Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Ігара Пцічкіна працягвае шукаць праўду пра сьмерць сына ў СІЗА


Жанна Пцічкіна

Жанна Пцічкіна

Жанна Пцічкіна, маці памерлага 4 жніўня 2013 году ў СІЗА на Валадарскага 21-гадовага Ігара Пцічкіна, накіравала дзьве скаргі — адну на імя старшыні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Валянціна Шаева, другую — на імя генэральнага пракурора Аляксандра Канюка.

У скарзе на імя старшыні Сьледчага камітэту Жанна Пцічкіна просіць адмяніць падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі, якую яе прымусілі падпісаць летась у жніўні, бо афіцыйныя і неафіцыйныя зьвесткі пра справу Ігара Пцічкіна, у прыватнасьці — пра прычыны сьмерці, распаўсюдзіў сам Сьледчы камітэт. У чэрвені афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова паведаміла, што «атрыманыя доказы сыстэматычнага ўжываньня Пцічкіным курыльных сумесей, якія ўтрымліваюць наркатычныя і псыхатропныя рэчывы, у 2011–2013 гадах». Маці нябожчыка гэта абвяргае. Ня згодная яна і з высновамі сьледзтва, што «з матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненьні да Пцічкіна выкарыстаньня гвалту, фізычнай сілы і спэцсродкаў у пэрыяд знаходжаньня яго ў СІЗА ня выяўлена».

Да таго ж дагэтуль ня вызначана прычына сьмерці Ігара Пцічкіна. Зацягваюцца тэрміны расьсьледаваньня, няма вынікаў паўторнай экспэртызы.

У скарзе на імя генэральнага пракурора А.Канюка Жанна Пцічкіна просіць правесьці паўторную праверку дзеяньняў Сьледчага камітэту паводле часткі 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэксу — «Паклёп». Паводле Жанны Пцічкінай, на яе сына Сьледчы камітэт узьвёў паклёп, зрабіўшы алькаголікам і наркаманам. У той жа час канчатковага заключэньня аб прычынах сьмерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА дагэтуль няма.

Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

15 траўня 2013 году суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў Ігару Пцічкіну тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраваньне аўтамабілем у пэрыяд, калі ён быў пазбаўлены правоў. 30 ліпеня малады чалавек сам прыбыў у Заводзкі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцьця пакараньня ў СІЗА № 1.

4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр. Паводле папярэдняй вэрсіі, сьмерць наступіла ад спыненьня сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.

XS
SM
MD
LG