельмі ажыўлена рэагавалі. Пасьля паказу многія задавалі пытаньні, што зьмянілася ў краіне, што цяпер адбываецца ў Беларусі», — распавёў Вінсэнт.

22 лістапада Вінсэнт прадставіць фільм «Жыве Беларусь!» на іншым фэстывалі «Поўны мэтар», які адбываецца ў польскім Любліне.

15 кастрычніка фільм быў паказаны на міжнародным кінафэстывалі «Пад высокім замкам» ва ўкраінскім Львове.

Акрамя гэтага, у кастрычніку «Жыве Беларусь!» удзельнічаў у конкурсе фэстывалю польскага кіно ў амэрыканскім Лос-Анджэлесе. Яшчэ раней фільм паказвалі ў Чыкага, Нью-Ёрку і Вашынгтоне. На кінафэстывалі ў Нью-Ёрку фільм быў адзначаны адмысловым прызам журы.

Мапа краінаў, дзе паказвалі «Жыве Беларусь!»:

Фільм паказвалі на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча),Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва), Насау (Багамы), Гоа (Індыя) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Фільм (афіцыйны год выданьне 2013) апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».

XS
SM
MD
LG