Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея вярнула ў Беларусь больш за 16 тон прадукцыі Слонімскага мясакамбінату.

Гэтым разам прэтэнзіі да ялавічыны тлумачацца яе праблемнай сэртыфікацыяй. Рассельгаснагляд сёньня паведаміў, што яго супрацоўнікі спынілі на расейска-беларускім участку адміністрацыйнай мяжы, разьмешчаным у вёсцы Даласцы, фургон, які перавозіў зь Беларусі 16 тон ялавічыны, вырабленай Слонімскім мясакамбінатам. Тавар суправаджаўся вэтэрынарным сэртыфікатам Мытнага саюзу, які выдала беларуская дзяржаўная вэтэрынарная служба. Аднак тавар затрымалі з той прычыны, што раней здараліся выпадкі фальсыфікацыі суправаджальных сэртыфікатаў. Мяса вернутае ў Беларусь.

Дырэктар дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі Васіль Півавар патлумачыў агенцтву «Інтэрфакс-Запад», што ў выпадку са Слонімскім мясакамбінатам сэртыфікат не выдаваўся, падробкай аказаліся паперы, якія былі ў кампаніі-перавозчыка.

Раней расейскія вэтслужбы выказвалі прэтэнзіі да прадукцыі Аршанскага, Бабруйскага, Магілёўскага і Менскага мясакамбінатаў. У іх вырабах нібыта быў выяўлены «геном афрыканскай чумы сьвіней». Беларускія незалежныя спэцыялісты называлі гэтую прэтэнзію няслушнай. А міністэрства сельскай гаспадаркі патлумачыла, што вірус афрыканскай чумы мог паходзіць з імпартнай сьвініны. Беларусь прыпыніла пастаўкі ў Расею сьвініны і прадукцыі зь яе да 11 лістапада, калі ў Маскве на адмысловай сустрэчы беларускі бок павінен прадставіць вынікі расьсьледаваньня.

Рассельгаснагляд 10 лістапада таксама паведаміў пра выяўлены генэтычны матэрыял віруса афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) у беларускай мясной прадукцыі.

Гэтым разам АЧС знайшлі ў пробах каўбасы «Смачная мясная», двух пробах рулькі вэнджанай і ў пробах каўбасы «Мартадэла», вырабленых Бабруйскім мясакамбінатам, і ў пробах салямі «Імпэрская», «Царская» і «Украінская», а таксама шпіку сьвіной вытворчасьці Магілёўскага мясакамбіната. Прадукцыя была пастаўлена ў Разанскую і Маскоўскую вобласьці Расеі.

11 лістапада адбудзецца пазачарговая рабочая сустрэча кіраўніцтва Рассельгаснагляду і дзяржаўных вэтэрынарных службаў Беларусі і Казахстана. Будзе абмеркаваньня сытуацыя, зьвязаная з вытворчасьцю ў Беларусі і пастаўкамі ў іншыя краіны Мытнага саюза значных аб’ёмаў мясной прадукцыі з выкарыстаньнем сыравіны, атрыманай з жывёл, інфікаваных вірусам АЧС, адзначае Рассельгаснагляд.

Расейскі бок плянуе таксама абмеркаваць «задачы па спыненьні незаконнага рээкспарту ў Расею харчовай прадукцыі Эўразьвязу», якая патрапіла пад эмбарга.

XS
SM
MD
LG